Кіраўніцтва Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і Генеральнай пракуратуры абмеркавала вынікі сумеснай работы ў рамках падпісанай у верасні мінулага года Дамовы аб узаемадзеянні.
Сярод найбольш абмяркоўваемых – праблемныя пытанні, звязаныя з парушэннямі тэрмінаў выплаты заработнай платы, вынікі работы па правядзенні сумесных прыёмаў грамадзян, а таксама перспектывы далейшага супрацоўніцтва.
Ключавой тэмай сустрэчы стала праблема запазычанасці арганізацый па выплатах зарплаты. Прафсаюзны маніторынг паказаў, што ў лютым бягучага года 203 арганізацыі дапусцілі парушэнні заканадаўства аб працы ў частцы выплаты заработнай платы. Пры гэтым у студзені прафсаюзамі было выяўлена 100 такіх арганізацый, гэта значыць колькасць даўжнікоў вырасла больш як у 2 разы. Гэта тэндэнцыя выклікае занепакоенасць як нацыянальнага прафцэнтра, так і органаў пракуратуры.
– Права на своечасовасць выплаты заработнай платы – адно з асноўных, – падкрэсліў начальнік упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасці прававых актаў Генпракуратуры Андрэй Мальцаў. – Гэта пытанне на асобым кантролі ў органаў пракуратуры. Толькі за мінулы год намі было прыцягнута да адміністрацыйнай, дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці больш за 1,5 тысячы службовых асоб.
Па дадзеных і прафсаюза, і пракуратуры, найбольш сур’ёзна пытанне запазычанасці у сельскагаспадарчай і будаўнічай сферах, а самым праблемным рэгіёнам была названа Віцебская вобласць.
– Сумесна з органамі пракуратуры ў красавіку мы наведаем Віцебскі рэгіён, каб дэталёва прааналізаваць сітуацыю на тых прадпрыемствах, дзе запазычанасць носіць хранічны характар, і паспрабуем знайсці магчымыя шляхі выйсця з сітуацыі, якая склалася, – рэзюмавала намеснік старшыні ФПБ Алена Манкевіч.
Варта адзначыць, што эфектыўнай формай работы ў дадзеным накірунку стаў прафсаюзны прававы прыём грама-дзян, які праводзіцца сумесна з органамі пракуратуры. Такія прыёмы дазваляюць выяўляць факты нясвоечасовай ці няпоўнай выплаты заработнай платы і тым самым спрыяюць прыняццю своечасовых мер па рашэнні праблемы.
На сустрэчы таксама абмяркоўвалася пытанне прыцягнення работнікаў да матэрыяльнай адказнасці за шкоду, прычыненую наймальніку пры выкананні працоўных абавязкаў. Было адзначана, што заканадаўства дапускае ўсталяванне абмежаванай матэрыяльнай адказнасці работнікаў за шкоду, прычыненую па іх віне, у калектыўным дагаворы. Аднак на тых, хто працуе па кантракце, указанае правіла не распаўсюджваецца – з іх у судовым парадку можа быць спагнана шкода ў поўным памеры. Дадзены падыход ставіць у няроўнае становішча членаў калектыву, якія працуюць па працоўным дагаворы і кантракце, паколькі за аднолькава прычыненую шкоду яны будуць несці розную ступень матэрыяльнай адказнасці.
У сваёй рабоце прафсаюзныя юрысты не раз сутыкаліся з фактамі, калі за нанесеную шкоду работнік караўся двойчы. Пры выяўленні кантралюючымі органамі парушэнняў спачатку работніка прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці (у выпадку яго вінаватасці), а затым наймальнік спаганяе з працаўніка ў судовым парадку штраф, ускладзены на юрыдычную асобу кантралюючымі органамі. Пры гэтым работнікі абавязаны выплаціць астранамічныя сумы, якія вылічаюцца сотнямі тысяч рублёў.
Па меркаванні ФПБ, такая практыка не адказвае прынцыпам сацыяльнай справядлівасці. Для рашэння праблемы Нацыянальны савет па працоўных і сацыяльных пытаннях накіраваў зварот у Вярхоўны суд з прапановай перагледзець судовую практыку спагнання штрафаў з работнікаў. Акрамя таго, для рашэння гэтага пытання нацыянальным прафцэнтрам былі распрацаваны прапановы па ўнясенні змен у Працоўны кодэкс. Прадстаўнікі пракуратуры пагадзіліся з тым, што дадзеная праблема патрабуе дэталёвага разгляду і заканадаўчага рашэння.
Падводзячы вынікі сустрэчы, бакі выказалі ўпэўненасць у далейшым супрацоўніцтве і сумесных дзеяннях па выяўленні і ўхіленні парушэнняў заканадаўства ў сферы працоўных адносін.
Узаемнае супрацоўніцтва мяркуе правядзенне сумесных мерапрыемстваў па наглядзе і грамадскім кантролі за выкананнем заканадаўства аб працы, ахове працы і прафсаюзах, сумесных прыёмаў (сустрэч) з грамадзянамі (работнікамі, працоўнымі калектывамі), а таксама абмен інфармацыяй і прапановамі па ўдасканаленні заканадаўства і праваўжывальнай практыкі. Так, у мінулым годзе з удзелам пракурораў у Брэсцкай вобласці адбылося 16 прафсаюзных прыёмаў грамадзян. Працягваецца сумесная работа і сёлета.
Вольга КАБЯК, загадчык прэс-службы Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%