Святлана БЯЛЯК.
Адбылося чарговае пасяджэнне райвыканкама, якое вёў кіраўнік раёна Дзмітрый Гарадзецкі. На абмеркаванне выносілася толькі адно пытанне “Аб выніках работы па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў у 2017 годзе і задачах на 2018 год”.
Першым па тэме выступіў начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аляксандр Казак.
Ён адзначыў: летась было нямала зроблена, каб райцэнтр і вёскі, чыгуначнае палатно, аўтамабільныя дарогі і тэрыторыя ўздоўж іх, сельскагаспадарчыя ўгоддзі, месцы адпачынку ля вады, міні-палігоны цвёрдых камунальных адходаў, могілкі, садаводчыя таварыствы і гаражныя кааператывы, месцы баявой славы і воінскіх захаванняў падтрымліваліся ў належным санітарным стане. Гэтаму спрыялі месячнікі па добраўпарадкаванні (вясной і восенню). Зрэшты, з 84 зацверджаных мерапрыемстваў было выканана 81.
– Пад асаблівай увагай у раёне землі агульнага карыстання, – гаварыў Аляксандр Аляксандравіч. – Так, напрыклад, летась было пасаджана 200 дрэўцаў у дварах шматпавярховак у Жабінцы і аграгарадку Ленінскі; устаноўлены і адрамантаваны 280 кантэйнераў для збору адходаў і адрамантавана 1,4 тысячы квадратных метраў вулічна-дарожнай сеткі, рэканструявана 0,8 га газонаў у Жабінцы і Ленінскім.
Для жабінкаўцаў добраўпарадкавалі прыдамовыя тэрыторыі ля шматпавярховак на вул. Цэнтральная, 8, Зарэчная, 10а, а таксама ля магазіна “Санта”. З’явілася аўтамабільная стаянка на вуліцы Кірава і дзіцячая гульнёвая пляцоўка ў цэнтральным парку. Нямала ўдалося зрабіць для камфорту жыхароў аграгарадка Ленінскі напярэдадні святкавання “Дажынак-2017”.
Не засталіся ўбаку і астатнія сельсаветы. Напрыклад, адрамантаваны мемарыяльны комплекс “Драмлёва”, у Азятах абсталявана спартыўная пляцоўка, у Ракітніцы ўстаноўлена жалезабетонная агароджа на вул. 24 з’езда і пафарбаваны адміністрацыйны будынак, зроблена ў гравійным выкананні дарога на
вул. Меліярацыйная.
Таксама падрамантаваны (пафарбаваны) платы на некаторых вуліцах у Стрыганцы, Арэпічах, Мацеевічах, Крыўлянах, а ў Падлессі на вуліцы Цэнтральнай устаноўлена новая агароджа. У Баярах ліквідаваны сад і знішчаны старыя дрэвы.
– Не паспелі толькі добраўпарадкаваць вуліцу Лясную ў Пятровічах і адрамантаваць фасад адміністрацыйнага будынка ААТ “Арэпічы”. Гэтыя работы плануецца завяршыць у бягучым годзе, – запэўніў выступоўца.
Што яшчэ было зроблена для камфорту жабінкаўцаў? Так, летась на пляжах ля возера Візжар, у гарадскім парку і аграгарадку Хмелева ўстанавілі 9 “грыбочкаў”, 12 інфармацыйных знакаў, 9 кантэйнераў для смецця, а ля возера Візжар абсталявана спартыўная пляцоўка. Рэканструяваны меліяратыўныя сістэмы на агульнай плошчы 250 га.
Наводзіўся належны парадак на могілках: адрамантаваны агароджы ў вёсках Мышчыцы і Старое Сяло, абсталяваны тры пляцоўкі для збору смецця, знесены 10 аварыйных дрэў у Арэпічах.
– Каб было прыбрана і чыста ўздоўж аўтамабільных і чыгуначных дарог, – гаварыў Аляксандр Казак, – арганізавана работа па зборы і вывазе адходаў на станцыях, прыпыначных пунктах, вакзалах, вытворчых базах і прылягаючых да іх тэрыторыях.
Акрамя гэтага, напярэдадні 9 Мая ўсе мемарыяльныя комплексы, месцы баявой і воінскай славы, захаванняў воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны прыведзены ў належны стан.
Школьнікі рэгулярна падтрымліваюць парадак ля школ, ачышчаюць ад апалай лістоты гарадскі парк.
– Сёлетні год аб’яўлены Годам малой радзімы, – працягваў сваю думку выступоўца. – Гэта значыць, навядзенню парадку на зямлі, дзе жывем і працуем, будзе надавацца яшчэ больш увагі, і тая работа, якая вялася летась, сёлета працягнецца з яшчэ большым размахам. Аб гэтым сведчаць і запланаваныя 119 мерапрыемстваў. Сярод іх, напрыклад, рамонт вулічна-дарожнай сеткі ў Жабінцы, абнаўленне газонаў на вул. Шашэйная, Кірава і на цэнтральнай плошчы, афарбоўка спартыўных пляцовак ля шматпавярховак, азеляненне і паляпшэнне дызайну ў горадзе, прадпрыемстваў, арганізацый і многае іншае. Каля 20 мерапрыемстваў запланавана ў аграгарадку Ракітніца, дзе сёлета плануецца правесці раённае свята хлебаробаў.
Таксама ў сваім выступленні Аляксандр Казак звярнуў увагу на праблемныя пытанні: неабходнасць зацвярджэння новай схемы збору цвёрдых камунальных адходаў, бо цяпер гэтым займаецца КВУП “Брэсцкі смеццеперапрацоўчы завод”; прывядзенне кантэйнерных пляцовак у належны санітарна-тэхнічны стан; утрыманне пустуючай тэрыторыі ў гаражным масіве ў Жабінцы ў раёне вуліц Камарова і Лінейная; далейшае функцыянаванне садаводчых таварыстваў “Вішанька”, “Сувязіст”, “Надзея”.
На Жабінкаўшчыне летась налічвалася 30 садаводчых таварыстваў, два ліквідаваны (“Дружба-2” і “Ставок”). А вось работы па адабранні зямельных участкаў у садаводчых таварыствах “Вішанька”, “Сувязіст”, “Надзея” (якія не прайшлі перарэгістрацыю па Указе № 50 ад 28.01.2008 г.) вядуцца і сёння.
– Зямельныя ўчасткі (225) у названых таварыствах выдзяляліся ў 80-90-я гады мінулага стагоддзя для вядзення калектыўнага садаводства, – гаварыла намеснік начальніка землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Валянціна Мігель. – Ёсць пэўныя цяжкасці ў вызначэнні месцазнаходжання членаў таварыства, бо некаторыя змянілі месца пражывання, нехта адбывае тэрмін у турме, а нехта памёр. На практыцы ўзнікаюць складанасці з прымяненнем асобных палажэнняў нарматыўных актаў. Таму прапаную ў садаводчых таварыствах, дзе выкарыстоўваецца менш за ¼ зямельных участкаў ад колькасці прадастаўленых, пакінуць зямельныя ўчасткі за ўладальнікамі (дзе ёсць садовыя домікі, дрэўцы), дазволіць перавесці гэтыя ўчасткі для індывідуальнага садаводства без рэгістрацыі юрыдычнай асобы, ліквідаваўшы садаводчае таварыства.
Наступны выступоўца, галоўны ўрач ДУ “Жабінкаўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” Надзея Шосцік, паведаміла прысутным, якая работа праводзілася летась у раёне спецыялістамі райЦГЭ ў абмяркоўваемым накірунку.
Так, былі выяўлены парушэнні санітарнага заканадаўства на 697 аб’ектах, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 35 кіруючых асоб, да дысцыплінарнай – 10. Напрыклад, неаднаразова выяўляліся парушэнні ўтрымання тэрыторыі рынку, летняга кафэ “Сустрэча” і былога “Маладзёжнае” ГУП “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база”, тэрыторыі чыгуначнай станцыі “Жабінка”, зон адпачынку на 43-44 км, стаянкі аўтатранспарту ў вёсцы Федзькавічы. Таксама неаднаразова выяўляліся парушэнні ўтрымання тэрыторыі гаражных масіваў на вуліцах Чкалава, Камарова, Дачная, Садовая, Завадская.
Надзея Палінараўна заклапочана недастатковай арганізацыяй сістэмы ўборкі і падтрымання парадку на тэрыторыі кантэйнерных пляцовак, якія вельмі часта з’яўляюцца месцам антысанітарыі, скаплення грызуноў і бадзячых жывёл. Надзея Шосцік падкрэсліла: пачасціліся вусныя і пісьмовыя звароты грамадзян шматпавярховак, што ў падвалах селяцца бадзячыя жывёлы, якія забруджваюць дзіцячыя пляцоўкі і пад’езды адходамі жыццядзейнасці; нясвоечасова вывозіцца смецце з кантэйнераў, іх недастаткова. Надзея Палінараўна прапанавала распрацаваць графік па прывядзенні кантэйнерных пляцовак, кантэйнераў (у тым ліку ў гаражных масівах) у належны санітарна-тэхнічны стан; забяспечыць штодзённую ці па меры неабходнасці ўборку тэрыторый кантэйнерных пляцовак; праводзіць рэгулярны адлоў бадзячых жывёл, не дапускаць знаходжання іх на вуліцах і прыдамовых тэрыторыях; сумесна з сельвыканкамамі актывізаваць работу жыхароў па навядзенні парадку на тэрыторыі прыватных дамоў. У сваю чаргу, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Шык паведаміў, што было зроблена дзеля навядзення парадку на зямлі інспекцыяй.
Так, напрыклад, сумесна з зацікаўленымі арганізацыямі былі праведзены акцыі “Тыдзень лесу”, “Чысты бераг”, “Чысты лес”, “Дзень без аўтамабіля”; у вёсцы Старое Сяло сумесна са школьнікамі было пасаджана звыш тысячы дрэўцаў на рэкультываваным кар’еры.
На тэрыторыі раёна ёсць біялагічны заказнік мясцовага значэння “Непакойчыцы”, батанічныя помнікі прыроды рэспубліканскага значэння: “Сасна Веймутава жабінкаўская”, “Дуб чарэшчаты “Пятровіцкі”, помнік прыроды мясцовага значэння “Здзітаўскія дубы”.
На тэрыторыі раёна вядомы 4 месцы распаўсюджвання баршчавіка Сасноўскага на плошчы 0,23 га. Рэгулярна ў вясенне-летні перыяд праводзяцца работы па яго выдаленні механічнымі і хімічнымі метадамі.
Таксама былі прыняты 23 рашэнні па спілаванні 941 дрэва (кампенсацыйныя высадкі склалі 950).
На тэрыторыі раёна знаходзяцца два палігоны і восем міні-палігонаў. Сяргей Сцяпанавіч адзначыў: не заўсёды на гэтых аб’ектах падтрымліваецца належны парадак, нясвоечасова адбіраюцца другасныя матэрыяльныя рэсурсы і будаўнічыя адходы, праводзіцца падбуртоўка.
Спецыялісты інспекцыі правялі за мінулы год 78 абследаванняў аб’ектаў захавання цвёрдых камунальных адходаў, за парушэнне правіл іх эксплуатацыі складзены два пратаколы на суму 322 рублі. Таксама спецыялісты інспекцыі выявілі і ліквідавалі дзве несанкцыянаваныя звалкі. На думку Сяргея Шыка, актуальнымі застаюцца пытанні ўстаноўкі агароджы тэрыторый ферм сельгаспрадпрыемстваў і месцаў захавання, своечасовае скошванне пустазелля на іх; засмечванне прыдарожных пасадак і лясоў побач з аўтастаянкамі і месцамі адпачынку.
Вынікі пасяджэння падвёў старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%