“Агарод не ў цяжар, а ў радасць…”

Для Алены і Пятра Скачыкоўскіх з вёскі Новыя Дворы веснавы сезон распачаўся з надыходам лютага. Спачатку падрыхтавалі зямлю (яна ўся абавязкова пакупная) і з 13 да 15 чысла, як заўжды штогод, сеялі таматы. Праз месяц настане чарга агуркоў.
Вырошчваннем расады Алена Адамаўна і Пётр Віктаравіч займаюцца даўно і, дарэчы, не ў маленькіх аб’ёмах. Напрыклад, тых жа таматаў да дзвюх тысяч бывае. Столькі ж агуркоў. І сабе, і на продаж хапае. Ёсць і “свае кліенты”. А “сваімі” як становяцца? Любая прадукцыя падкупляе якасцю. Успамінаюць, як аднойчы падышла на рынку жанчына і з удзячнасцю пачала расказваць, што, маўляў, купіла ў вас усяго пару кустоў памідораў, а ўраджай з іх быў такі багаты, як з трох дзясяткаў, набытых у іншым месцы. Цяпер, запэўніла, “толькі вам давяраю”.
– Як усё пачыналася? – расказвае Алена Скачыкоўская. – Паехалі мы з Пятром на Століншчыну, на маю радзіму за расадай агуркоў. Там жа, напэўна, толькі гультай не займаецца агародніцтвам. Паглядзеў муж, як рупяцца землякі і кажа: “Няўжо самі не зможам вырасціць, што мы горшыя?” І пайшло-паехала… Пабудаваў расаднікі, цяпліцы. Сталі садзіць памідоры, агуркі, перцы, баклажаны, капусту. Набывалі вопыт, дзесьці “набівалі шышкі”, вучыліся ў іншых, цяпер самі даём кансультацыі…
– Самае галоўнае, – уключаецца ў размову Пётр Віктаравіч, – добрае насенне. Мы аддаем перавагу галандскаму і французскаму. Дарагое. Але сябе апраўдвае. Немалаважны момант – догляд за раслінамі. Своечасова адкрыць і закрыць цяпліцу – справа не апошняя. Агуркі любяць вільгаць, а памідоры ад яе празмернасці могуць і счарнець, што, дарэчы, было ў нашай практыцы.
Алена Адамаўна паказвае каталог, дзе падрабязна апісаны кожны сорт памідораў. Усе яны пазначаны літарай “F”. Збіраць самім насенне з іх нельга (Скачыкоўскія пра гэта тлумачаць таксама сваім пакупнікам), бо такія гібрыдныя расліны не дадуць ужо высокіх ураджаяў на другі год. Апрабавалі на сваім агародзе і ўпадабалі такія галандскія сарты, як “ралі”, “берберана”, “пазана”, “дымероза”.
Чакаюць сваёй чаргі ўжо нарыхтаваныя пад кожную расліну пластмасавыя шкляначкі, а таксама поліэтыленавыя пакеты з-пад малака і кефіру. У апошніх дно адрэзваецца і шчыльна ўтрамбоўваецца зямля. Пасаджаныя туды кусты месцяцца ў скрынкі. Так яны добра растуць, у іх развіваецца моцная каранёвая сістэма, а пры перасадцы ў цяпліцу ці адкрыты грунт не хварэюць.
Агародніцтва для Алены і Пятра Скачыкоўскіх стала любімым заняткам. Прыгадваюць, як вырасцілі гіганцкія бульбіны вагою ў кілаграм, памідор у 950 грамаў. Алена Адамаўна, усміхаючыся, дадае: “Агарод для нас не ў цяжар, а ў радасць”. Іх найпершыя памочнікі дочкі Кацярына і Дар’я. І хоць пайшлі яны, як кажуць, на свой хлеб, і адна, і другая медыкі, працуюць у Брэсцкай абласной бальніцы, але сялянскай справы не цураюцца, прыязджаюць да бацькоў і па-ранейшаму дапамагаюць. Праўда, угаворваюць хоць крыху скараціць “пасадачныя плантацыі”. Восенню нібыта і згаджаюцца старэйшыя Скачыкоўскія, а вясною ізноў загараюцца ўсё тымі ж клопатамі: насенне, расада, пасадкі, продаж…
Калі закрануць матэрыяльны бок справы, дык у сямейны бюджэт агарод нясе прыбытак. А грашовыя ўнёскі ішлі то на рамонт дома (заўважу, у вясковым доме Скачыкоўскіх інтэр’ер як у гарадской кватэры), то на вучобу дочак… Цяпер старэйшая выйшла замуж, будуе маладая сям’я свой дом. Хто ж дапаможа, як не бацькі?
Пётр Віктаравіч з задавальненнем паказвае свой пітомнік з туямі. Ён паспрабаваў вырошчваць іх з насення і чаранкоў. Атрымалася. Самыя вялікія ўжо метровыя. Будзе што выбраць дачцэ Кацярынцы, каб упрыгожыць дэкаратыўнымі раслінамі падворак ля ўласнага дома. А за прыкладам, як зрабіць гэта найлепшым чынам, далёка ісці не трэба – бацькоўская хата. “Тут ідэальны парадак”, – такая характарыстыка замацавалася за жытлом Алены і Пятра Скачыкоўскіх, якія ў згодзе жывуць разам у Новых Дворах тры дзясяткі гадоў і летась адзначылі жамчужнае вяселле.
…У двары яшчэ не растаў снег. Не вельмі прыветлівы ветрык, але ўжо пахне вясной. І Алена Адамаўна ўсё больш і больш задумваецца, якія кветкі яна пасадзіць уздоўж дарожкі, што вядзе ў дом. Летась цудоўна атрымалася: рознакаляровыя фарбы лілей, бягоній, петуній, аксамітак радавалі вока. “Можа сёлета нешта аднавіць, – разважае жанчына. – Трэба з Пятром ды з дачушкамі параіцца. Сакавік на носе…”
Святлана ВІШНЕЎСКАЯ. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.