Лукашэнка правёў сустрэчу з творчай моладдзю

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры правёў сустрэчу з творчай моладдзю.

У сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам прынялі ўдзел амаль 270 чалавек. У іх ліку студэнты рэспубліканскіх і рэгіянальных устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, прадстаўнікі вядучых творчых калектываў і маладыя творчыя работнікі. Сярод удзельнікаў мерапрыемства — лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, пераможцы абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў, удзельнікі творчых праектаў, рэспубліканскіх маладзёжных акцый.

На сустрэчу з кіраўніком дзяржавы таксама запрошаны педагогі, якія дабіліся выдатных вынікаў у рабоце з моладдзю.

У тэатры разгарнулася выстаўка-прэзентацыя работ і дасягненняў таленавітай моладзі. Выстаўка была прадстаўлена на трох інфармацыйных стэндах («Падрыхтоўка кадраў у сферы культуры», «Дзейнасць спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі», «Дзейнасць фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва») і ў чатырох тэматычных павільёнах. Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў дасягненні творчай моладзі, з якімі азнаёміўся на выстаўцы-прэзентацыі.

Лукашэнка адзначае высокую і адказную ролю прадстаўнікоў творчых прафесій у жыцці краіны

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з творчай моладдзю.

«Усё, што звязана з мастацтвам, заўсёды суб’ектыўна, а творчыя людзі чуллівыя і ранімыя. Таму часцей назіраю за вамі збоку і не спяшаюся даваць ацэнку. Але гэта не значыць, што не чакаю ад прадстаўнікоў творчых прафесій высокіх вынікаў. Ваша роля ў жыцці краіны высокая і адказная. Можа, нават больш, чым вы самі гэта ўсведамляеце», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта, сённяшняе мерапрыемства — унікальная падзея, паколькі з маладымі творчымі людзьмі, асабліва ў фармаце адкрытай размовы, яму ўдаецца бачыцца нячаста. «І з боку можа паказацца, што культуры, у сувязі з гэтым і мастацтву дзяржава ўдзяляе менш увагі, чым іншым сферам дзейнасці. Адразу скажу, гэта не так. Зроблена для вас многае, а што датычыцца таго, каб чалавек мог тварыць, — для вас зроблена ўсё», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў моладзі ёсць, дзе праявіць сябе і прадэманстраваць свае здольнасці, створаны прэзідэнцкія фонды для падтрымкі самых адораных і таленавітых. «Астатняе — у вашых руках», — заўважыў ён.

«Сустрэчы з моладдзю для мяне вельмі каштоўныя. Яны даюць магчымасць убачыць будучае нашай дзяржавы. Вам яго ствараць, удасканальваць і ахоўваць. Вашымі памкненнямі, марамі і, упэўнены, добрымі справамі Беларусь будзе жыць заўтра, — заявіў Прэзідэнт. — Дзе б вы ні праявілі сябе — у літаратуры, акадэмічным мастацтве, кіно, на тэлебачанні, эстрадзе, у танцы — вы будзеце дарыць людзям настрой, эмацыянальна ўзбагачаць іх і, галоўнае, фарміраваць духоўны каркас нацыі».

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што гэта дастойны і адказны шлях — весці свет за сабой, узвышаючы душы і выхоўваючы ў людзях пачуццё прыгожага. «Важна не звярнуць на дарогу лёгкай славы і бяздумнага пераймання», — перасцярог Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка моладзі: поспех — гэта не толькі лаўры і авацыі, але і вялікая сацыяльная адказнасць

Такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з творчай моладдзю.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, ствараючы новую дзяржаву, у Беларусі стараліся захаваць лепшую культурную спадчыну эпохі, каб дзяцей выхаваць на прыгожых прыкладах сапраўднага мастацтва. «Каб, выбіраючы творчую прафесію, яны разумелі: поспех — гэта не толькі лаўры, авацыі, папулярнасць, але і вялікая сацыяльная адказнасць. А сёння менавіта ад таго, як складзецца ваш творчы лёс, залежыць будучае краіны», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка патрабуе ад дзяржструктур не заставацца ўбаку ад раскруткі маладых талентаў

Такое патрабаванне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка агучыў на сустрэчы з творчай моладдзю.

«Разумею, што ў мастацтве і шоу-бізнесе настаў час менеджараў і прадзюсараў, якія запальваюць зоркі. Але дзяржаўныя структуры таксама не павінны заставацца ўбаку. Міністэрствам культуры, інфармацыі і адукацыі, а таксама тэлебачанню, радыё, друкаваным выданням трэба яшчэ актыўней далучацца да пошуку і раскруткі маладых талентаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прывёў у прыклад песенны конкурс «Еўрабачанне», пра які ў Беларусі шмат гавораць. «Гэта, вядома, папулярнае, прыгожае тэлешоу, і прадставіць Беларусь дастойна на ім важна. У нас жа ператварылі яго ў падзею стагоддзя, а тым часам нашы артысты оперы і балета, музыканты-віртуозы, народныя калектывы выступаюць на лепшых сусветных сцэнах. Замежная публіка іх ведае і цэніць. Але якія імёны шырока вядомы ў нашай краіне? І што мы зрабілі для гэтага?» — спытаў кіраўнік дзяржавы.

А ў Беларусі ж любяць класічнае мастацтва, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Праводзімыя ў краіне міжнародныя тэатральныя форумы, фестывалі зорак сусветнай оперы, балета, джазавыя канцэрты праходзяць з аншлагамі.

Асабліва важна, лічыць Прэзідэнт, пераламаць сітуацыю, звязаную з раскруткай маладых беларускіх талентаў, у Год малой радзімы.

«Адораныя людзі павінны быць вядомы і запатрабаваны перш за ўсё на сваёй зямлі.

І калі самі пра сябе не паклапоцімся, ніхто іншы гэтага не зробіць. Жадаючых пакрытыкаваць нас дастаткова і за межамі краіны. Пакінем ім гэту забаву. Сябе пачнём больш паважаць, сваіх — цаніць», — заклікаў кіраўнік дзяржавы.

Прыкладам павінны стаць культура і мастацтва. Тым больш беларусам ёсць чым ганарыцца, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. «І дня не хопіць, калі станем успамінаць усіх геніяльных людзей, якіх падарыла свету Беларусь. Славу многіх з іх дзеляць з намі еўрапейскія і заакіянскія краіны. Але галоўнае, што вытокі майстэрства гэтых вялікіх асоб тут. Гэта яна — наша родная зямля — натхняе і дае сілы», — заявіў Прэзідэнт.

«Так, нашы ззяюць за мяжой, і мы, быццам бы, не ўсіх іх ведаем. Але трэба разумець, што, калі б яны не загарэліся тут, яны там не заззялі б і не ззялі. Таму не трэба забываць вось гэту сувязь, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Не дрэнна, што яны там ззяюць, дрэнна, што мы пра іх даведваемся адтуль, а не тут спачатку».

У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускія артысты павінны быць вядомы і за мяжой. «Гэта твар нашай краіны, нашай Радзімы, нашай Беларусі. Ён павінен быць прыгожым. А прыгожым яго можаце зрабіць толькі вы», — сказаў ён.

Лукашэнка патрабуе ўдасканаліць сістэму выяўлення маладых талентаў у Беларусі

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што дзяржава здольна прадаставіць адораным маладым людзям, напрыклад, дарагія музычныя інструменты.

«Важна вызначыць здольных, таленавітых людзей, якім трэба дапамагчы», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Такая сістэма адбору ў мастацтве, спорце — самае складанае, дадаў ён. Прэзідэнт прызнаўся, што балее гэтай тэмай і запатрабаваў прымаць усе меры, каб не выпускаць з-пад увагі таленавітых маладых людзей і забяспечваць усім неабходным. «Гэта галоўнае», — перакананы ён. Такі першапачатковы штуршок патрэбны, каб чалавек паверыў у сябе і змог далей ісці па жыцці, рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі ёсць усе інструменты для падтрымкі, у тым ліку фонды, куды дзяржава не шкадуе грошай.

Лукашэнка: дзякуючы моладзі Беларусь павінна перастаць быць у сучаснай культуры terra incognita

«Я веру, што дзякуючы вашым пошукам і поспехам Беларусь перастане быць у сучаснай культуры terra incognita. Для гэтага трэба імкнуцца дарыць сваё мастацтва ўсяму свету, бо яно існуе па-за геаграфічнымі і палітычнымі межамі, яно інтэрнацыянальнае», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што перад маладымі талентамі адкрываецца шмат магчымасцей, і ў краіне толькі рады, калі прадстаўнікі беларускай творчай эліты знаходзяць прызнанне ў тым ліку і за мяжой. «Але вельмі сумна, калі разумееш, што нашым сучаснікам, каб праславіцца на Радзіме, трэба спачатку заявіць аб сваім поспеху за яе межамі. Чаму ж мы не ацэньваем па заслугах іх майстэрства да таго, як гэта зробіць замежная публіка? Гэта наша вялікая праблема. Карані яе, зноў падкрэслю, у набытым у 90-я гады памылковым пачуцці ўласнай непаўнацэннасці. Ёсць такая рыса ў нашага народа», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, менавіта такая пазіцыя кіруе тымі, хто да гэтага часу спрабуе сцвярджаць, што ўсё лепшае дзесьці там, за межамі нашых граніц. А побач яго не хочуць бачыць.

«У Беларусі ж створаны ўмовы для старту таленавітай моладзі. Захаваны школы прафесійнага майстэрства, у якіх паспяхова выкладаюць знакамітыя педагогі. Праводзяцца конкурсы і фестывалі.

Штосьці, магчыма, і ўпусцілі. Хочацца зразумець, у чым мы з дзяржаўнай пазіцыі не дапрацавалі. Ці ўсё ж нешта не так з нашым самаўспрыманнем, паважаннем сябе як нацыі?» — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што беларусы часта становяцца пераможцамі міжнародных фестываляў, у краіне праводзіцца і шмат нацыянальных конкурсаў, у іх ліку тэлепраекты «Я спяваю», «Акадэмія талентаў», «Талент краіны».

«Але як толькі тэлевізар выключылі, дзе гэтыя таленты? Чаму іх не відаць цяпер? Чаму яны не гараць, як зоркі? Яны, калі і зоркі, толькі ў сваім успрыманні: самі сябе называюць зоркамі і ўсё, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Толькі адзінкі далей атрымліваюць развіццё. У чым справа?»

Лукашэнка: трэба ўзняць статус гарадоў і вёсак, дзе нарадзіліся вядомыя дзеячы мастацтва Беларусі

«Трэба ўзнімаць нацыянальны здабытак, успамінаць тыя вялікія імёны. Галоўнае — успомніць аб сваім здабытку не толькі на словах, але і на справе», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што важна ўзняць статус гарадоў і вёсак, дзе нарадзіліся вядомыя беларусы, прыцягнуць туды замежных паклоннікаў высокага мастацтва, паказаць ім вытокі вялікіх твораў, якія сталі сусветнымі, і падарыць людзям свята.

«Ад міністэрстваў культуры, інфармацыі, адукацыі, а таксама сродкаў масавай інфармацыі я чакаю канкрэтных праграм дзеянняў, якія паставяць кропку ў гэтай тэме, і больш не трэба будзе тлумачыць, як гэта важна для нас жа саміх — любіць свой народ і сваю краіну. Як гаворыцца, шчаслівы той, хто знайшоў скарбы ў сабе», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Лукашэнка расказаў, як праводзіць свой водпуск

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў яго не бывае выхадных, часткова і таму, што не мае намесніка. «Я нават калі і адлучаюся на тыдзень, максімум на дзесяць дзён у так званы водпуск, на водпуск цэлая праграма. Дваццаць мерапрыемстваў, і ты думаеш: гэта водпуск або не. А гэтыя пытанні я павінен вырашыць і магу вырашыць толькі ў гэты перыяд», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прывёў у прыклад сваю паездку ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. «Я не люблю гарачае надвор’е, гэта не маё. Паўтара дня — і ўсё, потым мяне дадому цягне, — прызнаўся кіраўнік дзяржавы. — Таму ў мяне там пэўныя сустрэчы, звязаныя перш за ўсё з эканомікай, размяшчэннем нейкіх заказаў, знаёмствам з людзьмі, якія потым прыедуць, нешта адкрыюць».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, з прадстаўнікамі кампаніі Stadler, якая некалькі гадоў таму пачала вырабляць у Беларусі вагоны для чыгуначнага транспарту, ён пазнаёміўся ў час рабочага візіту ў Швейцарыю, які быў сумешчаны з кароткатэрміновым адпачынкам. «Раз пагаварылі, другі. Яны прыехалі і адкрылі вытворчасць. Яны ўжо гатовы інвесціраваць у новую вытворчасць», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што аддушынай для яго стаў спорт. «Я вам раю: займайцеся спортам. І вы будзеце нармальна выглядаць. Гэта немалаважна для любога чалавека, а для маладога тым больш», — падкрэсліў ён.

Лукашэнка расказаў аб сваіх любімых відах мастацтва

Паводле слоў Прэзідэнта, з вялікай колькасці відаў мастацтваў яму бліжэй за ўсё кіно і музыка. «Больш за ўсё люблю кіно», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, ён адзначыў, што ў студэнцкія гады займаўся фатаграфіяй. «Суткамі праседжваў у фоталабараторыі. Таму крыху ў гэтым разумею», — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка не выключае стварэння ў Беларусі міністэрства лічбавай эканомікі

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што прапановы аб стварэнні міністэрства лічбавай эканомікі яму паступаюць. «Хутчэй за ўсё, я такое рашэнне падтрымаю», — адзначыў ён.

Распрацоўку дэкрэта аб лічбавай эканоміцы Прэзідэнт назваў прыкладам творчага падыходу ў сваёй рабоце. Беларусь стала першай краінай, якая рызыкнула і прыняла сур’ёзнае рашэнне па развіцці ІТ-тэхналогій, лічбавай эканомікі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што праз кароткі час становіцца зразумела — трапілі ў кропку, за гэтым будучае.

«Такі элемент творчай рызыкі ў палітыка павінен прысутнічаць заўсёды», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: нагрузка ў школах не павінна быць роўная студэнцкай

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на праблеме празмернай нагрузкі школьнікаў. «Не трэба перагружаць дзяцей, не трэба іх рабіць у школе студэнтамі», — сказаў ён. На думку кіраўніка дзяржавы, у школах трэба выкладаць тое, што застанецца ў галаве пасля ўступлення ў дарослае самастойнае жыццё.

Вучні старшых класаў праводзяць у школе па 6-7 гадзін, некалькі гадзін ідзе на падрыхтоўку дамашняга задання. На спорт і хобі ў сучасных дзяцей часта не застаецца часу, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Праблемы ёсць і ў ВНУ, дзе цяпер скарачаюцца тэрміны падрыхтоўкі па шэрагу спецыяльнасцей. На думку Аляксандра Лукашэнкі, якасць вузаўскай адукацыі неабходна павышаць. «ВНУ павінна быць прыступкай да практычнай дзейнасці», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Лукашэнка: спакойна стаўлюся да таго, што Беларусь на «Еўрабачанні» будзе прадстаўляць украінец

«Я ў гэтым ніякага страху не бачу, асабліва калі гэта рускі чалавек ці ўкраінец, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта ж не забаронена? Не. За Беларусь можа выступаць украінец, рускі чалавек, і мы за кагосьці можам выступаць. Такое практыкуецца ў іншых краінах».

«Ведаеце, я інтэрнацыяналіст і патрыёт не меншы, чым вы, маладыя людзі. Тое, што Беларусь будзе прадстаўляць украінец, нават бачу ў гэтым некаторую выгаду для нашай дзяржавы, асабліва для вас, вашага «цэха» — вось ён прыйшоў і ўсіх вас здзівіў, — прадоўжыў ён. — Давайце згодзімся, што гэта таленавіты хлопец, ён аб’ектыўна перамог. Фармат «Еўрабачання»? Абсалютна. Яшчэ плюс — ён раскручаны, як гэта модна гаварыць, ён вядомы ў Расіі, у той жа Украіне. Я вельмі спадзяюся, што гэтыя краіны нам могуць даць па 12 балаў. Што ў гэтым дрэннага? Нічога дрэннага не бачу».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: яго больш за ўсё ўсхвалявала, што некаторыя вельмі актыўна запрацівіліся кандыдатуры гэтага прэтэндэнта. У сувязі з гэтым Прэзідэнт заўважыў, што гэта спаборніцтва, гэта канкурэнцыя. «Калі б былі нашы на такім жа ўзроўні — мы былі б рады», — дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што шмат гадоў таму падтрымаў ідэю прадстаўляць Беларусь на «Еўрабачанні». «Я тады сказаў: трэба ездзіць, можа, мы не заваюем там месца, але трэба, каб свет нас убачыў. Еўрапейцы, увесь свет глядзіць. І калі там беларусы, Беларусь, то гэта таксама маленькае зярнятка на нашу карысць», — адзначыў Прэзідэнт.

Ён лічыць, што нават калі артыст не займае прызавое месца, то гэта для яго добрая магчымасць заявіць аб сабе. «Дарэчы, гэты хлопец і грошай не прасіў, але, дзе трэба, мы плячо падставім, ён жа едзе ад нас выступаць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Разам з гэтым важна, каб прадстаўнік ад Беларусі, хто б гэта ні быў, не проста выступіў на «Еўрабачанні», а ўсё ж прывёз конкурс у краіну, выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка лічыць пачуццё справядлівасці ўніверсальнай якасцю паспяховага чалавека

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, каб дабіцца поспеху ў сваёй справе, неабходна пакласці ў аснову высакародную мэту. Ён успомніў, што, калі быў выбраны на прэзідэнцкую пасаду, вельмі хацеў змяніць сітуацыю, у якой знаходзілася краіна. «Мая першая прэзідэнцкая праграма заключалася ў тым, каб адвесці народ ад прорвы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мне хацелася змяніць жыццё і пабудаваць яго на прынцыпах справядлівасці».

«Для мяне галоўны прынцып у жыцці — гэта справядлівасць», — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка назваў і іншыя якасці, якія трэба мець паспяховаму чалавеку. Гэта талент, які, на думку кіраўніка дзяржавы, з’яўляецца важнейшым крытэрыем. А яшчэ гатоўнасць шмат працаваць для таго, каб рэалізаваць свае здольнасці.

БелТА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.