Премьер дал ход новой мини-ГЭС

Премьер дал ход новой мини-ГЭС

Зграбны, ярка афарбаваны будынак не парушыў, а нават упрыгожыў краявід над Мухаўцом. Цяпер, згадваючы гідравузел №8 “Залуззе”, кожны нязменна будзе мець на ўвазе і малую гідраэлектрастанцыю пад такою ж назваю.
22 ліпеня мы прыехалі на МГС “Залуззе” яшчэ да яе пуску і паспелі пагутарыць з галоўным энергетыкам рэспубліканскага эксплуатацыйна-будаўнічага прадпрыемства “Днепрабугводшлях” (г.Пінск) Іванам Міхайлавічам Лінко.
— Тыдні два назад, — сказаў ён, — аўстрыйская фірма-пастаўшчык “Янд” правяла неабходныя пуска-наладачныя работы і апрабавала гідраагрэгат. Вынік такі: пры праектнай магутнасці 170 кілават электраэнергіі ў гадзіну турбіна выпрацавала больш чым 190. Гэта максімальны паказчык, а ў сярэднім станцыя, мяркуем, будзе выдаваць “на-гара” без асаблівых выксілкаў 180 кілават-гадзін электрычнай энергіі.
Узводзіць міні-ГЭС у Залуззі пінскія гідрабудаўнікі пачалі ў верасні мінулага года. 4,3 мільярда рублёў капіталаўкладанняў, частка якіх паступіла з дзяржбюджэту, паспяхова асвоена. Затраты, згодна з праектам, павінны акупіцца не больш чым за восем гадоў.
Пуск любога аб’екта — падзея запамінальная, таму яна сабрала нямала народу: тут спецыялісты Дняпроўска-Бугскага воднага шляху, кіраўнікі і спецыялісты нашага раёна на чале са старшынёй райвыканкама М.В.Токарам газетчыкі, тэле- і радыёжурналісты, жыхары і часовыя насельнікі абодвух санаторыяў. А 15-й гадзіне паяўляюцца аўтамашыны высокіх гасцей з Мінска. Прывітальнаю песняю дэлегацыю сустракаюць самадзейныя артысты Жабінкі. Перад чырвонай стужкаю каля будынка станцыі спыняюцца намеснік старшыні ўрада (віцэ-прэм’ер) Беларусі Анатоль Мікалаевіч Калінін, міністр транспарту і камунікацый Іван Іванавіч Шчэрба, генеральны дырэктар “Днепрабугводшляху” Іван Міхайлавіч Кіявец. Гендырэктар коратка дае характарыстыку залуззеўскай міні-ГЭС. Адзначае надзейнасць і высокую эфектыўнасць вертыкальна ўстаноўленага гідраагрэгата, разлічанага на работу ў аўтаматычным рэжыме. Выпрацаваная ім электраэнергія будзе збірацца трансфарматарнай падстанцыяй і адтуль паступаць у лініі электраперадач, сілкаваць, у прыватнасці, Жабінкаўскі раён (санаторыі ў тым ліку).
Пад воплескі ўсіх сведкаў урачыстасці А.М.Калінін, І.І.Шчэрба, І.М.Кіявец перарэзваюць чырвоную стужку і накіроўваюцца ў машыннае аддзяленне станцыі. Віцэ-прэм’ер націскае на кнопку “пуск” і дае ход агрэгату. Памятная падзея адбылася!
Пасля гэтага госці са сталіцы агледзелі суднаходны шлюз, які працягвае функцыянаваць незалежна ад МГЭС, іншыя збудаванні гідравузла №8, пазнаёміліся з дыяграмамі і табліцамі, што адлюстроўваюць ужо зробленае прадпрыемствам “Днепрабугводшлях” і яго планы. Міні-ГЭС “Залуззе” — трэцяя на Брэстчыне станцыя, пабудаваная ім. У дзяржпраграме на 2011-2015 гады— будаўніцтва МГЭС “Навасады” ў нашым раёне магутнасцю 180 кілават-гадзін (праектна-каштарысная дакументацыя будзе гатовая, магчыма, ужо сёлета) і “Стахава” на Століншчыне. Другая — на Прыпяці, там будзе ўстаноўлена некалькі турбін, і станцыя з’явіцца самай буйной у вобласці — разлічана аж на 960 кілават электраэнергіі ў гадзіну. Так што палескія рэкі пачынаюць працаваць на эканоміку краіны не толькі суднаходствам.
С.АКСЕНІН.
Фота А.Ганчука.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

  1. Сапр. жур. напісаў бы:
    1. Як склаўся лёс мініГЭС у Ляхавіцк. раёне (першая з серыі, спынілася з-за выроўнівання ўзроўню вады ў ДБК і рукаве)
    2. Чаму запазьніліся на месяц
    3. Наколькі лепшыя аўстыякі як партнёры за расійцаў

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top