Аптычны падман і казачнае падарожжа

З якім нецярпеннем мы чакалі вясенніх канікулаў пасля такой неверагодна доўгай трэцяй чвэрці! І вось, як узнагарода, тыдзень адпачынку. Наша класны кіраўнік Алена Васільеўна Ануфрыюк прапанавала на канікулах здзейсніць фантастычнае падарожжа ў казку. А знаходзіцца яна, як аказалася, побач – у Брэсцкім гандлёвым цэнтры “Дзідас Персія”.
Вялізны люстэркавы лабірынт “Алиса в Зазеркалье” адчыніўся восенню, і ў ім пабывалі многія жадаючыя адчуць сябе той самай бясстрашнай Алісай з казкі Льюіса Кэрала, якая трапляла ў самыя розныя сітуацыі.
Мы адразу неяк і разгубіліся ў люстэркавым лабірынце з мноствам дарожак, што вядуць у тупікі, і толькі адна – да дзвярэй, на якіх вісіць белая вяровачка. Патузаеш за яе – дзверы да выхаду і расчыняцца. Ілюзія аптычнага падману збівае з правільнага шляху. Уразілі нас светлавое і гукавое афармленне. Нашы дзяўчынкі, аказваецца, крыху спалохаліся, калі недзе над самым вухам раздаваўся голас чашырскага ката. Белыя наклейкі ў выглядзе зайца (памятаеце яго ў кнізе?) абяцалі: “Выхад там”. Аднак гэта часта аказвалася ілюзіяй.
Нам, хлопчыкам, выхад удалося знайсці даволі хутка, а вось дзяўчынкі (ну, і дзе іх жаночая логіка?) блукалі доўга. Расказвалі, што набілі нямала шышак (і гэта праўда: у тупіках мы пастаянна натыкаліся на люстэркі). Добра, што ўсім наведвальнікам выдавалі пальчаткі – каб не пэцкаць рукамі люстэркі. Увогуле, лабірынт вельмі цікавы.
Потым мы гулялі па вуліцы Савецкай, фатаграфаваліся ля шматлікіх скульптур (і чаму б такімі не ўпрыгожыць нашу Жабінку?), ласаваліся марожаным і салодкімі кактэйлямі ў кафэ. Адпачынак нам вельмі спадабаўся!
Дзіма КІСЛЫ, навучэнец 5 “А” класа СШ № 2 Жабінкі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.