1 КРАСАВІКА – МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ ПТУШАК

 Птушка года – 2018: чорнагаловы шчыгол

Кампанія “Птушка года” арганізуецца і праводзіцца грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” з 2000 года. Шчыгол – 19-ы від птушак, які атрымаў гэтае ганаровае званне. Шчыглы насяляюць вырубкі, сады і гаі, якія чаргуюцца з адкрытымі месцамі. З ранняй вясны ў вандроўных чародах наступае ажыўленне. У красавіку яны разбіваюцца на пары і, у залежнасці ад месца пражывання, вышукваюць і выбіраюць гнездавыя ўчасткі. У вялікіх садах і гаях можна назіраць, як шчыглы, пералятаючы з месца на месца, выдаюць характэрныя гучныя гукі. У канцы мая яны памайстэрску будуюць гнёзды ў асноўным у кронах дрэў з розных дробных, тоненькіх карэньчыкаў раслін, моху і лішайніка, якія змацоўваюць павуціннем. Унутры гняздо высцілаюць пухам, поўсцю і дробным пер’ем. Яно мае форму паўшарападобнай чашы. Самка адкладае 4-5 блакітнавата-зеленаватабелых яек (шкарлупіна на тупым канцы яйка мае чырвоныя плямкі) і наседжвае іх 12-14 сутак. Птушаняты, якія з’явіліся на свет, знаходзяцца ў гняздзе 10-15 дзён і выкормліваюцца рознымі дробнымі лічынкамі насякомых і тлёй, чым прыносяць вялікую карысць для нашых садоў. Пакідаючы гняздо, першы час яны не адлятаюць далёка. Бацькі працягваюць іх падкормліваць яшчэ на працягу 6-10 дзён. Птушаняты ядуць насякомых, насенне конскага шчаўя, дзядоўніку, чартапалоху і іншае. За летні перыяд шчыглы збіраюцца ў невялікія чароды. Восенню і зімой яны вандруюць у пошуках корму. У шчыглоў вельмі прыгожыя спевы, якія ўяўляюць сабой звонкія трэлі. Іх звыш 20 варыянтаў.

Наталля ЯКІМАВЕЦ, галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.