Безопасность начинается с порядка на производстве

Безопасность начинается с порядка на производстве

“Няма нічога больш важнага, чым жыццё чалавека”, — менавіта з такіх слоў пачаў раённы дзень аховы працы старшыня райвыканкама М.В.Токар і яны па-сутнасці сталі вызначальнай тэмай размовы, што вялася на мерапрыемстве. На семінар былі запрошаны намеснікі старшыні райвыканкама і спецыялісты яго аддзелаў і службаў, а таксама прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў суб’ектаў гаспадарання раёна.
Спачатку было прапанавана пазнаёміцца, як арганізавана работа па тэхніцы бяспекі і ахове працы на ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”. Дырэктар прадпрыемства В.К.Волк падкрэсліў, што гэтыя пытанні абавязкова ўлічваюцца на вытворчасці пры любым тэхнічным пераўзбраенні. Асноўнай мэтай у галіне аховы працы на прадпрыемстве з’яўляецца стварэнне здаровых і бяспечных умоў працы работнікаў, звядзенне да мінімуму прычын вытворчага траўматызму і прафесійнай захворваемасці, аварый, іншых інцыдэнтаў на аб’ектах, зніжэнне прафесійных рызык.
На камбікормавым заводзе растуць аб’ёмы вытворчасці адпаведна павялічваецца колькасць працуючых і, як сказаў Васіль Канстанцінавіч, становіцца цеснавата на тэрыторыі. Аднак кіраўніцтва прадпрыемства знаходзіць выйсце. Не надта многа “забралі” заводскіх плошчаў памяшканні, у якіх пабудавалі пральню для мыцця спецадзення, яго рамонту, абяспыльвання.
Працэс мадэрнізацыі на камбікормавым заводзе няспынны. І тут робяць усё, каб чалавек-працаўнік надзейна адчуваў сябе на рабочым месцы, быў абароненым, каб здаровым са змены вярнуўся дадому. А таму навучанне тэхніцы бяспекі і ахове працы праходзяць не толькі навічкі, якія ўладкоўваюцца на камбікормавы. Удзельнікам семінару паказалі спецыяльна абсталяваны для гэтых мэтаў клас. Закуплены плакаты, спецыяльныя камп’ютарныя праграмы, дзе сабрана багатая інфармацыя ад працоўнага заканадаўства, правіл унутранага распарадку, калектыўнага дагавора да інструктажу, як дзейнічаць у той ці іншай аварыйнай сітуацыі, інструкцый для работнікаў, занятых на асабліва небяспечных участках.
Была магчымасць паглядзець цэх фасоўкі, які на заводзе будуюць за ўласныя сродкі. Гэта дазволіць павялічыць колькасць затаранай прадукцыі. На другім паверсе ўжо справа наладжана, а на першым ідзе ўстаноўка машыны-аўтамата, якая будзе фасаваць камбікорм у 10-кілаграмовыя мяшкі без удзелу чалавека.
На тэрыторыі камбікормавага завода спецыяльна для мерапрыемства раённы камбінат бытавога абслугоўвання арганізаваў выставу спецвопраткі, якую тут шыюць. Быў прадстаўлены, прама скажам, багаты выбар: халаты, касцюмы, камбінезоны, курткі, камізэлькі, рукавіцы і інш. Адзенне адпавядае ўсім тэхнічным нормам, даволі якасны пашыў, да таго ж у РКБА могуць нанесці лагатып прадпрыемства. Цікавіліся цэнамі на вырабы мясцовых вытворцаў. Яны ўпаўне прымальныя, а галоўнае — заказаць можна ў сваім раёне, не патрэбна і ехаць нікуды.
Наступным аб’ектам у гэты дзень было наведванне ўласнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Сто працэнтаў” і знаёмства з умовамі працы і быту яго работнікаў. Будынак на вуліцы Наганава ў Жабінцы, які абсталявалі прадпрымальнікі, доўгі час быў як бяльмо на воку і, магчыма, каб не яны, стаяў бы яшчэ нікому не патрэбным забытым-закінутым. Цяпер тут створана вытворчасць тавараў санітарна-гігіенічнага прызначэння: рулоннай туалетнай паперы і папяровых сурвэтак. У выніку: жабінкаўцы атрымалі рабочыя месцы, а ўмовы іх працы адпавядаюць сучасным патрабаванням.
Як арганізавана работа ў ахове працы ў сельскагаспадарчай вытворчасці, паказалі на прыкладзе ПУАП “Азяты”. Дарэчы, у гэтай гаспадарцы за пошнія шэсць гадоў не было ніводнага няшчаснага выпадку. За гэтым, безумоўна, адказнасць за бяспечныя ўмовы працы як кіраўніка прадпрыемства, спецыялістаў, так і ўсіх рабочых кадраў. Тут таксама ёсць клас аховы працы. У ім прадстаўлена спецвопратка, сродкі індывідуальнай аховы, аптэчкі, інструмент, які нельга выкарыстоўваць, сабраны неабходныя праграмы, па якіх праходзяць навучанне і праверку ведаў розныя катэгорыі работнікаў. У сельгаспрадпрыемстве штомесячна праводзяцца дні аховы працы, наладжаны кантроль за работай механізатараў. Дырэктар гаспадаркі С.С.Шык назваў і канкрэтную суму, што патрацілі на мерапрыемствы аховы працы, у тым ліку на спецадзенне. Гэта абышлося ў 95 мільёнаў рублёў летась, а сёлета ўжо ў 106 мільёнаў.
Што яшчэ можна было пераняць у азятчукоў? Бадай, як дбаюць яны пра парадак на тэрыторыі. Ужо 8 гадоў, як кантора гаспадаркі “пераехала” на плошчы, дзе месцяцца майстэрні і мехдвор. Палічылі тады, што менавіта адсюль прасцей будзе кіраваць усім вытворчым працэсам і, упэўнены, не памыліліся. Цяпер тут цэнтр гаспадаркі, як гаворыць Сяргей Сцяпанавіч, “сэрца прадпрыемства”.
Прадугледзелі, каб для механізатараў былі створаны камфортныя ўмовы працы. Мехмайстэрня зімой ацяпляецца, ёсць гарачая вада, можна пасля работы памыцца, а то і ў лазні папарыцца, якую выдатна абсталявалі ў адным з памяшканняў.
Аднак, як гаварылі самі гаспадары, усё ж не давялося выхаваць у некаторых работнікаў пачуццё адказнасці, не кожны дбае пра парадак на рабочым месцы. Прыводзілі ў прыклад вопыт суседзяў з ААТ “Заходні”, дзе актыўна дзейнічае сістэма штрафаў і заахвочванняў. Напрыклад, заехаў у майстэрню механізатар, адрамантаваў тэхніку, а за сабой не прыбраў, у такім разе нічога не атрымаў за “забыўчывасць”.
Затым у актавай зале райвыканкама прайшло плянарнае пасяджэнне. Намеснік старшыні райвыканкама Ю.В.Кладніцкі расказаў, як наладжана ў нашым раёне работа ў папярэджанні траўматызму, якія меры прымаюцца ў паляпшэнні ўмоў і аховы працы. Ён паведаміў, што за 2006-2010 гады колькасць рабочых месцаў са шкоднымі і небяспечнымі ўмовамі працы зніжана на 27 працэнтаў. Толькі летась на тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю вытворчасці, накіраваных на паляпшэнне ўмоў працы, расходавана амаль 5 мільярдаў рублёў.
З мэтай аператыўнага выяўлення, прафілактыкі, ухілення парушэнняў заканадаўства аб працы і ахове яе, папярэджання няшчасных выпадкаў, павышэння практычнай і метадычнай дапамогі наймальнікам, у раёне створана мабільная група. Сёлета ёю праведзены рэйды ў 14 арганізацыях. Выяўленыя недахопы разгледжаны, ухілены, віноўнікі пакараныя.
Для стымулявання дзейнасці прадпрыемстваў і арганізацый раёна ў стварэнні бяспечных умоў працы работнікаў, захавання заканадаўства аб працы і яе ахове, прафілактыкі вытворчага траўматызму і прафесійнай захворваемасці праводзіцца штогадовы агляд-конкурс.
Удзел у раённым Дні аховы працы прынялі начальнік і галоўны інспектар Брэсцкага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы В.Я.Праватораў і С.В.Раманюк.
С.ВІШНЕЎСКАЯ.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top