Сапраўдная зорка Жабінкаўшчыны

 

Крысціна СЕМЯНЮК.
Фота з асабістага архіва Лізаветы Аксюцік.
Багатая жабінкаўская зямля на таленты. Ёсць тут і мастакі, і паэты, і музыканты. Славіцца наш раён і мілавіднымі дзяўчатамі. Прыгажосць і талент паспяхова спалучае ў сабе юная мадэль з Жабінкі Лізавета Аксюцік. Пра поспехі і планы дзяўчыны расказала яе мама Святлана Іванаўна.
Лізавета заўсёды любіла фатаграфавацца і на ўсіх здымках выходзіла выдатна. Ды і ў жыцці дзяўчына выдзяляецца грацыяй і статнасцю – высокая і стройная цёмнавалосая прыгажуня!
Вясной мінулага года ёй прапанавалі паўдзельнічаць у Брэсцкім гарадскім конкурсе прыгажосці “Міс Вясна – 2017” ад абласнога ліцэя імя Пятра Машэрава, дзе Ліза вучыцца. Яна згадзілася.
Прайшоў адбор, і з трыццаці прэтэндэнтак у фінал трапілі толькі трынаццаць, у тым ліку і наша зямлячка. Па выніках конкурсу Лізавета перамагла ў намінацыі “Міс фота”.
Восенню Святлана Аксюцік пачула па радыё пра яшчэ адзін конкурс – “Супермадэль-2017” – і ўгаварыла дачку паўдзельнічаць.
Мерапрыемства арганізавала Брэсцкая дзіцячая школа мадэляў “Podium Kids”. Хлопцаў і дзяўчат ацэньвалі ў дзвюх узроставых катэгорыях – ад 5 да 16 гадоў і ад 16 да 25. Конкурс складаўся з трох відаў дэфіле: выхад у спартыўным касцюме, у адзенні дзелавога стылю і ў святочным уборы. Цікава, што для другога выхаду Лізавета выбрала форму роднага ліцэя. І глядзелася ў ёй, трэба сказаць, проста цудоўна! Не дзіўна, што званне “Супермадэль-2017” сярод дзяўчат ва ўзросце ад 16 да 25 гадоў атрымала менавіта Ліза.
Зараз яна вучыцца ў 11 класе Брэсцкага абласнога ліцэя на філалагічным аддзяленні. Плануе паступаць у Беларускую дзяржаўную акадэмію авіяцыі. Мама ідэю дачкі падтрымлівае. Лічыць, што рашэнне аб выбары прафесіі кожны павінен прымаць самастойна. Тым больш, Лізавета добра вучыцца па ўсіх прадметах. Нават адмовілася ад рэпетытараў перад паступленнем. Можна з упэўненасцю сказаць, што цяжкасці дзяўчыну не палохаюць! Што ж, застаецца толькі пажадаць ёй поспеху.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.