“Скажы наркотыкам не!”

Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.
Пад такою назвай 28 лютага ў трэцяй гарадской школе прайшла раённая інфармацыйна-адукацыйная акцыя, прымеркаваная да Міжнароднага дня барацьбы з наркотыкамі. У ёй прынялі ўдзел супрацоўнікі райЦГЭ, раённай бальніцы, РАУС, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, а таксама педагогі і вучні першай і трэцяй адзінаццацігодак і гарадскога ліцэя.

Адкрыў мерапрыемства ўрач-эпідэміёлаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Уладзімір Лапус. Уладзімір Ханонавіч адзначыў, што такія акцыі праходзяць па ўсёй Брэстчыне, іх мэта – прапаганда ідэй здаровага ладу жыцця сярод моладзі, прафілактыка ўжывання наркатычных рэчываў. Ён успомніў той час, калі працаваў урачом-эпідэміёлагам у Брэсцкім абласным цэнтры прафілактыкі ВІЧ/СНІД, зараз таксама займаецца гэтымі пытаннямі. Яму даводзілася бываць у сем’ях ВІЧ-інфіцыраваных, наркаманаў і бачыць іх праблемы знутры. У памяці выпадкі, калі жыццё маладых людзей да 30 гадоў заканчвалася заўчасна ад перадазіроўкі. Урач падкрэсліў, што праблемы ВІЧ-інфекцыі і ўжывання наркатычных сродкаў узаемазвязаны, бо ін’екцыйныя наркотыкі – адзін са шляхоў перадачы інфекцыі. Так, у нашым раёне з 15 выпадкаў заражэння ВІЧ 8 чалавек захварэлі на яго праз ін’екцыю. Таксама наркаманы заражаюцца віруснымі гепатытамі В і С. Аб якім здаровым прадаўжэнні роду тады можа ісці гаворка, калі ў бацькоў будуць такія захворванні? У заключэнне Уладзімір Ханонавіч адзначыў: усе мы хочам быць здаровымі, прыгожымі і паспяховымі, мець паўнацэнных дзяцей, ажыццявіць свае планы. Для гэтага трэба адмовіцца ад шкодных звычак і весці здаровы лад жыцця.
Далей слова трымаў оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Жабінкаўскага РАУС Аляксандр Хівук. Аляксандр Анатольевіч зазначыў: летась было выяўлена дзевяць злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркотыкаў, два з іх – цяжкія. Да слова, колькасць іх апошнім часам зніжаецца. Гэта звязана з прыняццем Дэкрэта № 6 “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”. Оперупаўнаважаны расказаў пра адміністрацыйную і крымінальную адказнасць, якую прадугледжвае Дэкрэт і яго новаўвядзенні. Сваё выступленне супрацоўнік аддзела ўнутраных спраў падмацаваў відэаролікам аб распаўсюджванні курыльных наркотыкаў сярод моладзі – спайсаў, наступствах іх ужывання, магчымым лячэнні і мерах пакарання.
Далей да мікрафона быў запрошаны ўрач-нарколаг Жабінкаўскай ЦРБ Сяргей Замахін. Сяргей Валянцінавіч падкрэсліў, што праблема наркаманіі з’яўляецца адной з актуальных для аховы здароўя і грамадства ў цэлым. Гэта абумоўлена цяжкімі медыцынскімі і сацыяльнымі наступствамі злоўжывання псіхаактыўнымі рэчывамі. Ён агучыў некаторыя лічбы. Так, на сённяшні дзень у нашай краіне пад наглядам урачоў псіхіятраў-нарколагаў знаходзіцца больш за
15 тысяч пацыентаў, якія ўжываюць наркатычныя рэчывы. На 1 студзеня бягучага года зарэгістравана 8 025 чалавек з сіндромам залежнасці ад наркатычных сродкаў, у іх ліку 2434 жанчыны і 109 навучэнцаў школ. Сярод наркотыкаў дамінуючымі застаюцца опійныя, канабіоіды, псіхастымулятары. Апошнім часам актыўна распаўсюджваюцца таксама спайсы.
Гаварыў Сяргей Валянцінавіч пра пачатковыя прыкметы праяўлення наркаманіі: знешні выгляд, стан зрэнак, іншыя. Пра наступствы ўжывання наркотыкаў, якія падзяляюцца на тры групы. Медыцынскія ўключаюць дэпрэсію, перадазіроўку, сутаргі, запаленне вен, гепатыты, СНІД; псіхічныя – прывыканне, страхі і на іх фоне высокую суіцыдальную рызыку; сацыяльныя – хатнія скандалы, крымінагеннасць, распад сем’яў і самога чалавека як асобы.
Ён падкрэсліў, што калі толькі пачынаў сваю працоўную дзейнасць у раённай бальніцы (а было гэта 25 гадоў таму), то на ўліку ва ўрача-нарколага стаяла больш за 20 падлеткаў, якія ўжывалі наркотыкі, цяпер жа такія лічбы адсутнічаюць і гэта радуе. Сяргей Валянцінавіч выказаў упэўненасць і надалей бачыць гэты нуль у дачыненні да падлеткаў і пажадаў школьнікам выбраць жыццё без наркотыкаў.
Жыццесцвярджальнымі выказ-ваннямі і песнямі поўнілася яркае і запамінальнае выступленне агітбрыгады трэцяй школы “Наперад!” (кіраўнік Анастасія Ляўковіч). Яе ўдзельнікі выступаюць супраць шкодных звычак і выбіраюць здаровы лад жыцця.
Падчас мерапрыемства на другім паверсе школы ладзілася выстава сценгазет “Скажы наркотыкам не!”. Удзельнікі акцыі мелі магчымасць прайсці анкетнае апытанне “Твае адносіны да наркатычных рэчываў”, пазнаёміцца з інфармацыйнымі буклетамі па тэматыцы акцыі, паўдзельнічаць у віктарыне “Ты шчаслівы заўтра, калі думаеш пра здароўе сёння”, а таксама ў гульнёвых трэнінгах, якія правялі для старшакласнікаў педагогі-псіхолагі першай і трэцяй школ Аксана Зіміна і Сяргей Кісліцын.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.