Дар’я ЧЭРВЕНЬСКАЯ.
На працягу сакавіка на Жабінкаўшчыне праходзіла акцыя “Дзень бяспекі. Увага ўсім!”, прымеркаваная да Сусветнага дня грамадзянскай абароны. У яе межах работнікі Жабінкаўскага РАНС правялі комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне і ліквідацыю надзвычайных сітуацый сярод насельніцтва.
Падчас першага этапу акцыі комплексныя вучэнні прайшлі на камбікормавым заводзе, штабныя трэніроўкі былі арганізаваны ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і школе-інтэрнаце. З навучэнцамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна праведзены трэніроўкі па адпрацоўцы планавай эвакуацыі ў надзвычайнай сітуацыі, прадстаўнікі МНС выступілі на ўроках бяспекі. Настаўнікі пазнаёмілі вучняў з сігналамі грамадзянскай абароны і дзеяннямі пры аказанні першай дапамогі.
У рамках другога этапу супрацоўнікі РАНС наведалі бацькоўскія сходы ў трох гарадскіх адзінаццацігодках і Маціевіцкай базавай школе. Яны расказалі прысутным пра мэты і задачы акцыі, нагадалі агульнапрынятыя сігналы грамадзянскай абароны і правілы пажарнай бяспекі. Прадэманстравалі таксама тэматычны відэаролік, параілі ўсталяваць на мабільныя тэлефоны дадатак “МНС Беларусі: дапамога побач” і адказалі на пытанні.
Падчас завяршальнага этапу работнікі РАНС арганізавалі мерапрыемствы ў інтэрнатах цукровага завода, ЖКГ і ПМК-10. Быў адпрацаваны план эвакуацыі ў надзвычайнай сітуацыі: умоўна адбылося ўзгаранне пабудовы. Пасля гэтага з прысутнымі была праведзена гутарка на тэму “Пажарная бяспека ў побыце і на прадпрыемствах”, прадэманстраваны відэафільм “Увага ўсім!”, які яшчэ раз нагадаў алгарытм дзеянняў пры асноўных сігналах грамадзянскай абароны. Жадаючыя маглі ўбачыць пажарную аварыйна-выратавальную тэхніку і задаць пытанні работнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%