Дар’я НІКАНЧУК.
На канцэрце-паказе “Модны стыль – народны тэкстыль” аўтэнтычныя і адноўленыя народныя касцюмы прадставілі ўсе раёны Брэстчыны. Жабінкаўшчына прэзентавала на свяце ў Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры шэсць уласцівых для нашай мясцовасці строяў. Падчас дэфіле жабінкаўцы не толькі апранулі нацыянальнае адзенне, але й заспявалі і прадэкламавалі ўласны верш, сарваўшы гучнае “брава”!
На адной сцэне апынуліся фартушкі з Бездзежа, кажушкі з Моталя, хусткі-шаляноўкі і андаракі з Бярозаўскага раёна, Давыд-Гарадоцкія “галовачкі”, карсеты з Лунінца, жабінкаўскія сырнягі, “плат” з Маларытчыны… Усяго прыкладна 200 нацыянальных убранняў з розных куточкаў вобласці. Захаваць вялікую каларытную спадчыну берасцейскіх строяў дапаможа эксклюзіўны фотакаталог “Рэгіянальныя асаблівасці традыцыйнага касцюма Брэстчыны”, які быў прэзентаваны падчас свята.
Адметнасцю касцюміраванага дэфіле жабінкаўцаў сталі вышэйназваныя сырнягі: былі прадстаўлены мужчынская і жаночая мадэлі гэтага зімовага адзення. На сцэне камплекты прадэманстравалі работнікі культуры нашага раёна Антон Аксаментаў і Людміла Іванюк. Паўсядзённы, жніўны, вадохрышчанскі і троіцкі касцюмы на паказе прымяралі Аксана Капчук, Ганна Макавецкая і Аліна Ляўчук. Усе прывезеныя з Жабінкаўшчыны строі былі аўтэнтычнымі! У музей Залуззеўскага сельскага Дома народнай творчасці іх некалі перадала мясцовая жыхарка Кацярына Кірылаўна Валасюк, якой ужо споўнілася 85 гадоў. Акрамя гэтага, выступленне землякоў дапоўніла “смачная разынка”, якая дапамагла ім першым акунуцца ў шчырае “брава” гледачоў.
– Дырэктар Хмелеўскага СДК, прадстаўніца знакамітых “Хмелеўскіх валацуг” і кіраўнік “Дараносіцы” Таццяна Грыцук разам са сваёй выхаванкай Вольгай Іванюк суправадзілі дэфіле выкананнем украінскай народнай песні “Ой, хмелю ж мій, хмелю”, – расказвае Ганна Макавецкая. – Прэзентацыя касцюмаў пад жывы акампанемент адразу вылучыла нас сярод іншых удзельнікаў паказу. Яшчэ спецыяльна для гэтага свята таленавітая Наталля Дырман склала верш на дыялектнай мове, у якім гарманічна спалучыла прыгажосць роднага краю, працавіты лад жыцця сваіх продкаў і непаўторнасць нацыянальных убранняў.
Зыйдэ сніг, сонцэ зэмлю обнымэ,
Жыто зыйдэ і колос нагнэ.
Ны ўспіеш крунутысь – вжэ жныва!
Всі, хто люцькый, на нывку ідэ.
За роботою світу нэ выдно!
Выдно… в свято роботы ныма.
Пырыд матырыю мні ны стыдно:
Всё роблю, як учыла вона.
Як почнэм святковаты, вбыратысь…
Андарак, сорочкы, фартухы,
Лапці і чырывыкы,
Сырняга! Дзіты вбраны
І вбраны батькы!
У мерапрыемстве прынялі ўдзел таксама сучасныя майстры, якія зай-
маюцца адраджэннем народных касцюмаў, шыюць льняное адзенне і ствараюць папулярныя вышыванкі. Так, са сваімі вырабамі пазнаёміла кобрынская майстрыха Марына Баняфацьева, а арыгінальны майстар-клас правяла народны майстар Беларусі 82-гадовая Сцепаніда Сцепанюк з Маларытчыны. Сцепаніда Аляксееўна навучыла гасцей свята завязваць узгаданы “плат” (жаночы галаўны ўбор), які ў даўніну яе землякі шчодра ўпрыгожвалі вышыўкай. Раней па асаблівасцях строяў можна было здагадацца, адкуль чалавек родам.
У рамках свята адбыўся абласны тур Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. Жабінкаўшчыну годна прадставіла супрацоўніца Ленінскага СДК Вераніка Кукса. У сваім выступленні яна звярнулася да творчасці гурта “NaviBand”, які летась паланіў многія сэрцы сваёй прамяністай і запальнай песняй на “Еўрабачанні”. Паводле меркавання абласнога журы лепшымі сталі прадстаўніцы Століна і Баранавічаў.
У канцы незабыўнага мерапрыемства кожная дэлегацыя атрымала Ганаровую грамату за актыўны ўдзел у свяце. Яно нагадала, якую багатую культурную спадчыну мае Брэстчына, паказала, якое мноства нацыянальных строяў нарадзілася тут. Застаецца толькі берагчы гэты бясцэнны скарб, каб пасля ім змаглі ганарыцца і нашы нашчадкі.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%