У цэнтры ўвагі – зберажэнне і ўмацаванне здароўя школьнікаў

Кожны раз, калі прысутнічаю на бацькоўскіх сходах у школах раёна, адзначаю: педагогаў і бацькоў хвалююць пытанні стану здароўя дзяцей. Па выніках медыцынскіх аглядаў летась з адхіленнямі ў стане здароўя выяўлена звыш 60 працэнтаў навучэнцаў гарадскіх школ раёна. Назіраецца павелічэнне колькасці школьнікаў з паніжанай вастрынёй зроку і скаліёзамі, пачынаючы з першага класа і да адзінаццатага. І калі ў навучальных установах праводзіцца мэтанакіраваная работа па прафілактыцы гэтых хвароб, то не ва ўсіх сем’ях створаны належныя ўмовы для правільнага абсталявання працоўных месцаў навучэнцаў. Маецца на ўвазе падбор мэблі ў адпаведнасці з роставымі дадзенымі, неабходная асветленасць, рацыён харчавання, кантроль за захаваннем рэжыму дня і забеспячэнне дастатковага па часе і паўнавартаснага па якасці сну.
Праверыць, ці падыходзіць мэбля па вышыні, можна з дапамогай “правіла прамых вуглоў”: у школьніка, які сядзіць, каленны, галенастопны і тазабедраныя суставы павінны быць сагнутыя пад вуглом 90 градусаў, рукі – ляжаць на стальніцы. Калі стол падыходзіць дзіцяці, яго плячо і перадплечча ўтвараюць прамы вугал.
Рабочы стол лепш паставіць насупраць акна. Гэта забяспечыць раўнамернае і натуральнае асвятленне ў светлы час сутак. Калі няма такой магчымасці, стол ставяць бокам да акна. У залежнасці ад таго, якой рукой піша дзіця, яго размяшчаюць так, каб святло з акна падала злева для праўшы ці справа для ляўшы. Для ўтварэння штучнага асвятлення лепш выкарыстоўваць настольную лямпу на гнуткай аснове.
Даследаванні вучоных паказваюць, што працягласць сну ў школьнікаў пачатковых класаў павінна складаць каля дзесяці гадзін, у дзяцей ва ўзросце ад 11 да 16 гадоў – не менш за восем. Падлеткам, старэйшым за 16 гадоў, нельга спаць менш за 7 гадзін у суткі. Найбольш спрыяльны час для вучэбных заняткаў дома ці ў школе з 9 да 13 і з 15 да 19 гадзін.
Вельмі важна арганізаваць правільнае харчаванне школьнікаў. Яны павінны атрымліваць гарачую ежу не менш за 3-4 разы ў дзень, сняданак пры гэтым абавязковы. Пры такім рэжыме харчавання дзеці лепш вучацца, у іх лепшая памяць і паказчыкі інтэлекту, яны радзей пакутуюць ад залішняй вагі.
Школьнікам неабходна кожны дзень атрымліваць малочныя прадукты. Патрэбна, каб бацькі звярталі ўвагу на тэрмін іх захоўвання, які не павінен перавышаць 14 дзён, на ўтрыманне дабавак і кансервантаў, што адмоўна ўздзейнічаюць на ныркі і печань. Вялікая колькасць дыятэзаў у дзяцей малодшага ўзросту ўрачы звязваюць з ужываннем у ежу ёгуртаў, ёгуртных напіткаў, тваражкоў з напаўняльнікамі і іншых падобных прадуктаў з працяг-лым тэрмінам захоўвання, якія ўтрымліваюць некалькі дабавак. Чым прадукт прасцейшы і больш натуральны, тым больш ён карысны для дзіцячага арганізма. Вялікую ўвагу неабходна надаваць дастатковай рухальнай актыўнасці школьнікаў і дазіраванай інфармацыйнай нагрузцы. Гэта значыць, патрэбна абмяжоўваць час знаходжання за камп’ютарам і тэлевізарам.
Бацькі павінны больш часу знаходзіць для зносінаў з дзецьмі, здзяйсняць сумесныя прагулкі, дапамагаць рашаць праблемы, а не толькі сварыцца і караць. Жаданне вучыцца, паспяховасць, здароўе і агульная праца-здольнасць дзяцей у многім залежыць ад бацькоў.
Уладзімір ЛАПУС, урач-гігіеніст Жабінкаўскага райЦГЭ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.