Згасла зорачка светлая, ясная, ды ў памяці нашай жыве

 

Год як дзень праляцеў, не заўважылі,
А ўжо зноў сакавік настае.
Толькі памяць дагэтуль настойліва
Супакоіцца нам не дае.

Ты прыходзіш да нас ясным сонейкам
І буйною расой на траве,
Сустракаеш сваім ясным позіркам
Кожнай раніцай у школьным фае.

Моцны след за сабой ты пакінула,
Засталася ў сэрцах людскіх.
І жыццё тваё, вер, прадаўжаецца
Ў тваіх дзецях і ў вучнях тваіх…

Вельмі цяжкім выдаўся мінулы сакавік. Нечакана хутка ўсё адбылося… Мы страцілі роднага чалавека, з якім шмат гадоў ішлі побач, – Віталіну Аляксандраўну Папковіч. Пайшла з жыцця лепшая матуля, жонка, дачка, унучка, а для нас – лепшая сяброўка і калега. Наша зорачка.
Віталіна – чалавек, які паспяваў у жыцці вельмі многа. Выдатнік адукацыі, метадыст і Настаўнік з вялікай літары. Яна ўдзельнічала ў напісанні падручніка “Чалавек і свет” для трэцяга класа, напісала да яго вельмі ўдалы дапаможнік. Колькі часу і сіл займаў клуб “Крыштальны журавель”, падрыхтоўка да ўрокаў у розных куточках Беларусі, майстар-класы для настаўнікаў. Ды і проста работа на сваім месцы, якое не змяніла ні на адну з прапанаваных ёй пасад. “Я хачу працаваць з дзецьмі”, – заўсёды казала яна. І працавала, не спынялася ні на хвіліну.
У сваім прафесійным майстэрстве заўсёды ішла наперад. Колькі дасягненняў, колькі перамог!.. Ні адна не давалася лёгка, але Віта настойліва дабівалася свайго. Кожны раз паўтарала: “Перамога не толькі мая, са мною мая каманда”.
Да яе звярталіся ўсе, каму патрэбна была дапамога. Нікому не адмовіла, усіх падтрымлівала. Цяжка было ўявіць, як школа будзе працаваць без Віталіны, як мы будзем там настаўнічаць, а яе больш там не будзе. Але ж час не стаіць: нам трэба працягваць справу сяброўкі і калегі. А яе думкі, ідэі, парады застануцца ў нашых сэрцах назаўсёды. Яны дапамагаюць нам плённа працаваць, ствараць новае і любіць сваю прафесію так, як любіла яе яна, наша Віталіна.
Ведаем, што шмат хто ўспамінае Віталінку ў гэтыя дні. Мы вельмі ўдзячныя тым людзям, хто не забыў, хто памятае, хто ўзносіць за яе малітвы, ставіць свечкі ў храме… Вялікі ўсім за гэта дзякуй.
Спадзяемся, што нашы ўспаміны не дадалі болю родным Віталіны Аляксандраўны. Не дабавіць, а раздзяліць хоць частку яго з вамі хацелася нам…
Сяброўкі-калегі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.