Пытанні, што хвалююць педагогаў

Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.
На мінулым тыдні інфармацыйна-прапагандысцкая група, якую ўзначальвае старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, сустракалася з працоўным калектывам трэцяй гарадской школы.
У першай частцы сустрэчы Дзмітрый Мікалаевіч расказаў пра самыя важныя вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці і як на іх фоне выглядае Жабінкаўшчына.
– Мне прыемна знаходзіцца ў калектыве педагогаў, – падкрэсліў кіраўнік раёна. – Бо дзякуючы і вашай штодзённай руплівай працы, а таксама цеснаму супрацоўніцтву з бацькамі вучняў, мы маем сацыяльную і палітычную стабільнасць у грамадстве, няхай і ў разрэзе аднаго дня.
Дзмітрый Мікалаевіч паведаміў настаўніцкаму калектыву, чым жыла Жабінкаўшчына ў 2017 годзе, якімі дасягненнямі можа ганарыцца.
А летась зроблена нямала. Так, скажам, у сельскагаспадарчай галіне наш раён займае другое месца ў вобласці і сёмае ў рэспубліцы па надоі малака ад каровы (6601 кілаграм). Мінулы год выдаўся ўдалым для аграрыяў, і раён стаў другім у вобласці па дасягнутай ураджайнасці цукровых буракоў.
Нямала дасягненняў і ў іншых сферах. Так, летась было пабудавана звыш 15 тысяч квадратных метраў жылля, у тым ліку – два шматкватэрныя дамы (дарэчы, адзін з іх прызнаны лепшым у рэспубліцы па энергазберажэнні). 25 кватэр атрымалі шматдзетныя сем’і.
Таксама значна палепшылася сітуацыя ў прамысловасці: скажам, торфабрыкетны завод напрыканцы 2017-га нарэшце атрымаў прыбытак. На бягучы год перад раёнам пастаўлена нямала задач.
У другой частцы сустрэчы Дзмітрый Мікалаевіч быў гатовы выслухаць праблемы, што хвалююць настаўнікаў трэцяй гарадской школы і ліцэя. Сяргей Карпук, настаўнік фізічнай культуры і здароўя СШ № 3, заклапочаны станам бегавых дарожак, спартыўнага інвентару на тэрыторыі школы, якія ўжо маральна састарэлі і не адпавядаюць патрабаванням бяспекі. А сюды прыходзяць займацца спортам не толькі вучні школы і ліцэя, але і спартыўнай школы, і навучэнцы спецшколы-інтэрната. Сяргея Аляксандравіча цікавіла, ці будзе праведзена рэканструкцыя спартыўнай пляцоўкі. Таксама гучала прапанова цікава размаляваць агароджу пад пуцеправодам, якая цягнецца ўздоўж рэек.
Адна з класных кіраўнікоў пацікавілася, ці можна на сходах у буйных арганізацыях і на прадпрыемствах адзначаць бацькоў, што добра займаюцца выхаваннем дзяцей, а школьнікам-выдатнікам уручаць грашовыя прэміі. Таксама прагучалі пытанні, калі нарэшце акультурыцца гарадскі парк; навошта ноччу адключаецца гарачае водазабеспячэнне; ці плануецца замена камп’ютарных класаў у гарадскіх школах і інш.
На ўсе пытанні кіраўнік раёна даў грунтоўныя адказы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.