З такім пытаннем звярнулася да жабінкаўцаў. Нагодай для апытання стаў Сусветны дзень абароны правоў спажыўца, які адзначаецца 15 сакавіка.
Таццяна УСЦІНОВІЧ:
– З задавальненнем наведваю нашу “Кулінарыю”. Падабаюцца багаты асартымент прадукцыі, ветлівасць прадаўцоў, якія заўсёды цікавяцца, што жадаю купіць і падказваюць з выбарам. Чаго не скажаш пра работнікаў “Універмага”. Хацелася б, каб былі больш ветлівымі і ўважлівымі да пакупнікоў, цікавіліся, па што тыя прыйшлі, дапамаглі з выбарам. Тавару там шмат, ён разнастайны, таму бывае цяжка зарыентавацца, што выбраць. Тут якраз і патрэбна дапамога прадаўцоў, якім неабходна навучыцца прапаноўваць тавар і весці дыялог са сваімі наведвальнікамі.
Ганна КУЛАГІНА:
– Часта купляю прадукты ў магазіне сельгастэхнікі “Гасцінец”. Яны заўсёды свежыя і якасныя, прадаўцы ветлівыя. Наведваюся і ў “Санту”. Заўважыла, што не на ўсе тавары ёсць 5-працэнтная зніжка, калі разлічваешся і прад’яўляеш дысконтную картку. Чаму так атрымліваецца? Дый рыба не заўсёды якасная, хацелася б, каб адміністрацыя магазіна звярнула на гэта ўвагу.
Ларыса МАЦВЯЮК:
– Люблю хадзіць у магазін № 15 “Прадукты”, што ў мікрараёне бальніцы, хаця жыву далекавата ад яго. Імпануюць увага і ветлівасць прадаўцоў, разнастайнасць прадукцыі, яна заўсёды свежая. Арыентавацца ў магазіне лёгка, тавар зручна раскладзены. Выказваю словы ўдзячнасці ўсяму калектыву за ўвагу да нас, пакупнікоў, а таксама за добрыя словы і цёплыя ўсмешкі!
Хачу сказаць і пра аптэкі нашага горада, куды часта хаджу па лекі. Што дзіўна: адзін і той жа прэпарат каштуе ў іх па-рознаму. Самыя высокія цэны ў “Планеце здароўя”, не адстае і аптэка “Белана”. Як такое можа быць? Чаму цэны так адрозніваюцца, і хто іх устанаўлівае? Напрыклад, прэпарат, які аднойчы набыла ў Кобрыне, быў нашмат таннейшы, чым такі ж, які прапаноўвала цэнтральная раённая аптэка № 27. Вось і даводзіцца заказваць лекі знаёмым, якія прывозяць іх з Польшчы, Расіі і Украіны.
Наталля ПЯТРУЧЫК:
– Часцей бываем у “Санце” і “Бруснічцы”. У першым магазіне багаты выбар хлебабулачных вырабаў, рознай выпечкі, але ж яна дарагая, не кожны раз і купіш. Шмат гатовых салатаў, але іх псуе вялікая колькасць маянэзу, якім яны запраўляюцца. З-за гэтага многія і не купляюць іх. Чакаем ад касіраў “Санты” большай ветлівасці і хуткасці пры разліку. У “Бруснічцы”, на наш погляд, не стае разнастайнасці гатовай прадукцыі. Наведваемся таксама ў магазін № 15 “Прадукты”, дзе, здаецца, усяго хапае – прадукцыя на любы густ. Кобрынскі хлеб і каўбасныя вырабы часта купляем у гандлёвых павільёнах індывідуальных прадпрымальікаў, што ў мікрараёне бальніцы. Іх прадукцыя заўсёды свежая. Таксама любім ездзіць у “Карону” ў Брэст. Там найсмачнейшая сялёдка пад шубай і кандытарскія вырабы.
Святлана КАРПАВА:
– Падабаецца бываць у гандлёвым павільёне дзіцячага адзення і абутку “Сезон”, што знаходзіцца на рынку. Яго ўладальнікі Юлія і Алег сустракаюць сваіх пакупнікоў з усмешкай, уважліва ставяцца да кожнага. Тавар, які прапаноўваюць, заўсёды якасны, кошт прымальны. Лічу, галоўнае ў абслугоўванні – гэта ветлівыя адносіны прадаўцоў да пакупнікоў. Такія назіраю ў “Бруснічцы”, “Капеечцы”, “Бакалеі”, іншых гандлёвых кропках горада. У апошняй даводзілася абменьваць тавар: былі пытанні па тэрмінах захоўвання – усё спакойна высветлілі і паразумеліся. Падабаецца, што тут праводзяцца акцыі і дзейнічаюць зніжкі для пенсіянераў у вызначаныя дні. У “Востраве чысціні” ёсць прадавец Соф’я, якая пры разліку паспявае пажадаць кожнаму наведвальніку ўдалага дня. Пасля такой, на першы погляд, дробязі выдатны настрой забяспечаны надоўга. Таму ветлівасць і ўсмешка – аснова культуры абслугоўвання, залог добрых адносінаў паміж прадаўцамі і пакупнікамі.
Апытвала і фатаграфавала Алёна НІКАНЧУК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%