Падарунак напярэдадні святаў

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

Для жыхаркі Жабінкі Таццяны Бандарчук кожны сакавік святочны ўдвайне: штогод яна адзначае восьмага чысла Дзень жанчын, а дзявятага – дзень народзінаў. Віншаванні і прэзенты прымае два дні запар. А сёлета адным з падарункаў якраз напярэдадні святаў для Таццяны стала перамога ў ХІІ зімовай рэспубліканскай галіновай спартакіядзе работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, адкуль жанчына вярнулася з дыпломам і медалём за першае месца па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Тройчы трапіла ў “дзясятачку” і двойчы – у “дзявятку”. Такі вынік ашаламіў і вельмі ўзрадаваў.
Стральбой мая суразмоўніца захапілася яшчэ ў школьныя гады дзякуючы настаўніку пачатковай ваеннай падрыхтоўкі СШ № 1 Мікалаю Аляксеевічу Будкевічу. Таццяна была вельмі актыўнай, займалася, як сама жартуе, ва ўсіх магчымых гуртках, сярод якіх найбольш падабаліся па выяўленчым мастацтве (кіраўнік Міхаіл Паўлавіч Карнееў), тэатральны і клубазнаўства ў вучэбна-вытворчым камбінаце.
Першую гарадскую адзінаццацігодку Таццяна скончыла з залатым медалём і паспяхова паступіла ў Брэсцкі політэхнічны інстытут на абсалютна нежаночую, як тады лічылася, спецыяльнасць “ЭВМ. Сістэмы, комплексы і сеткі”. Як прызнаецца жанчына, на выбар прафесіі вялікі ўплыў аказала яе настаўніца матэматыкі і інфарматыкі Тамара Рыгораўна Гаціла, якая разгледзела ў сваёй вучаніцы здольнасці будучага “айцішніка”. Працоўную дзейнасць Таццяна пачынала ў абласным упраўленні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а зараз рупіцца сістэмным адміністратарам у Брэсцкім дарожным эксплуатацыйным прадпрыемстве. Актыўную, ініцыятыўную жанчыну заўважылі і два гады назад прапанавалі пасаду старшыні прафсаюзнага камітэта. Акрамя таго, Таццяна Бандарчук старшыня бацькоўскага камітэта 5 “Б” класа жабінкаўскай СШ № 1, дзе вучыцца яе дачушка Маша – вядомая ў райцэнтры плыўчыха. Нядаўна дзяўчынка абараніла трэці дарослы разрад па плаванні.
– Маша – мая радасць і мой гонар, – прызнаецца Таццяна. – Яе поспехі акрыляюць і мяне. Дзякуючы дачцэ я таксама занялася плаваннем і адчуваю яго станоўчы ўплыў на арганізм. Акрамя таго, Марыя займаецца каратэ кёкусінкай, нядаўна вярнулася з Івацэвічаў з перамогай.
А яшчэ дачушка дапамагае маме і тату вырошчваць памідоры, баклажаны і перцы, якія гаспадарлівыя Бандарчукі высаджваюць на прысядзібным участку каля дома, што будуюць. Буяюць у іх там і буякі, і маліны, і клубніцы.
– Пасля працоўнага дня за камп’ютарам увечары хочацца кардынальна памяняць від дзейнасці, – кажа Таццяна, – пабываць на прыродзе, пазавіхацца на агародзе, зняць разумовую стому. А яшчэ вельмі добра расслабляе вышыўка і вязанне, а створаныя рэчы дораць добры настрой.
З апошніх рукатвораў майстрыхі – сімпатычныя навагоднія званочкі, звязаныя кручком і накрухмаленыя.
Яна ўмее ствараць свята, радавацца жыццю, знаходзіць незвычайнае ў звычайным, любіць падарожнічаць, прымаць удзел у розных спаборніцтвах.
– Мне імпануе рух, развіццё, у галаве мноства задумак па арганізацыі вольнага часу работнікаў нашага прадпрыемства: экскурсій, паездак, паходаў, святочных мерапрыемстваў, – дзеліцца Таццяна Бандарчук. – Мужчын на 23 лютага чакала экскурсія на Пагранічны востраў у Брэсцкай крэпасці, а жанчыны на 8 Сакавіка будуць гуляць у лазертаг. І, калі ўсё атрымаецца, у маі арганізуем паездку калектыву ў Львоў. А яшчэ будзем удзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах і абавязкова перамагаць!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.