Святлана БЯЛЯК.
Фота з сямейнага архіва.
“Талентам трэба дапамагаць, бяздарныя “праб’юцца” самі”, жартуе жыхар вёскі Старое Сяло Васіль Марчук, калі гаворыць пра любіміцу сям’і – дачушку Настачку. А дзяўчынка здзівіла родзічаў, сяброў і суседзяў цярплівасцю і трываласцю яшчэ ў годзік, калі разам з мамай і татам пачала рэгулярна наведваць лазню. Маленькая пераносіла высокую тэмпературу на паліцах, пахлопванне духмяным бярозавым венікам, а затым з гарачай парылкі выскоквала на вуліцу ў снежныя сумёты. Такое закальванне, на думку бацькоў, здорава трэніруе імунітэт, таму з большасцю дзіцячых хвароб арганізм спраўляецца лёгка, кашаль і насмарк Настачку вельмі рэдка турбуюць. Дзяўчынка палюбіла не толькі снег пасля лазні, але і купанне ў палонцы на Вадохрышча. І сёлета яна смела акунулася з галавою ў сцюдзёную ваду – не кожны дарослы на такое здольны.
Настачка здорава навучылася хадзіць на лыжах – асвоіла гэты від “спорту” яшчэ ў тры годзікі. Разам з бацькамі часта ездзіць катацца на горналыжны курорт у Букавель і здзіўляе ўсіх адпачываючых майстэрскай тэхнікай валодання лыжамі, смела і ўпэўнена з’язджае з горак любой складанасці.
Бацькі заўважылі, што фізічная падрыхтоўка дапамагае дзяўчынцы развівацца разумова і творча. Настачка рана пачала гаварыць, любіць слухаць казкі і разглядваць кніжкі з малюнкамі, эрудыраваная для свайго ўзросту. Вось ужо два гады, як маленькая займаецца ў студыі эстэтычнага развіцця дзіцячай школы мастацтваў, з задавальненнем танцуе, спявае, малюе. Настачка вылучаецца сярод аднагодак артыстызмам, уменнем прыгожа дэкламаваць вершы, смела выконвае галоўныя ролі ў Азяцкім СДК (дарэчы, у навагоднім ранішніку ў клубе ёй дасталася роля падчаркі з казкі “12 месяцаў”. І шасцігадовая артыстка выдатна справілася! Магчыма, творчыя здольнасці яна атрымала ў спадчыну ад дзядулі, які ўдала парадзіраваў вядомых людзей.
Чым яшчэ радуе бацькоў Настачка? Добра вучыцца ў школе (з гонарам кажа ўсім, што дарослая, бо першакласніца). Як і мама з татам, не ўседзіць у хаце – часта выязджаюць усёй сям’ёй, каб пазнаваць родны край, у Брэсцкую крэпасць, Белавежскую пушчу, Пружанскі палац, бываюць у музеях і тэатры.
…Дзяўчынка не абдзелена любоўю і пяшчотай бацькоў. Верыцца, яна абавязкова вырасце добрым, таленавітым чалавекам.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%