Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Святкаванне Дня абаронцаў Айчыны і 100-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь распачалося на Жабінкаўшчыне 23 лютага апоўдні ля помніка загінулым воінам і партызанам. Прадстаўнікі органаў улады, працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў хвілінай маўчання ўшанавалі памяць герояў, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і ўсклалі вянкі і кветкі да помніка.
Затым прысутныя былі запрошаны ў гарадскі Дом культуры на ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае святочнай даце. Вядучыя Алеся Жукава і Ганна Макавецкая расказалі гасцям урачыстасці, што сучасная беларуская армія вядзе адлік сваёй гісторыі з часоў фарміравання на тэрыторыі рэспублікі Рабоча-Сялянскай Арміі. Яе чакала барацьба з жорсткім і моцным ворагам – германскімі войскамі. Салдаты, рабочыя і сяляне мужна абаранялі родную зямлю. Да 23 лютага 1918 года яны прыпынілі прасоўванне нямецкіх войскаў. У гонар бясстрашнага адпору германскім захопнікам з боку першых атрадаў Чырвонай Арміі і гераізму працоўных 23 лютага 1918 года быў аб’яўлены днём нараджэння Чырвонай Арміі і стаў адзначацца як дзяржаўнае свята – Дзень Чырвонай Арміі і Ваенна-марскога флоту.
Сёння ў нашай краіне гэта Дзень абаронцаў Айчыны. Новыя пакаленні вайскоўцаў годна працягваюць ратныя традыцыі герояў-пераможцаў Першай і Другой сусветных войнаў. А Узброеныя Сілы Беларусі – гэта надзейны гарант чыстага неба, міру, спакою і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны.
У гэты дзень віншаванні ад кіраўніка раёна Дзмітрыя Гарадзецкага, старшыні раённага Савета дэпутатаў Анатоля Шалтанюка, начальніка адасобленай групы (Жабінкаўскага раёна) ваеннага камісарыята Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў Аляксея Пятрова, старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” падпалкоўніка запасу Сяргея Візнера прымалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, што адстаялі нашу свабоду і незалежнасць і якіх засталося зусім не шмат, ветэраны вайны ў Афганістане, што з гонарам выканалі інтэрнацыянальны доўг, а таксама тыя, хто па закліку сэрца выбраў для сябе нялёгкую і ганаровую прафесію – абараняць Радзіму, хто ў нашы дні стаіць на абароне яе незалежнасці.
Старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі адзначыў, што самае важнае ў жыцці кожнага чалавека – гэта магчымасць мірна жыць і працаваць. Мы, беларусы, маем яе дзякуючы подзвігу нашых прадзедаў і дзядоў, а таксама дзякуючы тым, хто сёння служыць ва Узброеных Сілах Беларусі, гатовых даць адпор любому ворагу. Па меркаванні Дзмітрыя Мікалаевіча, вызначальным фактарам дасягнення перамогі з’яўляецца не зброя, а высокі маральны дух народа, таму можна сказаць, што абаронцам выступае кожны грамадзянін нашай краіны.
Працягам гэтых слоў стала і выступленне начальніка адасобленай групы (Жабінкаўскага раёна) Аляксея Пятрова. “Абарона Радзімы заўжды была і застаецца свяшчэнным доўгам кожнага чалавека, – сказаў Аляксей Анатольевіч. – А эфектыўныя, высока падрыхтаваныя, аснашчаныя сучасным узбраеннем і ваеннай тэхнікай Узброеныя Сілы Беларусі прызнаны аднымі з самых баяздольных ва Усходняй Еўропе і Азіі”. Аляксей Пятроў падрабязна распавёў пра дзейнасць воінскіх часцей Брэсцкага гарнізона, у якіх мараць служыць многія прызыўнікі.
“Армія закаляе характар, развівае фізічна, вучыць дасягаць пастаўленых мэтаў, выхоўвае сапраўдных патрыётаў”, – адзначыў падпалкоўнік запасу Сяргей Візнер.
Адным з самых хвалюючых момантаў святочнага мерапрыемства стала ўганараванне абаронцаў. Граматамі раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую плённую работу па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі і ў сувязі са 100-годдзем Узброеных Сіл Беларусі былі ўзнагароджаны падпалкоўнік запасу Сяргей Візнер і падпалкоўнік у адстаўцы Сяргей Гурын. Граматы раённага Савета дэпутатаў з рук яго старшыні Анатоля Шалтанюка атрымалі палкоўнік у адстаўцы Васіль Панін і падпалкоўнік запасу Аляксандр Яўстратаў. Акрамя таго, Васіль Панін, падпалкоўнік у адстаўцы Валерый Казакоў і старшы прапаршчык Аляксандр Еўтушук былі ўзнагароджаны юбілейнымі медалямі да 25-годдзя Беларускага саюза афіцэраў. Высокай узнагароды быў удастоены і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Ярас Казачэнка, які дадаў да сваіх медалёў юбілейны – “100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь”.
Музычныя нумары ў выкананні Алесі Жукавай, Валерыя Няменьшага, Аксаны Пракошынай і Наталлі Сяргеевай, юных Карыны Дубоўскай і Варвары Ганчар, агітбрыгады ў складзе навучэнцаў сярэдняй школы № 3 аздобілі свята абаронцаў Айчыны і сталі цудоўным падарункам для віноўнікаў урачыстасці.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%