Летась раённы фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі ладзіўся ў Ленінскім, сёлета ён адбудзецца ў Ракітніцы. Запыталася ў жабінкаўцаў, чаго ім не хапіла на леташнім свяце і на што цяпер звярнуць увагу арганізатарам пры яго падрыхтоўцы?
Аляксандр МАСЛОЎСКІ:
– Як удзельніку ўзорнага ансамбля народнага танца “Каруначкі”, мне хацелася б, каб і сёлета наш калектыў выступіў на раённых “Дажынках”. У якасці гасцей сцэны прыемна было б убачыць у Ракітніцы знакамітых “Харошак” – нашу легенду, прафесіяналаў з вялікай літары. Яны заварожваюць гледачоў сваім майстэрствам і дораць незабыўныя пачуцці і эмоцыі.
Юлія ДУЛЕВІЧ:
– У першую чаргу патрэбна, каб быў арганізаваны падвоз жыхароў райцэнтра на свята. Не ў кожнага ёсць свой транспарт. Хаця б адзін рэйс туды, а назад павінна быць некалькі. Бо хтосьці захоча вярнуцца дамоў у 18 гадзін, нехта пабудзе і пазней. З-за адсутнасці арганізаванага падвозу не давялося пабываць летась на “Дажынках” у Ленінскім, аб чым вельмі шкадую.
Ларыса БАРОДЗІЧ:
– На Брэстчыне вельмі шмат прадпрыемстваў, якія б маглі прыехаць да нас на “Дажынкі” з прэзентацыяй і дэгустацыяй сваёй прадукцыі. Далёка хадзіць не трэба. Той жа “Савушкавы прадукт”, “Санта Брэмар”, Брэсцкі мясакамбінат або Кобрынскі масларобна-сыраробны завод. Гэта магчымасць бліжэй пазнаёміцца з прадукцыяй нашых прадпрыемстваў, паспрабаваць навінкі, каб потым лёгка арыентавацца ў магазінах і ведаць, што купляеш.
Кацярына ШЫРОКАВА:
– Калі бываем на такіх святах з дзецьмі – у нашай сям’і дзве дачушкі, – не заўсёды ўдаецца паглядзець канцэртную праграму ад пачатку да канца: у малых хутка губляецца ўвага, і яны стамляюцца. Назіраю, што такая сітуацыя і ў іншых бацькоў. У гэты час з дзеткамі маглі б пазаймацца аніматары: развучыць танец, правесці гульню або проста памаляваць. А ў памочнікі можна ўзяць роставых лялек, з якімі потым малыя сфатаграфуюцца на памяць.
Аксана КАВАЛЬЧУК:
– Як урач, на “Дажынкі” запрасіла б прыехаць прадстаўнікоў ААТ “Экзон” (г. Драгічын). Прадпрыемства займаецца вытворчасцю лекавых сродкаў – сіропаў, гематагенаў, таблетак, капсул, парашкоў і гранул, а таксама біялагічна актыўных дабавак да ежы. Лічу, што патрэбна ведаць прадукцыю айчынных вытворцаў, знаёміць з ёю насельніцтва, па якасці яна не ўступае замежнай, а каштуе значна танней.
Міхаіл МЯДЗВЕДЗЬ:
– У праграму свята можна многае дадаць. Напрыклад, конкурс блізнят, спартыўнае свята для шматдзетных сем’яў, экскурсіі па выставе сельскагаспадарчай тэхнікі, выступленне моладзевага гурту, а то перавага на “Дажынках” аддаецца калектывам народнай творчасці. Але перш за ўсё гэта свята працаўнікоў вёскі, дзе мы называем імёны лепшых. Таму менавіта ім патрэбна надаць больш увагі: уручыць дастойныя падарункі, арганізаваць святочны стол, выканаць іх пажаданні наконт выступленняў тых ці іншых артыстаў або калектываў. Дзякуючы шчырай працы сельскіх рупліўцаў нашыя дамы поўняцца водарам духмянага свежага хлеба.
Апытвала і фатаграфавала Алёна НІКАНЧУК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%