Праблемы з зубамі вырашайце да цяжарнасці

Лячэнне зубоў падчас цяжарнасці часам становіцца сапраўднай праблемай для жанчыны. Прычына – ва ўсемагчымых страхах і перасцярогах пра тое, што гэта небяспечна для здароўя і развіцця будучага малыша. Добра, калі ўсе праблемы з зубамі будучая мама вырашыла яшчэ да планавання цяжарнасці, а ў гэты доўгачаканы перыяд будзе займацца толькі прафілактыкай. Але што рабіць, калі цяжкасці ўзніклі падчас выношвання дзіцяці?
Многія жанчыны адкладваюць лячэнне зубоў на пасляродавы перыяд. Гэта няправільны падыход. Любое захворванне поласці рота ці зубоў – гэта ачаг інфекцыі, якая можа пранікаць у тканіны, разносіцца з крывёю і ўздзейнічаць на плод. Падчас выношвання патрэбы арганізма ў кальцыі падвойваюцца, бо ён з’яўляецца будаўнічым матэрыялам для фарміравання касцей будучага дзіцяці. Калі запасаў кальцыя, які паступае з ежай, недастаткова, плод пачне забіраць яго з арганізма маці, у першую чаргу – з зубоў. Пагэтаму пры цяжарнасці вельмі часта адбываецца разбурэнне эмалі. Мала таго, зубы становяцца вельмі адчувальнымі, рэагуюць на халодныя, гарачыя і салодкія прадукты. Калі гэту праблему своечасова не ліквідаваць, у канцы цяжарнасці можа спатрэбіцца сур’ёзнае лячэнне. З прычыны змены гарманальнага фону ў поласці рота мяняецца мікрафлора: сліна губляе свае ахоўныя ўласцівасці і не здольная змагацца з бактэрыямі. Пачынаюць з’яўляцца такія захворванні, як стаматыт, гінгівіт і іншыя запаленчыя працэсы, якія ўзнікаюць на фоне аслабленага імунітэту.
За перыяд цяжарнасці традыцыйна праводзяцца два планавыя агляды ў стаматолага: у першым трыместры і ў пачатку трэцяга. Першы раз праводзіцца агульная ацэнка стану зубоў і ліквідуюцца нязначныя праблемы. Агляд у другой палове цяжарнасці плануецца ў сувязі з тым, што ў гэты перыяд у большасці цяжарных пачынаюць праяўляцца захворванні дзяснаў і разбурэнне эмалі зубоў з-за расходавання кальцыя на запатрабаванні плода.
Калі праблемы з зубамі з’явіліся падчас цяжарнасці, іх трэба ліквідаваць як мага раней, не чакаючы родаў. У сучаснай стаматалогіі ўжо даўно прымяняюцца спецыяльныя прэпараты і новыя методыкі, якія не аказваюць адмоўнага ўздзеяння на плод.
Зінаіда РАЗАНАВА, урач-стаматолаг.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.