Канікулы – найлепшая пара для зносін з аднагодкамі, для новых уражанняў і сустрэч з невядомым. Падчас іх дзеці маюць магчымасць зняць псіхалагічнае напружанне, якое назапасілася за час вучобы. На вясновых канікулах у сярэдняй школе № 1 Жабінкі быў арганізаваны аздараўленчы лагер “Вясёлка” з дзённым знаходжаннем для 118 навучэнцаў 1-4 класаў.
Адкрылася змена ўрачыстай лінейкай. На ёй хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з рэжымам дня, правіламі і законамі лагернага жыцця. Падчас змены з выхаванцамі былі праве-дзены гульнёвыя праграмы ў ГДК “Мы такія розныя, але…” і ў раённай дзіцячай бібліятэцы “Разам весела крочыць”. Была арганізавана сустрэча з супрацоўнікам ДАІ Уладзімірам Сарокай, які правёў гутарку аб правілах бяспечных паводзінаў.
З асаблівым энтузіязмам выхаванцы прымалі ўдзел у спартландыях “Вясёлыя старты”, “Хутчэй, вышэй, мацней”, у рухомых гульнях і эстафетах. Хлопчыкі і дзяўчынкі паўдзельнічалі ў віктарынах “Хачу быць здаровым”, “Знаўцы дарожнага руху”, па казках, а таксама ў прафілактычным праекце “Правільная пастава – залог здароўя!”, пабывалі на экскурсіі ў школьным гісторыка-краязнаўчым музеі, наведалі мерапрыемствы, што ладзіліся ў раённай дзіцячай бібліятэцы, кінатэатры “Юбілейны”.
Завяршылася лагерная змена канцэртнай праграмай “Развітальны зарапад” і дыскатэкай “Танцуй і спявай, спявай і танцуй”. Упэўнена, шмат цікавых і запамінальных момантаў пакінула яна ў памяці навучэнцаў. Многія знайшлі новых сяброў, паказалі свае здольнасці і таленты, правялі з карысцю гэты час.
Аксана КЛУНДУК, старшы выхавальнік аздараўленчага лагера “Вясёлка”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%