Пачынаўся летні спякотны дзень. Нядзеля. Мне заўсёды падабаўся гэты дзень, бо ў нядзелю мая бабуля Марыя ўставала раненька і гатавала ў печы смачныя стравы, а калі мы з дзядулем прачыналіся, засцілала ложкі прыгожымі пакрываламі і шырока расчыняла вокны ў хаце. Дзядуля ўключаў радыёпрыёмнік, з якога ліліся мілагучныя песні, і ўся сям’я сядала снедаць. Так было і ў тую нядзелю. Пасля сняданку дзядуля чытаў газету, седзячы на канапе. Я прыстроілася побач з ім і разглядала прыгожыя малюнкі ў кніжцы – ілюстрацыі да вершаў пад імі. Чытаць я яшчэ не ўмела, але вывучыла ўсе тыя вершы на памяць, бо дзядуля часта чытаў іх мне. Затым апранула святочную лёгенькую сукенку, абула новыя сандалікі і выйшла з хаты на двор, пагуляла крыху. Сонейка зранку моцна прыпякала і мне захацелася папіць бабулінага хлебнага квасу. Але тут я ўспомніла, што ля хаты нашай родзічкі бабы Ганны даспяваюць на вялікіх кустах чырвоныя парэчкі, кісленькія ды такія смачныя. Ганніна хата знаходзілася адразу за суседскай, Сцяпанавай, таму я, не выходзячы на вуліцу, падалася напрамкі праз агарод. Дайшоўшы да Сцяпанавага плота, я заўважыла, што ў двары знаходзіцца сабака. Сцяпан прынёс Шарыка з суседняга сяла маленькім шчанюком. Праз некалькі год Шарык ператварыўся ў прыгожага рыжага сабаку з бліскучай поўсцю. Ён быў добрым вартаўніком і не пускаў у свой двор ніводнага чужака. Стоячы ля Сцяпанавага плота, я назірала, як Шарык падсілкоўваўся з міскі, што стаяла каля будкі. Потым ён папіў вады і паплёўся ў свой “домік”. Вялікай і прасторнай была будка і стаяла яна пад густым кустом бэзу, таму Шарыку было пэўна не горача ў ёй. Я пастаяла яшчэ некалькі хвілін і, забыўшыся пра чырвоныя парэчкі, праціснулася праз невялікую дзірку ў плоце на Сцяпанаў двор: так хацелася паглядзець, як жывецца Шарыку ў будцы! Я лягла жыватом на цёплы жоўты пясочак, што быў вакол буды, і напалову ўлезла туды. Шарык, лежачы на мяккай посцілцы, пачынаў драмаць. Сустрэў ён мяне не вельмі дружалюбна, пачаў бурчаць. Я пагладзіла яго лапы, і сабака супакоіўся, пачаў лізаць мае маленькія ручкі сваім шурпатым языком. Потым я аб нечым ціхенька гаварыла з Шарыкам, нават свой любімы верш пра мядзведзя яму расказала, а ён ляжаў і слухаў. Праз некаторы час я заснула, а Шарык нават не зварухнуўся.
У гэты час дзядулев двары забілі трывогу: прапала дзіця. Бабуля з дзядулем шукалі мяне ў дварах маіх сябровак, ля рэчкі, дзе купалася дзетвара, на чыгунцы, якая пралягала паблізу вёскі, заглядвалі ў калодзежы з нізкім зрубам. Карацей кажучы, шукалі мяне, дзе толькі маглі, але ніхто нідзе мяне не бачыў. Родзічы мае ўжо збіраліся званіць з адзінага ў вёсцы школьнага тэлефона ў міліцыю.
Пра Сцяпанаў жа двор у бабулі з дзядулем і думкі не было: усе ведалі, што Шарык нікога ў двор не пусціць.
Дзесьці ў поўдзень Сцяпанава жонка цётка Вольга выйшла з хаты з вядром, у якім была ежа для парсюка. Зірнуўшы на сабачую будку, з якой тырчалі дзіцячыя ножкі ў сандаліках, цётка самлела, выпусціла з рук вядро і, страціўшы прытомнасць, упала ля плота. Дзядзька Сцяпан, убачыўшы гэта, выбег з хаты, падхапіў жонку і пачаў распытваць, што здарылася. Цётка не змагла вымавіць ніводнага слова і толькі паказала рукою на сабачую будку. Сцяпан жахнуўся. У галаве пранеслася маланкаю думка: “Няўжо Шарык зрабіў страшэнную бяду?” Дзядзька падбег да будкі, выхапіў мяне адтуль і пачаў аглядаць маю белакурую галоўку, плечы, ручкі. А Шарык цёрся аб ягоныя ногі, весела павізгваў, нібы хацеў сказаць гаспадару: “Не турбуйся, усё ў парадку”. Сцяпан дрыжачымі рукамі абняў мяне і сеў на лаву пад хатай. Я прачнулася і заплакала. “Не плач дзіцятка, зараз пойдзем дамоў”, – супакойваў мяне дзядзька. Колькі радасці было ў маіх бабулі з дзядулем, калі ўбачылі Сцяпана, які нёс мяне на руках. “Дзе ты яе знайшоў?” – спыталіся яны. “З маім Шарыкам у будцы спала”, – адказаў Сцяпан. Не паверылі. “Так, так, з Шарыкам”, – паўтарыў Сцяпан.
З тае пары мне не дазвалялі хадзіць да Сцяпанавага плота, але я ўсё роўна ўпотайкі бегала туды і частавала свайго сябра Шарыка чым-небудзь смачненькім. Ён жа, каб аддзячыць мне, лізаў языком мае маленькія ручкі.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%