Небывалы эксперымент у прыродзе

Паважаная рэдакцыя! Вельмі ўдзячна вам, што на старонках раённай газеты вы надаяце ўвагу здароваму ладу жыцця і друкуеце матэрыялы па гэтай тэме. Старажытнагрэчаскі філосаф Платон гаварыў: “Найпершай каштоўнасцю з’яўляецца здароўе. Прыгажосць – другой. І толькі трэцяй –
багацце”.
Хачу нагадаць чытачам “Сельскай праўды”, што 20 лютага споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння Парфірыя Іванова –
заснавальніка сістэмы прыроднага аздараўлення. Доўгія гады ён імкнуўся знайсці шляхі, што вядуць да здаровага ладу жыцця, і адказаць на пытанне, як жыць, каб не хварэць. Парфірый Карнеевіч прапанаваў раскрыць рэзервовыя магчымасці арганізма і абудзіць свядомасць з дапамогай прыродных сіл –
вады, паветра і зямлі, а практычнае ажыццяўленне гэтай задачы ўзяў на сябе. Яго небывалы эксперымент у прыродзе доўжыўся 50 гадоў.
Парфірый Іваноў нарадзіўся ва Украіне. Яго малая радзіма – хутар Верхні Кандручы, што на Луганшчыне. Да 35 гадоў жыў, як усе, а ў 1933-м рэзка змяніў лад жыцця: пачаў закаляць сваё цела. У хуткім часе яму сталі непатрэбнымі абутак і адзенне, і нават у 30-градусныя маразы ён хадзіў босым і ў адных шортах. І так круглы год. Прырода давала Парфірыю моц і сілы, якімі ахвотна дзяліўся з людзьмі. Ён прыходзіў на дапамогу слабым і хворым, бо меў дар вылячэння.
Вынікам эксперыменту Парфірыя Іванова стала “Дзетка”. Гэта 12 парад, якія патрэбна выконваць тым, хто хоча быць здаровым. Свой вопыт ён імкнуўся перадаць усім жадаючым, асаблівую ўвагу надаваў моладзі. Да людзей звяртаўся з такімі словамі: “Станавіся і займай сваё месца ў прыродзе. Яно нікім не занятае і не купляецца ні за якія грошы, а толькі асабістымі справамі і працай у прыродзе сабе на карысць, каб табе было лёгка”.
Мноства людзей у нас у Беларусі і ў іншых краінах займаюцца па сістэме прыроднага аздараўлення П.К. Іванова і ўдзячны яму за вопыт, што ўвасобіўся ў “Дзетку”. Гэта бескаштоўны дар, які кожны з нас можа ўзяць за аснову свайго ладу жыцця.
Вера ЛАЎРАНЮК, жыхарка Жабінкі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.