Злата – дзіця, што прыносіць свята

Святлана БЯЛЯК.
Фота з сямейнага архіва.

Сям’я Таццяны і Сяргея Сысоевых мае сапраўдны скарб. Ён праўда, не пераліваецца на сонцы, не слепіць вочы багаццем, а сто разоў на дзень можа абняць, прызнацца ў шчырай любові, залівіста засмяяцца і праспяваць любімую песеньку. Дачушка Злата – вось галоўны скарб і свята Сысоевых, іх сапраўднае “золата”. Калі яе ручкі абвіваюцца вакол мамінай шыі – ніякіх упрыгожванняў не трэба. А тата намагаецца стрымаць усмешку на вуснах, калі дачушка разгублена перад чарговым выбарам: апрануць сукенку ў гарошынкі або ружовую спаднічку?
Мама прызнаецца, што гэткае нязвыклае, але такое мілагучнае імя пачула ў раддоме і зразумела: лепшага для малодшай дачушкі і шукаць не трэба. А калі ўпершыню ёй прынеслі гэткую белакурую “лялечку” з носікам-гузікам, улюбілася яшчэ больш.
Потым прачытала, што дзяўчынкі з такім імем – людзі творчыя, таленавітыя. Злата Сысоева, нягледзячы на свой юны ўзрост (нядаўна адзначыла сваё 6-годдзе), штодня не перастае здзіўляць маму з татам, бабуль Валянціну і Вольгу, дзядуляў Сяргея і Аляксандра.
– Першыя “творчыя” крокі дачушка “зрабіла” на шпалерах, – узгадала мама Таццяна. – Мастацкі талент праяўляўся не толькі з дапамогай фламастараў, алоўкаў, але нават і маёй губной памады. Не паспееш азірнуцца – ужо новы “шэдэўр” на сцяне гатовы – і перспектыва незапланаванага рамонту. Цяпер, як падрасла, дастаткова альбома для малявання.
Злата ўдасканальвае свае ўменні ў мастацкай студыі развіцця “Час перамен”. Яна няблага спалучае фарбы, адчувае колеры.
Як чалавек творчы, дзяўчынка шмат спявае, таму часта вечарамі ладзіць “канцэрты” для родзічаў. Для юнай спявачкі нават мікрафон давялося купіць. Бацькі часта называюць Злату “дзіця-свята”.
Дарэчы, дзяўчынка спявае ў вакальнай студыі клуба цукровага завода. Дапамагае развіваць прыродныя дадзеныя голасу Галіна Міцковіч. Яе самыя юныя выхаванцы – Злата Сысоева, Каця Буйноўская і Насця Міцковіч – часта з’яўляюцца на сцэне ўтраіх, у ансамблі “Матылькі”. Спяваць Злата вельмі любіць і, як кажа сама гарэза, сцэны не баіцца.
Якія яшчэ таленты заўважылі бацькі і развіваюць? Дзяўчынка з сяброўкамі Маргарытай Лугаўцовай і Соф’яй Царук танцуе ў “Цукарынцы”, а яшчэ – вывучае англійскую мову ў дзіцячай студыі. Згадзіцеся, нямала для дашкольніцы. Гарэза паспявае ўсё і ўсюды. Бацькі здзіўляюцца яе артыстызму (і ў каго яна такая?), а Злата вучыць старэйшага васьмігадовага браціка Мікітку, як сябе на сцэне паводзіць, як стаяць, на гледачоў пазіраць.
У свае шэсць годзікаў яна паўнавартасная маміна памочніца (і бульбу ножыкам на дошцы пакрышыць, і талеркі памые), у магазін ходзіць сама, робіць пакупкі і прыносіць рэшту спаўна. А модніца якая! Калі сукенку на канцэрт апрануць – каб званочкам кружылася, туфлікі – каб абцасікамі стукалі, а панчохі – абавязкова “капронкі”, бо дарослая ўжо! Тата хапаецца за галаву: а якія “заяўкі” на вопратку будуць гэтак у годзікаў 12-15? Мама яго суцяшае: жаночы густ – ён з дзяцінства праяўляецца…
Аб чым марыць маленькае “золатка”? Вельмі хацелася б дзяўчынцы атрымаць чароўную скрыначку для малявання – нават ліст Дзядулю Марозу аб гэтым пісала. А на дзень нараджэння прасіла ролікі і… канцэртную сукенку. Цяпер у яе новая мара: калі вырасце, адчыніць магазін моднай вопраткі. У дзіцяці з такім цёплым, сонечным імем і любячымі бацькамі, верыцца, усё атрымаецца.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.