Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.
Пад такою назвай у цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылося мерапрыемства, прысвечанае 80-годдзю з дня нараджэння вядомай беларускай паэткі Дануты Бічэль-Загнетавай. Яно мела форму відэапрэзентацыі. На ім пабывалі васьмікласнікі першай гарадской школы.
Вядучыя мерапрыемства – бібліятэкары Валянціна Славуціч і Юлія Андрасюк – пазнаёмілі вучняў з жыццёвым і творчым шляхам паэткі. Так, нарадзілася яна на хутары Загасцінец, што ў Лідскім раёне на Гродзеншчыне. Вершы пачала пісаць яшчэ ў школьную пару. На развіццё паэтычнага адчування істотна паўплывала родная песня: хораша спяваў бацька, сястра.
Пасля школы Данута стала студэнткай гісторыка-філалагічнага факультэта Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы. А ўжо на чацвёртым курсе з хваляваннем трымала ў руках свой першы зборнік лірыкі “Дзявочае сэрца”.
Настаўнікам Бічэль-Загнетавай быў Васіль Быкаў, які працаваў тады ў “Гродзенскай праўдзе”. Яе твораў ён ніколі не крытыкаваў, а вось на пахвалу не скупіўся.
Вершы паэткі зачароўвалі чытачоў непаўторнай музыкай, лірызмам, красою блізкіх сэрцу вобразаў. Яна засталася вернай выказанаму ў юнацтве палымянаму прызнанню ў любові да Радзімы. Светлы вобраз Беларусі стаў галоўным, скразным матывам усёй творчасці Бічэль-Загнетавай.
Як адзначылі вядучыя, паэтка заўжды імкнулася паказаць з дапамогай паэтычнага слова няпросты свет жыцця жанчын. Шчыра, праўдзіва яна расказвала пра працаўніц, маці, жонак, пра вялікую адказнасць за лёс сям’і, будучыню дзяцей.
Данута Бічэль-Загнетава не змагла абысці ў сваёй творчасці тэму Вялікай Айчыннай вайны. Яркім прыкладам таго з’яўляецца верш “Людзі без смерці”, прысвечаны Васілю Быкаву – пісьменніку-франтавіку. Гэты твор пра пакаленне, якое цаной уласнага жыцця абараніла свабоду і мір на зямлі, знішчыла фашызм.
У зборніках паэткі “Загасцінец”, “Даўняе сонца” і “Дзе ходзяць басанож” гаворыць каханне. Тут яно – сталае, глыбокае пачуццё жанчыны, якая зведала цану жыцця. За апошнюю кнігу з названых Дануце Бічэль-Загнетавай была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Янкі Купалы. Яна стала першай беларускай паэткай, што атрымала такую ўзнагароду.
Вядучыя пазнаёмілі гасцей мерапрыемства і з адметнымі вобразамі паэзіі Бічэль-Загнетавай, якія сталі скразнымі. Гэта Нёман – вечны, як само жыццё, і сасна. Яна – як сімвал еднасці з роднай зямлёй, як сувязь паміж зямным жыццём і бязмежжам высокага неба, Сусвету.
Данута Бічэль-Загнетава пісала не толькі вершы. Першай кнігай яе прозы стаў мастацка-дакументальны твор “Хадзі на мой голас”. У ім успаміны паэткі пра самых блізкіх людзей і сяброў: Уладзіміра Караткевіча, Ларысу Геніюш, Васіля Быкава і многіх іншых. Творчасць Бічэль-Загнетавай знаёміць нас і з гісторыяй роднай зямлі, з выдатнымі асобамі мінуўшчыны: Францыскам Скарынам, Усяславам Чара-дзеем, Еўфрасінняй Полацкай, Кастусём Каліноўскім.
Ёсць у беларускай культуры знакавыя асобы, якія сталі ўвасабленнем нацыянальнага характару, роднай мовы. І гэтая знакавасць належыць ім па праву, іх таленту, бязмежнай любові да чалавека, да роднай зямлі. Такою асобаю была і застаецца Данута Бічэль-Загнетава.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%