Город празднует

Город празднует

Лёгка вызначыць, калі ў твой горад уваходзіць свята. Найпершая прыкмета — нават не рознакаляровыя сцяжкі і гукі музыкі наўкола, не гарэзлівыя танцы з песнямі і гульнямі, а бесклапотны смех і святочны настрой у вачах дарослых і дзяцей. Менавіта такім стаў Дзень горада, які ў суботу 23 ліпеня святкавалі жабінкаўцы.
Напярэдадні гараджане, як звычайна, прыгадваюць ліпеньскія дні сорак чацвёртага, калі наш край быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Колькі б гадоў не мінула з часу тых напружаных баёў, удзячныя нашчадкі прыходзяць 21 ліпеня да помніка воінам-вызваліцелям. Кветкі да мармуровых пліт і Вечнага агню — даніна памяці загінулым за свабоду, за магчымасць штогод адзначаць дзень роднага горада ў незалежнай краіне. Гэтыя ўрачыстасці традыцыйна становяцца своеасаблівым пачаткам для святкавання.
Месцам, дзе змаглі адпачыць жыхары і госці райцэнтра, стаў гарадскі парк, у якім працавалі дзіцячыя атракцыёны і раскінуліся гандлёвыя кропкі.
Менавіта адсюль, ад рэчкі Жабінкі, некалі пачынаўся наш горад. Ужо не менш за два стагоддзі бруяе ў гэтым кутку беларускай зямлі жыццё, створанае працавітымі рукамі землякоў.
У пачатку свята малыя з весялосцю паўдзельнічалі ў гульнёвай праграме “Як Ліса хацела гусей сцягнуць”, што арганізавалі для іх работнікі Дома культуры Віктар Дзірын і Святлана Снітко.
Затым гледачы спяшаліся да летняй танцавальнай пляцоўкі, каб паназіраць за выступленнем жабінкаўскай рэп-групы пад кіраўніцтвам Славы Сініцкага.
Сапраўдным упрыгажэннем свята стаў канцэрт-віншаванне ад іванаўскага фальклорнага калектыву “Асалода”, што завітаў у Жабінку, каб сваім мастацтвам парадаваць гараджан, узняць іх настрой у гэты вечар. Ансамбль ужо шмат гадоў узначальвае Васіль Гарох, чалавек шчыра ўлюбёны ў рускія і беларускія народныя песні. Далёка гарэзлівае рэха разносіла прыгожыя галасы спевакоў старажытнай янаўскай зямлі, вядомых сваімі трапяткімі адносінамі да роднай спадчыны.
— Кахання — моцнага, вернага і абавязкова ўзаемнага, — зычылі госці, чые песні, несумненна, спадабаліся жабінкаўцам.
Таму слухачы не шкадавалі далоняў: іх апладысменты суправаджалі народныя спевы, і многія атрымалі сапраўдную асалоду ад цудоўнай “Асалоды”!
Вечар адпачынку для жыхароў горада завершыўся на танцпляцоўцы, дзе іграла любімая для многіх група “Аляксандр-парк”.
А.РОСТАЎ.
На здымках: у час святкавання Дня горада ў Жабінцы.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top