Дзеля жыцця без бар’ераў

Алёна НІКАНЧУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

На мінулым тыдні на базе нашага раёна адбылося выязное пасяджэнне Рэспубліканскага Савета ГА “БелТІЗ” па комплекснай рэабілітацыі інвалідаў па зроку. Яго ўдзельнікі пабывалі ў Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце і раённай бальніцы.

У школе-інтэрнаце госці наведалі спачатку вучэбны корпус установы. Пабывалі ў кабінетах замежнай мовы, інфарматыкі, фізікі, пачатковых класаў, дзе ўбачылі, як арганізаваны навучальны працэс для выхаванцаў, як абсталяваны працоўныя месцы для невідушчых і слабавідушчых дзяцей, якімі падручнікамі яны карыстаюцца. Заўважылі, што кабінеты аснашчаны аптычнымі лупамі і электроннымі павелічальнымі ўстройствамі, у адукацыйным працэсе выкарыстоўваюцца сучасныя тыфлатэхнічныя і карэкцыйныя сродкі. Затым навучэнцы прадэманстравалі, як з дапамогай белага і электроннага кіёў яны арыентуюцца ў памяшканні і на вуліцы. Далей госці перамясціліся ў спальны корпус, дзе спачатку завіталі ў медыцынскі блок. Медработнікі школы-інтэрната расказалі, якое медыкаментознае і фізіятэрапеўтычнае лячэнне атрымліваюць выхаванцы, як праходзяць заняткі на спецыяльнай апаратуры: амбліястымулятары “Аист”, амбліятрэнажоры, сінаптафоры, іншай; на камп’ютары па карэкцыйных праграмах.
Наведалі госці і бібліятэку, якая налічвае 1660 кніг мастацкай літаратуры і больш за 3,5 тысячы падручнікаў, надрукаваных шрыфтам Брайля. Пазнаёміліся таксама з умовамі пражывання выхаванцаў. Затым у актавай зале прайшло пасяджэнне Савета. Яго адкрыла старшыня праўлення Брэсцкай абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ” Ірына Юрэня і перадала слова дырэктару школы-інтэрната Аляксандру Кавальчуку. Аляксандр Андрэевіч спыніўся на карэкцыйна-рэабілітацыйнай рабоце, якая ажыццяўляецца на ўроках і карэкцыйных занятках, а таксама падчас выхаваўчых мерапрыемстваў. Ён падкрэсліў, што часткова відушчыя і слабавідушчыя навучэнцы ўстановы сістэматычна ўдзельнічаюць у раённым і абласным этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, у фестывалі дзіцячых тэатральных калектываў на замежнай мове як на раённым узроўні, так і абласным. Агучыў таксама лічбы, звязаныя з далейшым паступленнем выпускнікоў школы-інтэрната ў сярэднеспецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы, іх працаўладкаваннем.
Гаварыў Аляксандр Кавальчук пра цеснае супрацоўніцтва школы-інтэрната з іншымі ўстановамі, арганізацыямі, прадпрыемствамі і грамадскімі аб’яднаннямі раёна і вобласці, а таксама італьянскім дабрачынным фондам “Дапаможам ім жыць”. Падрабязна расказаў пра медыцынскае абслугоўванне навучэнцаў, якое ажыццяўляецца штатнымі медработнікамі, пра абнаўленне і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы. Гэтыя мерапрыемствы накіраваны на стварэнне безбар’ернага асяроддзя для дзяцей з парушэннямі зроку.
Госці падзяліліся сваімі меркаваннямі наконт арганізацыі адукацыйнага і карэкцыйнага працэсаў у школе-інтэрнаце, далі свае парады і рэкамендацыі. Словы ўдзячнасці за цёплы прыём і экскурсію па ўстанове выказаў яе адміністрацыі і педагогам старшыня Рэспубліканскага Савета, намеснік старшыні Цэнтральнага праўлення ГА “БелТІЗ” Міхаіл Антоненка.
Старшыня праўлення Віцебскай абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ” Канстанцін Ламчаноўскі перадаў Жабінкаўскай школе-інтэрнату кнігі і вучэбныя дапаможнікі для слабавідушчых і невідушчых дзяцей, надрукаваныя рэльефна-кропкавым шрыфтам Брайля.
Затым госці наведалі раённую бальніцу. Галоўны ўрач Анатоль Лаўрукевіч правёў экскурсію па ўстанове і расказаў пра тыя мерапрыемствы, якія праводзяцца на яе тэрыторыі па стварэнні безбар’ернага асяроддзя для інвалідаў па зроку. Так, уваходныя дзверы ў паліклініку абсталяваны гукавой і светлавой сігналізацыямі, побач знаходзіцца кнопка выкліку работнікаў рэгістратуры. Інфармацыя пра размяшчэнне кабінетаў прыёму пэўных спецыялістаў надрукавана шрыфтам Брайля і знаходзіцца на стэндзе побач з рэгістратурай. Нумары кабінетаў у паліклініцы і спецыялізацыя ўрачоў прадубляваны на дзвярах брайлеўскім шрыфтам. Усе лесвічныя маршы выдзелены тактыльнымі дыванкамі, дзверы і іх ручкі прамаркіраваны. Анатоль Іванавіч падкрэсліў, што стварэнне безбар’ернага асяроддзя для інвалідаў па зроку ў медыцынскіх установах раёна прадоўжыцца і ў далейшым.
Перад гасцямі выступіла ўрач-афтальмолаг раённай бальніцы Алена Семянюк. Алена Мікалаеўна пачала з лічбаў. Так, на дыспансерным уліку ў афтальмолага знаходзіцца 508 дарослых і 103 дзіцяці, 99 чалавек – інваліды па зроку. Урач назвала асноўныя захворванні гэтых пацыентаў: глаўкома, дыябетычная рэтынапатыя, міяпія, захворванні сятчаткі і іншыя. Расказала пра агляды, абследаванне, медыкаментознае і аператыўнае лячэнне такіх хворых, магчымасць для іх аздаравіцца ў санаторыях. Пазнаёміла з тым абсталяваннем, якое прымяняецца на прыёмах, пры прафілактычных аглядах, карэкцыі і лячэнні зроку.
Госці выказалі словы ўдзячнасці Анатолю Іванавічу за цікавую экскурсію па ўстанове і тую работу, якая вядзецца па стварэнні безбар’ернага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, Алене Мікалаеўне – што знайшла час расказаць аб абследаванні і лячэнні дыспансерных хворых.
Вынікі выязнога пасяджэння Рэспубліканскага Савета ГА “БелТІЗ” былі падведзены ў актавай зале райбальніцы, акрэслены далейшыя задачы і запланавана чарговая сустрэча, якая пройдзе ў сталіцы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.