Святлана КІСЛАЯ. Фота Наталлі УРБАН.
Васіль Міхайлавіч Шышчыц днямі адзначыў свой важкі 90-гадовы юбілей. Павіншаваць яго з такой шаноўнай жыццёвай датай прыйшлі не толькі шматлікія родныя і блізкія людзі, але й сябры, калегі, з якімі некалі працаваў юбіляр і дагэтуль падтрымлівае сяброўскія адносіны.
Нямала цёплых і шчырых віншавальных слоў у свой адрас пачуў Васіль Міхайлавіч ад кіраўніка раёна Дзмітрыя Гарадзецкага, старшыні райсавета дэпутатаў Анатоля Шалтанюка, старшыняў райсавета ветэранаў педагагічнай працы Тамары Барысюк і райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталлі Урбан і іншых.
Васіль Міхайлавіч мае багаты практычны жыццёвы вопыт. Адразу пасля заканчэння Брэсцкага дзяржінстытута імя Пушкіна ў 1950 годзе ён узначаліў педагагічны калектыў Шчарчоўскай сямігодкі, потым 13 гадоў быў дырэктарам Якаўчыцкай школы. Працаваў у аддзеле прапаганды КПБ, узначальваў раённы камітэт народнага кантролю. Аднак большасць маладзейшых калег памятаюць яго як старшыню Жабінкаўскага райсавета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, бо займаў гэтую пасаду 27 гадоў. Васіль Міхайлавіч мае высокія ўзнагароды, сярод якіх – ордэн “Знак Пашаны” і пяць медалёў.
А самыя галоўныя жыццёвыя ўзнагароды – гэта прызнанне ягоных заслуг у развіцці роднага краю, цёплыя словы калег, родных і блізкіх. Няхай спраўдзяцца пажаданні сустрэць 100-гадовы юбілей у бадзёрасці, здаровым целе і ясным розуме!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%