Работы на полях ведутся комплексно

Работы на полях ведутся комплексно

Нарэшце, здаецца, надвор’е адпусціла, і перапынак у дажджах усё ж такі намеціўся. Для хлебаробаў гэта старт да выхаду на жніўны палетак, прамаруджваць нельга. Тым больш сёлетні год — суцэльныя “катаклізмы”: то засушыла, то заліла.
У СВК “Маціевічы” ўжо справіліся з уборкай азімага ячменю, сабралі яго па 37 цэнтнераў з гектара. А вось увесь рапс яшчэ не ўдалося ўбраць, на 10 гектарах зялёны стаіць. Сёння, у сераду першы дзень выйшлі камбайны на яравыя, ячмень і пшаніцу.
Старшыня СВК “Маціевічы” Мікалай Іванавіч Кавальчык пачаткам уборкі ў гаспадарцы задаволены:
— Усе працуюць добрасумленна. Не хачу нікога выдзяляць і называць прозвішчы, але заўважу, што экіпажы камбайнераў падабраны і сфарміраваны дастойныя. Думаю, некалькі “тысячнікаў” у сёлетня жніво ў нас будзе адназначна.
І сапраўды, на гэтым полі, дзе шчыруюць сем камбайнаў, работа арганізавана дакладна. Ход уборкі і якасць кантралюе галоўны аграном Адам Ануфрыевіч Харламповіч. Адначасова, прэсуецца і адвозіцца салома. Праз некалькі дзён ячменнае поле будзе ўзарана, унесены гліфасатутрымліваючыя прэпараты і тукі. Словам, усе работы вядуцца ў комплексе, як таго і патрабуе гаспадарскі падыход.
Улічылі тут і такі момант, як сушка збожжа. Без гэтага працэсу не абысціся. У дапамогу двум сушылкам, што ёсць у каапертыве (адну з якіх змайстравалі ўласнымі сіламі дзякуючы творчай думцы мясцовых “кулібіных”) на заўтрашні дзень быў намечаны ўвод у дзеянне сучаснага ЗСК-30 у Кардах. Вядома, сушыць збожжа працэдура затратная, але ці лепш губляць ураджай у полі?
Літаральна на некалькі хвілін адарвалі ад справы саміх удзельнікаў жніва. Экіпаж камбайна Генадзя Царука і Аляксандра Леўчука (Аляксандр працуе таксама і на адвозцы збожжа) мае добры настрой на працу. “Толькі б надвор’е было ўстойлівым, — кажа Генадзь, — а мы не падвядзем. Намераны тысячу тон абавязкова намалаціць, а то і болей”. Ён пазалетась быў “тысячнікам”, а пакуль на рахунку экіпажа 137 тон намалочанага збожжа і амаль 60 убраных гектараў рапсу і азімага ячменю. На дзень нашага прыезду гэта лепшы вынік у гаспадарцы.
— А яшчэ сфатаграфуйце нашага Мікалая Навумука, — паказвае ў бок “Джон Дзіра” з прэс-падборшчыкам галоўны аграном. — Ён у нас, як кажуць, на ўсе рукі майстар. І на ворыве, і на сяўбе, і на ўборцы яму справа знаходзіцца.
Адам Ануфрыевіч расказвае, што ў сельгаскааператыве дынастыя Навумукоў. Бацька Барыс Уладзіміравіч працаваў (толькі што на заслужаны адпачынак пайшоў) і трох сыноў за сабой прывёў. Аказалася, што і Г.Царук, з якім мы вось толькі размаўлялі, таксама “мае дачыненне” да гэтай сям’і — ён іх зяць.
Немалаважна, што ўдзельнікі жніва ў СВК “Маціевічы” ведаюць “колькі зрабілі і што зарабілі”. Вынікі падводзяцца тут кожны дзень. А заробак абавязкова завязаны з ацэнкай за якасць “выдатна”, “добра” ці “здавальняюча”. Словам, ёсць стымул старацца.
С.ВІШНЕЎСКАЯ.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top