…Трымаю ў сэрцы радзімы куточак

2018 год аб’яўлены Годам малой радзімы. Я папрасіла жабінкаўцаў расказаць пра куточак роднай зямлі, што трымаюць у сэрцы.

Галіна ПАРАФЯНЮК:
– Нарадзілася я ў вёсцы Мацеевічы, менавіта тут знайшла сваё прызванне, сустрэла каханне. Для мяне малая радзіма – мая вёсачка. Заўжды вяртаюся дадому з паездак з вялікай радасцю. У вёсцы свежае паветра, натуральныя, без “хіміі”, прадукты, гародніна-садавіна, грыбы ды ягады ў лесе, рыбалка. Тут жыццё набывае асаблівую цеплыню, камфорт, душэўнасць. А яшчэ ў нашага аграгарадка багатае мінулае.

Святлана ПЕШКА:
– Мая малая радзіма – вёска Гарадная Столінскага раёна, вядомая ганчарствам. У памяці засталіся яркія моманты дзяцінства: грыбы, журавіны, чарніцы. А вечарамі ў вёсцы хораша спявалі жанчыны, мы ж, дзятва, басанож бегалі па вуліцах, з усімі віталіся. Да сваёй малой радзімы адношуся вельмі трапятліва.

Алена ДЫДЗІК:
– Кобрын – дарагая майму сэрцу мясціна, чароўны горад, багаты сваёй гісторыяй і сучаснасцю. Можна пабываць у музеі імя Суворава, побач з ім прагуляцца ў засені дрэў старажытнага парку, пакатацца на каньках у Лядовым палацы, адпачыць у аквапарку, завітаць у кафэ. Турысты знойдуць у Кобрыне нямала цікавых мясцін.

Наталля НАВАЧУК:
– Вёска Прыборава, дзе я нарадзілася, называецца так, бо размешчана на горцы і прымыкае да бору (вялікага лесу), ёсць два возеры побач. Там вельмі прыгожа: вёска вабіць сваёй чароўнасцю, размеранасцю жыцця, мілагучнай самабытнай мовай.

Святлана ПОЙТА:
– Родам я з вёскі Харсы Брэсцкага раёна. Гэта пагранічная зона, побач нясе свае воды Буг. Недалёка ад вёскі лясы, багатыя на суніцы, грыбы. Галоўны скарб маёй малой радзімы, вядома, людзі. Дзякуючы іх працалюбству і талентам наш раён вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Святлана ДАШКУН:
– Адзін з унікальных помнікаў прыроды ў вёсцы Ставы Камянецкага раёна – крынічка з крыштальнай вадой. Гэта мая малая радзіма, дзе я нарадзілася, расла, гэта таксама мая сям’я ў асобе матулі (тата памёр ужо). Калі двойчы на месяц езджу дадому, узгадваюцца радкі верша, які я крышку змяніла: “Трэба ў вёсцы бываць часцей, трэба ў вёсцы бываць не госцем, каб душою не ачарсцвець і не страціць святое штосьці…”

Дзмітрый КАЗЕКА:
– Мая малая радзіма – Жабінка. Тут я нарадзіўся і жыву, маю сяброў і родных. Інфраструктура горада даволі развітая, ёсць усё для камфортнага жыцця. Не хапае, бадай, толькі кафэ і забаўляльнага цэнтра. Хацелася б, каб знайшліся інвестары, каб яшчэ больш абуладкаваць Жабінкаўшчыну, пабудаваць цікавыя аб’екты.
Лідзія ІВАНІХІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.