“Звоняць званы Хатыні ў сэрцы кожнага беларуса…”

Дар’я НІКАНЧУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Пад такой назвай у дзіцячай школе мастацтваў прайшло мерапрыемства, прысвечанае гадавіне хатынскай трагедыі. Разам з яго вядучымі Валянцінай Славуціч і Юліяй Андрасюк прысутныя перанесліся ў той жахлівы дзень і сталі сведкамі вялікага гора шматпакутнай беларускай зямлі. На вечар памяці разам са сваімі настаўнікамі завіталі вучні трэцяй школы і гарадскога ліцэя.

– Мінулае ніколі не праходзіць бясследна, асабліва, калі гэта вайна, – заўважылі вядучыя. – Нават калі сам не перажыў яе, а ведаеш пра той суровы час толькі з кніжак, кінафільмаў, успамінаў блізкіх людзей, ветэранаў. Памяць народа – гэта яго гісторыя, гонар і сумленне. Яна павінна свята захоўвацца, перадавацца з пакалення ў пакаленне, як нязгасны факел вялікай любові да радзімы…
Арганізаваны на Жабін-каўшчыне вечар памяці стаў адным з тых агеньчыкаў, з якіх утвараецца магутнае полымя гэтага факела. Падчас жалобнай сустрэчы гаварылі пра мужнасць і непакорлівасць сыноў Беларусі, якіх фашысты маглі забіць, але не здолелі ператварыць у нявольнікаў, пра зверствы катаў над нашымі продкамі, пра Хатынь-пакутніцу і гаротную долю яе сястры – спаленую вёску Драмлёва.
Наступствы генеральнага плана “Ост” нясцерпным болем адгукаюцца ў сэрцах: перш за ўсё цяжар трагедыі абрынуўся на дзяцей, жанчын, нямоглых старых. За час акупацыі гітлераўцы правялі ў Беларусі больш за 140 карных аперацый, пасля якіх цэлыя раёны ператварыліся ў “зоны пустыні”. На жаль, многія з іх не змаглі адрадзіцца пасля вайны, паўстаць з попелу і напоўніцца гарэзлівым дзіцячым смехам.
На месце знішчанай Хатыні цяпер чуваць толькі жалобныя спевы званоў. Дзякуючы відэапрэзентацыі школьнікі змаглі пабываць на завочнай экскурсіі па мемарыяльным комплексе і ўбачыць яго знакамітую скульптуру “Няскораны чалавек”, у якой навекі застыў адзін са сведкаў той бяды Іосіф Камінскі – як сімвал вялікай роспачы і неверагоднай мужнасці нашага народа. Комплекс “Хатынь” – гэта помнік усім спаленым вёскам Беларусі і яе жыхарам, якія загінулі ад рук нацыстаў у гады вайны. І плыве над зямлёю народжаная хатынскімі званамі мелодыя, плыве як рэквіем у памяць мільёнаў расстраляных, павешаных, закатаваных продкаў.
Вядучыя нагадалі, што жудасная тэма спаленых вёсак знайшла адлюстраванне ў мастацкай літаратуры, кінематографе, музычных творах. З апошніх найбольш вядомыя Андрэя Мдзівані, Віктара Войціка, Кіма Цесакова. Галасы людзей, што выйшлі з агню, назаўжды застануцца ў дакументальнай трагедыі “Я з вогненнай вёскі…” Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка і кнізе Таццяны Падаляк “Нашчадкі вогненных вёсак”. Беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч напісаў “Хатынскую аповесць”, на аснове якой быў створаны сцэнарый кінафільма “Ідзі і глядзі”. Падчас сустрэчы школьнікі ўбачылі яго ўрывак, а таксама пачулі шмат вершаў розных аўтараў, якія ў сваіх творах пакінулі наказ наступным пакаленням:
Сэрца, слухай званы,
Помні ўсё, не астынь,
Як дагэтуль не стыне
На лясной лугавіне
Мая рана, мой боль,
Мая памяць – Хатынь.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*