Спасать людей — почетная работа

Спасать людей — почетная работа

Хмелеўская амбулаторыя адчыніла перад наведвальнікамі свае дзверы на пачатку 2007 года, калі ў вёсцы будаваўся аграгарадок. Зараз на Жабінкаўшчыне існуюць пяць такіх медыцынскіх устаноў. Хмелеўская амбулаторыя сярод іншых заўжды на добрым рахунку. Найперш таму, што для тутэйшых медработнікаў абарона здароўя аднавяскоўцаў стала не проста важным прафесійным абавязкам, але й сапраўдным клопатам душы.
Амбулаторыя абслугоўвае аграгарадкі “Хмелеўскі” і часткова суседні — “Сцяпанкаўскі”.
Ва ўтульным памяшканні, размешчаным у цэнтры вёскі, знайшлося месца для кабінета зубнога ўрача, дзе працуе выдатны спецыяліст Г.В.Андрасюк, ёсць фізкабінет, аптэчны кіёск, пакой дзённага стацыянару, адным словам усё, што дазваляе аператыўна і якасна аказваць разнастайныя медыцынскія паслугі вяскоўцам, каб не даводзілася спяшацца са сваімі болямі-хваробамі ў райцэнтр.
Калектыў узначальвае ўрач Т.Г.Болдырава. Паводле водгукаў хмелеўцаў, Таццяна Георгіеўна — чалавек надзвычай энергічны, працавіты, з выдатнымі прафесійнымі здольнасцямі і чалавечымі якасцямі.
— Доктар у нас харошая і амбулаторыя чыстая, прыгожая, нам вельмі патрэбная, бо ўсё тут па-людску і для людзей зроблена, — гаворыць наведвальніца Ганна Андрэеўна Мышко. — Да мяне дачка Таня з Санкт-Пецярбургу прыехала, сюды зайшла і ўсё здзіўлялася: “Вясковая бальнічка, а лекамі поўная! Гэткага ў Расіі не ў кожнай аптэцы і ў горадзе знойдзеш”.
Зазірнулі ў кіёск, які вызначаецца разнастайнасцю лекавых прэпаратаў, гігіенічных сродкаў, якіх штомесяц прадаюць жыхарам Хмелева і навакольных вёсак на тры мільёны рублёў.
— За медыкаў я свечку ў храме гатовая паставіць, — працягвае пацыентка. — Каб не яны, дык мой Васіль ужо б на могілках ляжаў, а так — тупае яшчэ!
Жанчына размяняла восьмы дзясятак, а сюды прыйшла, як сама кажа, каб “адпачыць пад кропельніцай ды трошкі здароўе падтрымаць”. Пакуль праходзіла працэдуру пра выпадак, што надарыўся з мужам, расказала падрабязней:
— Неяк вясной яму стала раптоўна блага, нават прытомнасць страціў. Я пачала сярод ночы тэлефанаваць нашаму фельчару. Людміла Аляксандраўна хуценька прыбегла, “паваражыла” над Васем, што патрэбна зрабіла. А каб была тая дапамога далёка… і думаць боязна…
Фельчар, вядома, для ўрача — першы памочнік і правая рука. Л.А.Макарэвіч восем гадоў, як пераехала сюды з Бярозы. Па спецыяльнасці яна акушэрка, таму размову пачалі пра самых маленькіх вяскоўцаў. Зараз у амбулаторыі наглядаецца пяцёра немаўлятак, яшчэ на ўліку восем цяжарных. Сярод будучых маці трошкі неяк нечакана “ў лідары” выйшлі сакалоўскія: палова з іх з гэтай вёскі.
Як сведчыць дзіцячая медсястра Алена Іванаўна Крыцкая, у пашпарце амбулаторыі 32 шматдзетныя сям’і, але гэта не мяжа. Чакаецца, што маладыя сем’і, якія абжываюцца ў новых дамах (а іх шмат у апошнія гады пабудавана ў вёсцы), таксама пажадаюць, каб буслы хуценька пад іх стрэхі прынеслі як мага больш “падарункаў”. “А мы ўжо, — гаворыць яна, — маленькіх, каб здаровенькімі раслі, дагледзім абавязкова”.
Пад апекай хмелеўскіх медыкаў 17 населеных пунктаў, да далёкіх і невялічкіх вёсак (такіх як Хмялёўка альбо Багдзюкі) было б складана дабірацца, калі б амбулаторыя не мела сваёй машыны. 1 ліпеня, калі мы завіталі ў Хмелева, у вадзіцеля “хуткай дапамогі” Сцяпана Сцяпанавіча Грыцука быў дзень нараджэння. Святкаваў, як гэта бывае нярэдка, — на выездзе… Зразумела, людзі чакаюць неадкладную дапамогу… Калі ў некага боль, дык свята можа пачакаць…
Дарэчы, Алена, дачка С.С.Грыцука, таксама ўжо другі год працуе ва ўстанове. Дзяўчына — медсястра фізкабінета, зараз на тры месяцы, каб павысіць сваю кваліфікацыю, паехала на курсы. Шмат у жыцці паспявае: і вучыцца ва ўніверсітэце, і спявае-танцуе ў знакамітых “Хмелеўскіх валацугах”. З работнікамі СДК, якімі кіруе маці Алены — Таццяна Дзмітрыеўна Грыцук, у медыкаў надзвычай добрыя адносіны. Сёлета ў іх прафесійнае свята зноў завіталі культработнікі. Вясёлыя прыпеўкі з вуснаў гарэзлівых валацуг — гэта таксама лекі для душы! Неаднойчы ў СДК ладзіліся вечарыны, лекцыі па здароваму ладу жыцця з удзелам медыкаў.
Вялікую дапамогу, сапраўдны клопат яны адчуваюць і ад старшыні Хмелеўскага сельвыканкама Ірыны Міхайлаўны Андрайчук. На тэрыторыі сельсавета жывуць 60 інвалідаў, і за кожным патрабуецца, вядома, асаблівы нагляд.
— Напрыклад, інвалід І групы Іна Нячай з Селішчаў тры гады таму нарадзіла Мацвейку, — расказвае фельчар, — разам з работнікамі сельсавета часта наведваем жанчыну, разам гадуем цудоўнага хлопчыка. А як І.М.Андрайчук клапоціцца пра ветэранаў! Адкрытае ў чалавека сэрца, сапраўдная гаспадыня. Часам нават нас падштурхоўвае: “Заходзіла ўчора да старой жанчыны, тая плача, скардзіцца, быццам, усімі яна забытая, наведайце абавязкова”.
Вось і спяшаецца “хуткая дапамога” па розных адрасах у Сакалова, Селішча, Дзяменічы, Лясоты, Сцяпанкі, Горкі, Жыцінь, дзе жывуць ветэраны — удзельнікі баёў Вялікай Айчыннай.
— Калі нешта ў нашым жыцці добра, — разважае напрыканцы нашай размовы Л.А.Макарэвіч, — дык гэта ад Бога. Да нас надзвычай прыхільна ставіцца айцец Серафім, настаяцель Хмелеўскага мужчынскага манастыра, чыё слова многіх лечыць і духоўна, і фізічна. Усе ягоныя манахі абавязкова абследуюцца ў нашай амбулаторыі. Ён павучае сваіх прыхаджан: “Урачы — ад Бога. Ідзіце да іх, яны дапамагаюць”.
А.БЕНЗЯРУК.
На здымках: фельчар-акушэр Л.А.Макарэвіч аказвае ўрачэбную дапамогу Г.А.Мышко; зубны ўрач Г.В.Андрасюк прымае чарговага пацыента; маленькі хмелевец на прыёме ў медыцынскай сястры А.І.Крыцкай.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top