Святлана БЯЛЯК.
Фотакалаж аўтара.
На календары вясна – час абуджэння прыроды, правядзення суботнікаў, навядзення парадку на зямлі.
Цікава, а як гараджане адносяцца да гэтай патрэбнай місіі? У мінулую суботу разам са спецыялістам па рабоце з насельніцтвам Жабінкаўскай ЖКГ Віктарам Цімафеевым абыходзім мікрараён у райцэнтры. Ён каменціруе:
– Нашы прыбіральшчыкі тэрыторый забяспечваюць чысціню на працягу года ля 32 шматпавярховак. У цэлым, лічу, горад наш чысты дзякуючы яшчэ і таму, што ля многіх дамоў апалую лістоту жыльцы прыбралі восенню. Адзінае, на што скардзяцца нашы дворнікі – пад балконамі валяецца шмат акуркаў і пачак ад цыгарэт, якія не выграбеш – даводзіцца паднімаць кожны рукамі.
Абышоўшы мікрараён, мы заўважылі ажыўленне ля дома № 5 па вуліцы Цэнтральнай: каля дзясятка чалавек выграбалі лісце ля дрэў, вымяталі дробнае смецце (і тыя ж акуркі) з газонаў ля пад’ездаў, на дзіцячай пляцоўцы, ля дывановых выбівалак.
– Жыльцы гэтага дома дружныя, – кажа Віктар Пятровіч. – Заўжды самыя першыя адкрываюць сезон суботнікаў. Праўда, штогод сярод рупліўцаў – адны і тыя ж нераўнадушныя пенсіянеры, якія “падключаюць” да чысціні моладзь – падрастаючых унукаў.
– Унесці сваю лепту ў чысціню горада можа кожны, – уключаецца ў размову немаладая бойкая жанчына з граблямі ў руках, якая назвалася Верай. – Месца, дзе жывем, трэба падтрымліваць у чысціні, і не трэба ківаць на камунальшчыкаў – маўляў, хай яны прыбіраюць. Ім і так клопатаў хапае. Лістоту вывезлі на трактары – і то добра, вялікі ім дзякуй. Вунь якая чысціня літаральна за дзве гадзіны. Любата!
За размовай і не заўважылі, як работнікі камунальнай службы ў яркіх камізэльках спрытна закінулі ў прычэп трактара кучу лістоты, паламаныя дошкі (відаць, вынес нехта з падвала), непатрэбны кухонны гарнітур, параўнялі насып пяску ў дзіцячай пляцоўцы. Ля пад’езда дома № 15 па вуліцы Цэнтральнай забралі аконныя рамы (мабыць, жыльцы ў кватэры ўстанавілі шклопакеты).
Рухаемся за трактарам далей. На вуліцы Моладзевай некалькі чалавек прыбіралі ля пад’ездаў. Леташняя трава, а заадно і змесціва смеццевых урнаў адправілася ў прычэп трактара.
– Ну вось, выдзелілі два трактары для вывазу смецця – і, як бачыце, яны амаль поўныя, – кажа Віктар Пятровіч. – Значыць, наш горад стаў яшчэ больш чыстым і ўтульным. Радуе, што жыльцы шматпавярховак адклікаюцца на нашы просьбы наводзіць парадак ля пад’ездаў, на стаянках, дзіцячых пляцоўках. А мы, у сваю чаргу, з задавальненнем выдзелім транспарт для вывазу смецця. Чарговыя суботнікі запланаваны на красавік.
Не прапусціце – далучыцеся да навядзення парадку на роднай зямлі і вы!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%