Адбылася 28 сесія Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў 27 склікання. На яе разгляд выносілася справаздача старшыні Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў Анатоля Шалтанюка аб дзейнасці Савета дэпутатаў у 2017 годзе і стане спраў на падведамаснай тэрыторыі. У абмеркаванні даклада ўдзельнічалі старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў: Юрый Кадоліч, дэпутат ад Ленінскай выбарчай акругі № 19, Анатоль Марчук, дэпутат ад Крыўлянскай выбарчай акругі № 26, Мікалай Ягорчанкаў, дэпутат ад Сцяпанкаўскай выбарчай акругі № 24.
У рабоце сесіі прыняў удзел і выступіў старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі.
Старшыня райсавета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк у сваім дакладзе адзначыў:
– Мінулы год адзначаны пэўнымі станоўчымі вынікамі ў вытворча-эканамічнай сферы раёна, у вырашэнні шэрагу важных сацыяльных праблем, значных для насельніцтва. Дзякуючы сумеснай працы летась забяспечана выкананне трох з чатырох ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы: экспарт тавараў і паслуг (без уліку прадпрыемстваў рэспубліканскай падпа-радкаванасці) і стварэнне рабочых месцаў за кошт новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў.
Аднак дасягнутыя вынікі не павінны выклікаць самазаспакаення. У нас яшчэ многа нявырашаных праблем, а задачы сёлета ў сацыяльна-эканамічным развіцці раёна перад намі стаяць яшчэ больш напружаныя.
Летась быў праведзены бягучы рамонт: аперацыйнага блока хірургічнага, дзіцячага і тэрапеўтычнага аддзяленняў, складскіх памяшканняў, харчаблока раённай бальніцы, Ленінскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, фасада Хмелеўскай АУАП, Пшанайскага ФАПа. Закуплена абсталяванне на агульную суму 45 тыс. рублёў. Набыты два аўтобусы для падвозу дзяцей у Хмелеўскую і Крыўлянскую школы, два камп’ютарныя класы ў Ленінскую і Маціевіцкую школы.
У райцэнтры былі адчынены магазіны “Санта”, “Мясная лаўка”, “Родны кут” (Шчэглікі). Вядзецца работа па правядзенні каналізацыі ў кварталах “Усходні” і “Паўднёвы” райцэнтра, на бягучы год запланавана будаўніцтва сетак цэнтральнага водазабеспячэння ў вёсцы Федзькавічы.
Летась пабудаваны два шматкватэрныя дамы – на 40 і 60 кватэр (у іх 16 арэндных кватэр), з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі палепшылі свае жыллёвыя ўмовы шляхам будаўніцтва кватэр 25 шматдзетных сем’яў і адна сям’я, што выхоўвае дзіця-інваліда.
У 2017 годзе працягваліся работы па развіццю Жабінкі як горада-спадарожніка Брэста. Гэта частка пытанняў, якія ставілі выбаршчыкі перад дэпутатамі, выканаўчай уладай у час прыёмаў, “прамых тэлефонных ліній”. Свой уклад у іх вырашэнне ўнеслі дэпутаты Мікалай Гацкевіч, Віктар Міронаў, Дзяніс Шышчыц, Мікалай Шпакоўскі, Пётр Вайноўскі, Васіль Волк і інш.
Раённы Савет дэпутатаў пастаянна ўдасканальваў узаемадзеянне з органамі выканаўчай улады, раённымі службамі, арганізацыямі, сельскімі Саветамі дэпутатаў, грамадскімі арганізацыямі.
Асноўнай формай дзейнасці з’яўляецца сесія, якая збіраецца па меры неабходнасці, але не радзей, чым адзін раз у квартал. Летась іх праведзена восем. Усяго разгледжана 49 пытанняў: “Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці”, “Аб устанаўленні на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна мясцовых падаткаў і збораў”, “Аб перадачы нерухомай маёмасці” і інш.
Паміж сесіямі работу Савета ажыццяўляў яго прэзідыум. У справаздачным перыядзе адбылося шэсць яго пасяджэнняў, на якіх прыняты 52 рашэнні па розных пытаннях жыццядзейнасці ў раёне.
Значнае месца ў рабоце прэзідыума займае каардынацыя дзейнасці пастаянных камісій. На пасяджэннях разглядаліся пытанні, што хвалююць людзей: “Аб стане вуліц у сельскіх населеных пунктах і прымаемых філіялам КУП “Брэстабл-дарбуд” Жабінкаўскае ДРБУ № 103 сумесна з органамі мясцовай улады мерах па іх паляпшэнні”, “Аб сацыяльнай падтрымцы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, членаў сям’і загінулых, адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых людзей і інвалідаў”, “Аб будаўніцтве жылля і сетак інфраструктуры ў кварталах індывідуальнай жылой забудовы”.
З мэтай рэгулярнага правядзення прапагандысцкай, інфармацыйна-выхаваўчай работы сярод насельніцтва, рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне поўнай і праўдзівай інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў, растлумачэння насельніцтву асноўных накірункаў унутранай і знешняй палітыкі Беларусі, у раёне створана 7 інфармацыйна-прапагандысцкіх груп для правядзення сустрэч у працоўных калектывах і з грамадзянамі па месцы жыхарства. Я з’яўляюся старшынёй інфармацыйна-прапагандысцкай групы № 2.
У адпаведнасці з графікам сустрэч разам з кіраўнікамі аддзелаў райвыканкама, раённых службаў, што ўваходзяць у яе склад, у справаздачным перыядзе мы сустракаліся з працоўнымі калектывамі раённага вузла электрасувязі, ААТ “Арэпічы”, электрасетак, Хмелеўскай школы, раёна газазабеспячэння ВУ “Брэстгаз”, жыхарамі аграгарадкоў Мацеевічы і Крыўляны. Варта адзначыць, што практычна на кожнай сустрэчы ўзнікаюць тыя ці іншыя пытанні, па якіх даюцца тлумачэнні, а калі яны патрабуюць далейшага разгляду, то іх уключаюць у пратакол даручэнняў старшыні райвыканкама і накіроўваюць для рэагавання адказным за іх вырашэнне.
Роля дэпутатаў, актыву тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання бачыцца не толькі ў рэалізацыі інтарэсаў выбаршчыкаў, у фарміраванні грамадскай думкі пра станоўчыя бакі нашай дзейнасці, але і ў яе выкарыстанні ў барацьбе з негатыўнымі з’явамі, такімі як п’янства, сямейны недабрабыт, абыякавасць да бяды іншага чалавека, раўнадушша да ўдзелу ў грамадска-карысных справах населенага пункта. Дзейнасць у гэтым накірунку праводзіцца. Створана дзевяць грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, з іх два ў горадзе, сем пры сельскіх Саветах дэпутатаў. Яны цесна працуюць з РАУС, участковымі інспектарамі, вядзецца работа па прапагандзе здаровага ладу жыцця.
Усё гэта дае станоўчыя вынікі. Летась у параўнанні з папярэднім годам адбылося зніжэнне агульнай колькасці зарэгістраваных злачынстваў са 163 да 146.
Інстытут старастаў у раёне працуе ўжо дзевятнаццаць гадоў, назапашаны пэўны вопыт у арганізацыі іх работы. Яны садзейнічаюць у вырашэнні пытанняў кожнага населенага пункта, прымаюць удзел у пасяджэннях сельвыканкамаў, сесіях сельскіх Саветаў дэпутатаў, выязных прыёмах грамадзян, а таксама ва ўсіх грамадска-палітычных кампаніях. На Жабінкаўшчыне працуюць 72 старасты, 14 з іх – дэпутаты сельскіх Саветаў дэпутатаў. Яны – незаменныя памочнікі старшыняў сельвыканкамаў, дапамагаюць своечасова рэагаваць на тую ці іншую сітуацыю ў вёсцы, вядуць растлумачальную работу сярод насельніцтва аб захаванні пэўнага санітарнага і супрацьпажарнага стану ў домаўладаннях і інш. Заслугоўвае падзякі работа старастаў вёсак: Вежкі – Марыі Галавейка, Вялікія Сяхновічы – Уладзіміра Кірыльчука, Алізараў Стаў – Аляксея Юхімука, Налезнікі – Ларысы Чашук, Шчэглікі – Алены Каменка, Здзітава – Аляксандра Батулі, Сенькавічы –
Любові Літвінюк, Курпічы і Зеленкаўшчызна – Ларысы Радаванюк, Пруск – Антона Жыгмана і іншых. Яны не пакідаюць без увагі і дапамогі кожнага жыхара вёскі, ведаюць усе іх патрэбы і смела працуюць над іх вырашэннем.
Выконваючы пастанову Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі “Аб рабоце органаў мясцовага кіравання і самакіравання са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб” у раёне прымаюцца меры па ўдасканаленні механізму яе рэалізацыі.
Па выніках мінулага года назіраецца тэндэнцыя да зніжэння на 18 % колькасці зваротаў, што паступілі ў сельскія Саветы дэпутатаў. Па тэматыцы пераважаюць тыя з іх, што тычацца жыллёва-камунальнай гаспадаркі, газіфікацыі, рамонту дарог. Кіраўніцтвам райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў праведзена 51 “прамая тэлефонная лінія”, падчас якіх паступіла 87 зваротаў. Адзін раз у два месяцы арганізаваны выязны прыём грамадзян у аддаленыя вёскі з удзелам дэпутатаў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый. Асабіста я правёў 8 “прамых тэлефонных ліній” і ўдзельнічаў у пяці выязных прыёмах, падчас якіх паступіла 25 зваротаў. Па ўсіх іх ці прыняты рашэнні, ці дадзены тлумачэнні.
Хачу падзякаваць усім дэпутатам за работу ў акругах на працягу склікання, за актыўны ўдзел у рабоце сесій, пажадаць усім моцнага здароўя, міру, дабрабыту.
Усе разам мы робім адну агульную справу дзеля росквіту раёна і паляпшэння ўмоў пражывання яго жыхароў.
Запісала Святлана Кіслая.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%