На Жабінкаўшчыне нямала людзей, якія нарадзіліся 1 красавіка – у Дзень смеху. Мы адшукалі некаторых і запыталіся, як гэта – святкаваць дзень народзінаў, калі ўсе лічаць, што гэта жарт.
Кірыл ПЯСЕЦКІ, СШ № 2:
– Мама расказвала, што я павінен быў нарадзіцца 17 красавіка, аднак, відаць, гэта не ўваходзіла ў мае планы (смяецца), і таму з’явіўся на свет першага красавіка. Матуля пазваніла тату, кажа, нарадзіўся хлопчык. Ён, зразумела, не паверыў, вырашыў, што мама пажартавала. Тут давялося мне гучна заплакаць у тэлефонную трубку, каб бацька нарэшце ўпэўніўся, што маміны словы – чыстая праўда. Шчыра кажучы, крыху няёмка кожны раз даказваць, што мой дзень нараджэння – не чарговы розыгрыш тыпу “А ў вас спіна белая”. Хоць я і нарадзіўся ў Дзень смеху – не люблю жартаваць і разыгрываць сяброў. Мне больш даспадобы плаванне, гісторыя, інфарматыка і праграміраванне. Думаю з ім звязаць сваю будучыню. Цяпер жаданым падарункам былі б камп’ютар самай новай мадэлі, тэлефон ці лепей – грошы.
Давід ФЕДЗЮКОВІЧ, СШ № 1:
– Мне хутка споўніцца 15 гадоў. Папрасіў бацькоў і родных не траціцца на падарункі – хачу атрымаць грошы. Мару ў будучым купіць аўтамабіль, вось і збіраю на яго. Нарадзіцца
1 красавіка – здорава, толькі часам незнаёмым людзям даводзіцца даказваць, што не жартую пра свой дзень народзінаў. Такая ж праблема і ў майго сябра Вані Здольніка з 9 “В”. Праўда, мы ўжо прывыклі да гэтага. Я люблю гумар, жарты, аднак на ўроках сур’ёзны.
Арцём ГВАЗДОЎСКІ, СШ № 1:
– З нецярпеннем чакаю дня нараджэння – абавязкова будзе торт з дзевяццю свечкамі. Мне ўжо дарылі веласіпед, канструктар “Лега”, мабільны тэлефон. Цяпер чакаю, што тата, мама і брат прэзентуюць мне гадзіннік з настроем, а цёця – айфон 5. Ён мне патрэбны, каб званіць, а не забаўляцца ў гульні. Цёця лічыць, што я варты дарагога мабільніка, бо маю спартыўныя дасягненні. Справа ў тым, што разам з братам займаемся плаваннем у Брэсце, і я заваёўваў
І, ІІ і ІІІ месца ў спаборніцтвах у сваёй узроставай групе. Люблю плаваць “дэльфінам” (нават пабіў абсалютны рэкорд у клубе), “кролем”. Падабаецца падарожнічаць – адпачываў ужо ў Балгарыі і ва Украіне. Калі вырасту, абавязкова пабываю ва ўсіх краінах свету. Да любой справы адношуся сур’ёзна, хаця мне ўсе гавораць, што раз нарадзіўся ў Дзень смеху, трэба ўсё ўспрымаць з гумарам.
Дзіма КАЗБЯЙЧУК, СШ № 3:
– Мой дзень нараджэння супадае з Днём смеху, і гэта весела. Праўда, ніхто не жартуе – падарункі родныя нясуць сапраўдныя. Былі ў мяне машынкі на пульце кіравання, ролікі, тэлефон. Цяпер, на сваё 10-годдзе заказаў тэлефон Xiaomi – у ім шмат цікавых гульняў.
Я чалавек па жыцці вясёлы, вельмі люблю жартаваць. Вось нядаўна, каб павесяліць малодшага браціка Арцёмку, кідаў пад стол шарыкі з вадой. Брацік ажно зайшоўся ад смеху, калі адзін шарык лопнуў і вада разлілася. А вось мамачка не ацаніла мой жарт і прымусіла ўсё прыбраць. У мяне цудоўныя бацькі. Мама пячэ смачныя пірагі, а тата вучыць катацца на роліках і на веласіпедзе. Хочацца яшчэ навучыцца іграць на гітары. У школе люблю літаратуру, матэматыку і фізкультуру, часта вучу вершы на памяць. Калі вырасту, абавязкова стану спеваком.
Юлія УЛАСЮК:
– Я – чалавек жыццярадасны, мо таму, што нарадзілася 1 красавіка. Люблю жартаваць, але сама часцей станаўлюся аб’ектам для жартаў, калі знаёмыя даведваюцца аб даце майго нараджэння. Памятаю, калі атрымлівала пашпарт, пачула ў свой адрас нямала кампліментаў і вясёлых пажаданняў, на ўездзе ва Украіну мытнікі таксама жартавалі. Ды чаго далёка ісці – нават любімы хлопец Васіль, які потым стаў маім мужам, доўга не мог паверыць, лічыў, што я яго разыгрываю, пакуль не паказала пашпарт. У цэлым гэтая дата жыццю не перашкаджае, наадварот, уздымае настрой.
Апытвала Святлана Кіслая.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%