Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.
У кінатэатры “Юбілейны” з ініцыятывы ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва Жабінкаўскага райвыканкама адбыўся кірмаш вакансій.
Працаўладкаванне – пытанне няпростае для многіх жабінкаўцаў. Некага задавальняе графік працы, аб’ём выконваемай работы, толькі скардзяцца на нізкую аплату за яе, іншыя, наадварот, гатовы пагадзіцца з нізкай аплатай –
абы толькі не трапіць у спіс беспрацоўных. Таму на кірмашы ва-кансій можна было сустрэць людзей самага рознага ўзросту і запытаў, ад студэнтаў да пенсіянераў. Некаторыя
з іх, як высвет-лілася, ужо мелі стабільныя заробкі, але жадалі знайсці больш высокааплачваемую работу, іншыя ўвогуле не мелі ніякай.
На што маглі прэтэндаваць беспрацоўныя? На кірмашы вакансій у гэты дзень патрабаваліся ў асноўным рабочыя. Напрыклад, ААТ “Арэпічы”, “Ракітніца”, “Хмелева”, “Мацеевічы”, “Азяты АГРА” маюць патрэбу ў жывёлаводах і трактарыстах, ПМК-10 пажадалі мець муляра. Былі на кірмашы таксама кадравікі іншых прадпрыемстваў. Так, у ТАА “Глорыфайн” патрэбны швачкі, ІП ЗАТ “Белс” (у раёне аэрапорта) – зборшчыкі мэблі, ТАА “Палікон” – будаўнікі ў Польшчы, ТАА “Будэкспарт” таксама зацікаўлена ў спецыялістах будаўнічай галіны, на ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” патрэбны прадавец і забойшчык скаціны. Бадай, найбольшую цікавасць выклікала ў наведвальнікаў кірмашу вакансій ТАА “Баншэ”, якое займаецца вырошчваннем шампіньёнаў. Ва ўсялякім разе запісалася некалькі чалавек, жадаючых працаваць там. Калі не ленавацца, то “на грыбах” можна нядрэнна зарабіць, дый падвоз да СЭЗ “Аэрапорт” арганізаваны. А вось жадаючых працаўладкавацца даяркай ці трактарыстам так і не знайшлося, хаця прапаноў ад сельгасарганізацый было нямала.
– На Жабінкаўшчыне 175 вакансій, – пракаменціраваў старшыня райсавета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк. – У раёне запатрабаваны прадстаўнікі будаўнічых спецыяльнасцей (арматуршчыкі, бетоншчыкі, муляры і г. д.), урачы, медработнікі, ветурачы, вадзіцелі, трактарысты-машыністы, электраманцёры па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання і інш. Аднак на рынку працы застаюцца такія праблемы, як дысбаланс попыту і прапановы працоўнай сілы, таксама ёсць катэгорыя жабінкаўцаў, якія не працуюць і не зацікаўлены ў гэтым. Ставіцца задача па максімальным стварэнні добра-зычлівых умоў для занятасці насельніцтва, прымаюцца дадатковыя меры для таго, каб чалавек легальна працаваў і зарабляў на жыццё. Асаблівая ўвага надаецца арганізацыі самазанятасці, прад-прымальніцкай, рамесніцкай дзейнасці.
Зрэшты, другая частка кірмашу вакансій прысвячалася самазанятасці беспрацоўных, непрацуючых грамадзян і іншых зацікаўленых, і ўсе жадаючыя маглі пачуць з вуснаў спецыялістаў тлумачэнні заканадаўства аб працы.
Думаю, вельмі карысным для непрацуючых жабінкаўцаў стала выступленне начальніка ўпраўлення па працы з плацельшчыкамі па Жабінкаўскім раёне Наталлі Храмцовай. Яна расказала, што, каб стварыць умовы для самазанятасці грамадзян, значна пашырыўся спіс відаў дзейнасці, вызначаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19.09.2017 № 337 “Аб рэгуляванні фізічных асоб”. І з пачатку года сталі на ўлік 35 жабінкаўцаў, якія плацяць адзіны падатак у залежнасці ад віду дзейнасці. Яны аказваюць цырульніцкія і касметычныя паслугі, прадаюць кветкі, рамантуюць вопратку і абутак, займаюцца рэпетытарствам, рамантуюць гадзіннікі, даглядаюць дзяцей, аказваюць будаўнічыя, музычныя паслугі, кладуць печы.
У той жа час у раёне за першы квартал зарэгістраваны 63 фізічныя асобы, якія займаюцца рамесніцтвам. Яны вяжуць, вышываюць, плятуць з бісеру, вырабляюць мыла, вітражы, пякуць торты-пернікі, займаюцца іншым (рамесніцкая дзейнасць уключае 27 найменняў). Рамеснікі маюць права выстаўляць на продаж свае вырабы, рэкламаваць іх у сетцы інтэрнэт, на кірмашах і г. д. Гэтыя майстры плацяць збор у памеры адной базавай велічыні за ажыццяўленне рамесніцкай дзейнасці.
Затым слова ўзяла Іна Варанчук, начальнік Жабінкаўскага раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Брэсцкага абласнога ўпраўлення, якая патлумачыла парадак уплаты абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Беларусі індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі асобамі, што ўплачваюць страхавыя ўзносы самастойна.
Некалькі пытанняў ад беспрацоўных паступіла ў адрас начальніка ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны Любові Селівонік. Жадаючым заняцца вырошчваннем маліны, адкрыць аграсядзібу паабяцана дзяржаўная падтрымка.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%