Состоялась встреча выпускников спецшколы-интерната

Состоялась встреча выпускников спецшколы-интерната

25 чэрвеня з розных куткоў Беларусі, а таксама Украіны і Расіі прыехалі на сустрэчу ў Жабінкаўскую спецшколу-інтэрнат выпускнікі 1971 года. Гэта быў апошні выпуск ранейшай школы-інтэрната, адкрытай для дзяцей-сірот, хлопчыкаў і дзяўчынак са шматдзетных і няпоўных сем’яў. На працу ў школу набіралі настаўнікаў і рабочы персанал у 1959 годзе, а ў студзені наступнага года прыехалі першыя вучні. Да іх прыезду педкалектыў рыхтаваў вучэбны і спальны карпусы (гэта будынкі былога райкама КПБ і сённяшняга райвыканкама). Настаўнікі вывучалі асабістыя справы дзяцей, іх псіхалагічны і фізічны стан, акты абследавання ўмоў, у якіх будучыя выхаванцы жылі раней. У нас, педагогаў, іншы раз набягалі слёзы: як можна дзіцяці жыць у такіх умовах? Сярод іх было нямала сірот пры жывых бацьках.
Даўно тое было. Паступова наладзіліся жыццё і вучоба ў школе, многія выпускнікі потым заканчвалі ВНУ і тэхнікумы, уліваліся ў працоўныя калектывы краіны. Родную школу, якая стала іхнім домам, не забылі. Сімвалічным быў падарунак школе ўжо ў новым профілі ад выпускніка Васіля Канстанцінавіча Лаўрыновіча, зараз педагога абласнога кадэцкага вучылішча пад Баранавічамі і фатографа-аматара: на здымку сярод лісця і кветак — птушынае гняздзечка, у якім чатыры жаўтаротыя птушаняці, а над імі іхняя мама з кормам у дзюбе. Дарэчы, каб зрабіць гэты здымак, Васіль Канстанцінавіч доўга прыручаў птушку.
Чалавек ён заслужаны: узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, быў дэлегатам Усесаюзнага з’езда работнікаў адукацыі ў 1988 годзе. А яшчэ ён піша вершы і ў той дзень прачытаў адзін з іх, прысвечаны Ганне Сцяпанаўне Клімук, якая была ў іх выхавальніцай ад першага класа і да выпускнога вечара.
Нам всегда скажут: «Милости просим», —
В доме уютном под номером восемь.
Встретит, как добрых и старых приятелей,
Анна Степановна — наш воспитатель…
У доме, дзе жыве яна, мы таксама пабывалі, аднак асноўная сустрэча праходзіла ў спецшколе-інтэрнаце на вуліцы Свабоды, 5. Хораша было і тут! У зале панавалі цеплыня і любоў. Дырэктар установы Аляксандр Андрэевіч Кавальчук пазнаёміў гасцей з архіўным пратаколам пасяджэння педсавета ад 26 чэрвеня 1971 года, у якім значыцца, што школу закончылі і атрымалі атэстаты сталасці 32 вучні. Потым пачаліся ўспаміны, расказы пра тое, як у каго склалася жыццё пасля. Неацэнным дарам валодае былая работніца нашага райспажыўтаварыства Галіна Мікалаеўна Лук’яновіч: у яе шасцёра ўнукаў, якімі яна ганарыцца і даражыць. Цікава, што ў гэтым, апошнім выпуску склаліся тры сямейныя пары. Сям’я Святланы Піліпчук і Мікалая Луцэвіча жыве ў Зорным гарадку пад Масквою. Святлана казала, што ў іх сям’і ёсць свой статут, сутнасць якога — рабіць дабро для іншых людзей, бо яно ж вяртаецца да тых, хто яго паслаў. Анатоль Іванавіч Лучынскі з жонкай Святланай працягваюць служыць клятве Гіпакрата ў Кобрыне. Адкрылі сваю справу, практыкуюць індывідуальны падыход да хворага. Някепска зарабляюць, аднак палавіну грошай аддаюць на пастаянную самаадукацыю. А з Магілёва прыехала цэлая сям’я: дачка і зяць прывезлі бацьку-інваліда, выпускніка школы Уладзіміра Дзьячка, а таксама маму. На паездцы настаяў перш за ўсё бацька.
Вучыліся ў школе два браты Аксёнавы: Уладзімір, старэйшы, і Вячаслаў. Пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы Вячаслаў працуе ў праектным бюро ў Брэсце. У Жабінцы таксама ёсць будынкі, узведзеныя паводле яго праектаў. На сустрэчы Слава выказаў здзіўленне: як Ганна Сцяпанаўна магла ведаць, што ён стане добрым сем’янінам. Аказваецца, усё проста: настаўніца пастаянна рабіла гэты пасыл, унушала гэтую прыгожую думку. Бо і сама з прыгожаю душой. Яна і добрымі словамі, і ўчынкамі была ўзорам для выхаванцаў.
Пра выпускнікоў можна расказваць бясконца. Лідзія Сергяевіч была энергічнай дзяўчынкаю і добрай вучаніцаю. Пасля заканчэння Львоўскага політэхнічнага інстытута працавала ва Украіне на розных кіруючых пасадах. Многія дзўчынкі гэтага класа атрымалі фінансавую і гандлёвую адукацыі: Надзея Гелемент, Марыя Коўшык, Раіса Лысюк, Тамара Панасюк і іншыя. Марыя Сяргееўна Дземідзюк працуе і цяпер, яна дырэктар гандлёвага цэнтра ў Брэсце. Прыехаў на сустрэчу Іван Іванавіч Віхноўскі, хаця ён пакінуў школу пасля заканчэння васьмі класаў. Прапусціць сустрэчу са сваім дзяцінствам не мог, тым болей, што яму трэба было выказаць падзяку Вікторыі Анатольеўне Ліс за тое, што падрыхтавала яго малодшую сястру да паступлення ў інстытут замежных моў.
…Экскурсія па школе з цяперашнім яе дырэктарам прыемна здзівіла і ўсхвалявала гасцей, пакінула добрыя ўражанні ад тых зменаў, што адбыліся тут за сорак гадоў. Абноўленыя вучэбны і спальны карпусы, харчблок і астатнія гаспадарчыя пабудовы. Усюды ўтульнасць і чысціня. Гэта не можа не выклікаць пачуцця глыбокай павагі да людзей, чыімі рукамі прыгажосць і дабрабыт ствараюцца. Мне пашчасціла пачуць, як нехта з прыезджых сказаў: “Я цалаваў бы гэтую зямлю…”
Р.Маргевіч.
На здымку: выпускнікі Жабінкаўскай спецшколы-інтэрната 1971 года.
Фота В.Лаўрукевіча.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 2%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top