Крысціна СЕМЯНЮК. Фота аўтара.
Кажуць, што ў ХХІ стагоддзі няма нежаночых прафесій. Сёння прадстаўніцы чароўнага полу становяцца паспяховымі кранаўшчыкамі, кавалямі, пілотамі самалётаў. Нярэдка ў наш час жанчыны ідуць служыць у органы ўнутраных спраў і надзяваюць пагоны. Адна з такіх – Вікторыя Раецкая, начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Жабінкаўскага РАУС.
Вікторыя Віктараўна ў 1999 годзе скончыла матэматычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аляксандра Пушкіна. Некаторы час працавала лабарантам у навучальнай установе. Аднак вырашыла, што хоча прадоўжыць справу бацькі. Віктар Раецкі шмат гадоў жыцця аддаў працы ва ўпраўленні ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама. Неўзабаве і дачка прыйшла на службу ў міліцыю.
Каля дзесяці гадоў Вікторыя Віктараўна працавала ў абласным упраўленні па грамадзянстве і міграцыі УУС Брэсцкага аблвыканкама. Пазней пераехала з сям’ёй у Жабінку і ўладкавалася на службу ў органы ўнутраных спраў нашага раёна. З 2013 года ўзначальвае аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі Жабінкаўскага РАУС.
“У кожнага аддзялення свая спецыфіка працы. У нас велізарны дакументазварот. Але галоўным чынам мы працуем з людзьмі – і замежнікамі, і грамадзянамі Беларусі. Наша служба адказвае, скажам так, за паводзіны гасцей з іншых краін на тэрыторыі рэспублікі. Грамадзян Беларусі мы забяспечваем дакументамі, вядзем улік, узаемадзейнічаем з аддзелам статыстыкі. У нас сабрана вялікая база дадзеных насельніцтва. Мы, з аднаго боку, адказваем за чалавечыя лёсы, а з іншага – за спакой у раёне”, – расказвае пра работу аддзялення Вікторыя Раецкая.
Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня Вікторыя Віктараўна дае параду дзяўчатам, якія жадаюць пайсці на службу ў міліцыю: “Гэта няпростая і вельмі адказная праца. Ад чалавека патрабуюцца ўвага, стараннасць, наяўнасць аналітычных здольнасцяў. Вы павінны зрабіць асэнсаваны выбар, каб не расчаравацца ў прафесіі і якасна выконваць свае абавязкі. Таму што ад нас шмат у чым залежыць дабрабыт грамадзян Беларусі”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%