Паэзія, што сагравае сэрца

 

Напярэдадні Сусветнага дня паэзіі, што адзначаецца 21 сакавіка, запыталася ў жабінкаўцаў, творчасць якіх паэтаў найбольш блізкая ім і чаму.

Ірына ГУЛЬКО:
– Люблю творчасць многіх паэтаў. З задавальненнем перачытваю Бродскага, Вазнясенскага, Раж-дзественскага і Еўтушэнку. З паэтаў-песеннікаў падабаецца Леанід Дзербянёў. Таксама мне вельмі блізкая ўкраінская паэзія, бо сама родам з Украіны. Добра ведаю творчасць Тараса Шаўчэнкі, Івана Франко і Лесі Украінкі, у ліку любімых вершаў і іх творы. Зусім нядаўна, 19 сакавіка, споўнілася 88 гадоў не менш вядомай украінскай паэтцы, нашай сучасніцы Ліне Кастэнка. У яе вельмі прыгожыя вершы пра жыццё, каханне і прыроду, яна піша не толькі для дарослых, але і для дзяцей. Паэзія названых мною творцаў падабаецца прастатой і глыбінёй адначасова. У ёй прысутнічае ўся палітра пачуццяў, што напаўняюць, чалавечую душу. Здзіўляе здольнасць паэта дакладна прыкмеціць усё тое, што вакол нас, чаго мы часам не заўважаем, прычым выказаць гэта з дапамогай вершаваных радкоў.

Фёдар ГАЛАВАЧ:
– Шчыра любіў Беларусь і прызнаваўся ёй у гэтым у сваіх творах Ніл Гілевіч. Прыкладам таго можа служыць верш “Паклон табе, мой беларускі краю!”, які я вельмі люблю. Ніл Гілевіч для ўсіх нас – узор чалавека-грамадзяніна і патрыёта. Падабаюцца санеты Максіма Багдановіча, асабліва “Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі”. Кранае і кожны раз, калі чытаю, пакідае глыбокі след у душы “Рэквіем па кожным чацвёртым” Анатоля Вярцінскага. Падабаецца баладны цыкл Аркадзя Куляшова пра подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Лірычнай цеплынёй вызначаецца інтымная лірыка Петруся Броўкі. Высокім узорам яе застаецца мой любімы верш “Пахне чабор”.

Таццяна ЮХІМУК:
– Як жанчыне, мне вельмі блізкая паэзія Марыны Цвятаевай. Адзін з любімых яе вершаў “Мне нравится, что вы больны не мной”. Шырокую вядомасць і распаўсюджанасць гэты твор атрымаў дзякуючы тэлевізійнаму фільму Эльдара Разанава “Ирония судьбы, или С лёгким паром!” і непараўнальнаму голасу Алы Пугачовай. У гэтым вершы сканцэнтравана ўся гама пачуццяў, якія толькі можа адчуваць жанчына. У ім вельмі ўзнёсла гаворыцца пра каханне, і ў той жа час прысутнічае нотка суму і нейкай прадвызначанасці лёсу.
У беларускай паэзіі люблю творчасць Рыгора Барадуліна. Падабаецца яго інтымная лірыка, асабліва верш “Вы мне жыццём і забыццём былі…”, у якім лірычны герой шчыра дзякуе сваёй каханай за светлае пачуццё, што злучыла дваіх і якое давялося перажыць разам.

Вольга ВОЛК:
– Мне вельмі падабаецца паэзія Якуба Коласа, асабліва паэма “Новая зямля”. Побач з ёю цяжка паставіць нейкі іншы твор нацыянальнай літаратуры, дзе б так глыбока, прыгожа і з замілаваннем аўтар апісваў сялянскае жыццё і родную прыроду. Адразу ўсплываюць у памяці радкі “Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы!”, якія сталі вядомай песняй у выкананні “Песняроў”.
З паэтаў-жабінкаўцаў сачу за творчасцю Расціслава Бензерука. Прыемна бачыць на старонках “Сельскай праўды” вершы маёй юнай зямлячкі Волечкі Друшчыц. Радасна, што наш край багаты на таленавітых людзей, творчасць якіх мае сваіх прыхільнікаў.

Настасся КРУК:
– Мой любімы паэт – Аляксандр Пушкін. Знаёмства з яго творчасцю адбылося яшчэ ў дзяцінстве. Радкі з твораў Аляксандра Сяргеевіча лёгка запаміналіся, і дасюль яны ў памяці: “У лукоморья дуб зелёный, златая цепь на дубе том”, або “Три девицы под окном пряли поздно вечерком”, ці “Царь с царицею простился, в путь-дорогу снарядился, и царица у окна села ждать его одна”. Потым мяне зачараваў “Яўген Анегін”. Ліст, які пісала Таццяна Анегіну, добра памятаю і цяпер. З сучасных паэтаў падабаецца творчасць Валянціны Ментуз. Яна сама з Драгічынскага раёна. Яе творы часта друкуюцца ў “Драгічынскім весніку”, а таксама на сайце Стихи.ру. Вершы Валянціны кранаюць сваёй шчырасцю, лірызмам, у іх глыбокі філасофскі сэнс і жыццёвыя роздумы. Раю чытачам раёнкі пазнаёміцца з творчасцю таленавітай драгічынскай паэткі.
Апытвала і фатаграфавала Алёна НІКАНЧУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.