Яны імкнуцца да адзіноты

Яны імкнуцца да адзіноты

Аўтызм – захворванне, звязанае з парушэннем сацыяльнай адаптацыі чалавека, маўленчай функцыі, псіхічнага развіцця. У апошнія гады яму надаецца вялікая ўвага, бо колькасць пацыентаў з сіндромам аўтызму ўзрастае.
Дзіцячы аўтызм найбольш выразна праяўляецца ва ўзросце ад 2 да 5 гадоў. Пры ім назіраецца недастатковасць ці поўная адсутнасць патрэбы ў кантакце з тымі людзьмі, якія побач, аднастайныя паводзіны са схільнасцю да стэрэатыпных рухаў, расстройства маўлення, эмацыянальная халоднасць ці абыякавасць да блізкіх. Дзеці з сіндромам аўтызму імкнуцца да адзіноты, адчуваюць сябе лепш, калі іх пакідаюць адных. Яны гадзінамі могуць здзяйсняць адны і тыя ж рухі: перабіраць паперы, перасыпаць што-небудзь. Маўленне можа развівацца звычайна ці з затрымкай. Інтэлект у такіх дзяцей бывае або звычайным, або ў іх могуць назірацца нязначныя адставанні ў псіхічным развіцці. Пры зносінах яны не глядзяць у вочы таму, хто гаворыць. Адзначаецца таксама нераўнамернасць развіцця псіхічных функцый: памяці, увагі, мэтанакіраванасці. У канцы дашкольнага ўзросту паступова адбываецца сціранне некаторых праяўленняў ранняга дзіцячага аўтызму, а ў малодшым школьным узросце адбываецца трансфармацыя вышэйназваных сімптомаў у іншыя. Прагноз пры сіндроме ранняга дзіцячага аўтызму разнастайны: пры найбольш спрыяльным цячэнні можа пераходзіць у псіхапатыю, у горшым выпадку – у атыповую форму разумовай адсталасці.
Дзецям з расстройствам аўтычнага спектра неабходна сістэма спецыялізаванай дапамогі. Ім патрэбны асобныя ўмовы, формы і метады навучання. Важным фактарам лячэбна-рэабілітацыйнага працэсу з’яўляецца ступень удзелу бацькоў і эфектыўнасць узаемадзеяння спецыялістаў з бліжэйшым акружэннем дзіцяці. Карэкцыйная работа з такімі дзецьмі павінна насіць комплексны характар, куды ўваходзіць медыкаментозная, псіхалагічная і лагапедычная дапамога. Для кожнага аўтычнага дзіцяці неабходны індывідуальны падыход па падборы як фармакалагічных прэпаратаў, так і псіхолага-педагагічных стратэгій.
Марыя ВАЙЦЮК, урач псіхіятр-нарколаг Жабінкаўскай ЦРБ.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*