Важна своечасова распазнаць хваробу

Важна своечасова распазнаць хваробу

Сухоты – хранічнае інфекцыйнае захворванне, якое можа паражаць любы орган, але часцей – лёгкія.
Узбуджальнік хваробы – сухотная мікабактэрыя – вельмі ўстойлівая ў навакольным асяроддзі, але хутка гіне пад уздзеяннем прамых сонечных прамянёў. Інфіцыравацца часцей за ўсё можна, удыхаючы ўзбуджальнік хваробы ці праз страўнікава-кішэчны тракт. Ачаг інфекцыі – хворы на лёгачную форму сухотаў, які пры дыханні, кашлі, чханні ці размове вылучае ў навакольнае асяроддзе ўзбуджальнік.
Калі сухотная мікабактэрыя трапіла ў арганізм дзіцяці, то з дапамогай крыві ці лімфы яна можа папасці ў любы орган. У дзіцячым узросце мікабактэрыі часцей за ўсё пранікаюць у лімфатычныя вузлы, якія знаходзяцца вакол трахеі і бронхаў. Такую форму хваробы называюць сухотамі ўнутрыгрудных лімфатычных вузлоў.
Развіццю хваробы спрыяюць наступныя фактары: недастатковае, непаўнавартаснае харчаванне, дрэнныя жыллёвыя ўмовы, спадарожныя захворванні, псіхаэмацыянальныя перагрузкі, псіхічныя і фізічныя траўмы, дзіцячыя інфекцыйныя захворванні.
Пры сухотах часцей за ўсё не бывае сваіх, асаблівых сімптомаў. Хвароба можа працякаць як вострае рэспіраторнае віруснае захворванне, пасля якога дзіця доўга адчувае недамаганне; як зацяжны бранхіт, пнеўманія, якія не паддаюцца лячэнню; можа быць множнае павелічэнне лімфатычных вузлоў.
Часам пачатак хваробы працякае непрыметна, без асаблівых прыкмет. Дзеці ранняга ўзросту становяцца раздражнёнымі, плаксівымі, капрызнымі, у іх пагаршаецца апетыт, і яны дрэнна прыбаўляюць у вазе. Дзеці старэйшага ўзросту могуць жаліцца на галаўны боль, стомленасць, галавакружэнне, дрымотнасць, субфебрыльную тэмпературу.
Пры прагрэсіраванні хваробы можа далучыцца кашаль, задышка, болі ў грудной клетцы. Калі дзіця працягвае знаходзіцца ў цесным кантакце з хворым і лячэнне не пачата, то лёгкая форма першасных сухотаў можа ўскладняцца бронха-лёгачным паражэннем, запаленнем плеўры, сухотамі нырак, касцёва-сустаўнай ці цэнтральнай нервовай сістэмы.
Як своечасова распазнаць сухоты? Магчыма актыўная і пасіўная дыягностыка хваробы. Пры пасіўнай хворы звяртаецца да ўрача са скаргамі. Але ў дзяцей яны з’яўляюцца, калі працэс ужо запушчаны. Пагэтаму прымяняюць актыўную дыягностыку сухотаў, пры якой выкарыстоўваюць туберкулінавую пробу – рэакцыю Манту. Калі пасля атрымання выніку туберкулінавага тэста ёсць падазрэнне на інфіцыраванасць сухотамі, дзіця патрэбна накіраваць на кансультацыю да фтызіятра. Калі чалавек толькі інфіцыраваны, ён не хворы і не небяспечны для іншых. Пры зніжэнні ахоўных сіл арганізма частка інфіцыраваных дзяцей можа захварэць, пагэтаму ім назначаюць курс хіміяпрафілактыкі.
Каб засцерагчы дзіця ад сухотаў і своечасова распазнаць гэту хваробу, важна памятаць:
– дзеці заражаюцца сухотамі ад хворых дарослых;
– калі захварэў член вашай сям’і, блізкі сваяк, сусед, з якім дзіця часта сустракалася, яго неабходна адразу абследаваць, а дарослы чалавек абавязкова павінен лячыцца, каб спыніць распаўсюджванне хваробы.
Пры своечасовай дыягностыцы і правільным лячэнні любыя формы сухотаў у дзяцей вылечваюцца.
Любоў ДЗЯРАЧЫЦ, урач-фтызіятр Жабінкаўскага супрацьсухотнага кабінета.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*