Выращивая красоту, создавая настроение

Выращивая красоту, создавая настроение

У фермерскай гаспадарцы “Ева-Лэнд”, якая месціцца на зямлі жабінкаўскай з 2006 года, вырошчваецца прадукцыя, якую паэты называюць вершамі зямлі. Яна такая ж далікатная, лірычная, прыгожая, як радкі вершаў. Гэта кветкі, якімі сустракаюць пры нараджэнні, радуюць на вяселлях, аддзячваюць за творчае майстэрства, упрыгожваюць відовішчы і памятныя ўрачыстасці… Яны нам патрэбныя на працы і дома, у летнюю спякоту і сцюдзёную зіму — патрэбныя заўсёды, таму што без прыгажосці чалавек не можа жыць.
— Няма такіх людзей, якіх бы не радавалі кветкі, — гаворыць гаспадыня Настасся Паўлаўна Кухарчук. — Жоўценькія мімозы, чырвоныя цюльпаны — вестуны вясновага абуджэння, мілага і добрага свята нашых матуляў… Каханым часцей дораць белыя ружы, якія лічацца кветкамі надзеі. З літаратуры вядома, напрыклад, што засушаная кветачка, узятая на чужбіну, прыносіла душэўны спакой, была напамінкам пра родны куточак, блізкіх. Бачыце на што здольная кветкавая прадукцыя.
Сапраўды, каб кветкі вабілі сваёй прыгажосцю, трэба шмат і напорыста працаваць, так як Кухарчукі. Пачыналі даўно, яшчэ ў 90-ыя гады: спачатку  для эстэтыкі свайго дачнага ўчастка, пазней сталі дзяліцца са знаёмымі, сябрамі, а потым выйшлі на рынак. Хоць тыя гады фінансава былі складаныя, але людзі цягнуліся да прыгажосці, праблем са збытам не назіралася. Трэба было расшырацца: сям’я Кухарчукоў бярэ 16 гектараў зямлі ў былым КУСП “Ракітніца” ў пажыццёвае карыстанне з правам атрымання ў спадчыну і пачынае займацца дэкаратыўным кветкаводствам. Гэта ў асноўным аднагадовыя расліны, якія выкарыстоўваюцца для ўпрыгожвання гарадскіх і вясковых вуліц, балконаў, прысядзібных тэрыторый і ля адміністрацыйных будынкаў. Кветкі вырошчваюцца тут на трох гектарах, на астатніх, каб зямля не пуставала, сеюць сельскагаспадарчыя культуры. Сёлета, напрыклад, пасеялі моркву.
— За аснову ў сваёй справе ўзялі галандскія тэхналогіі, — расказвала Настасся Паўлаўна. — На закрытым грунце, ён, дарэчы, таксама замежны, вырошчваем усе кветкі, і насенне, і іншы гаспадарчы матэрыял завозіцца ў асноўным з Галандыі. Працуем з калегамі з гэтай краіны напрамую, што дазваляе дакладней пераймаць вопыт. Пакуль і мы, і яны задаволены такім супрацоўніцтвам.
У фермерскай гаспадарцы “Ева-Лэнд” працуюць не толькі заснавальнікі гэтай справы і іх дзеці, а й пастаянныя рабочыя, якія маюць поўны сацыяльны пакет. Ёсць тут бухгалтар, вадзіцель, чатыры пастаянныя працаўнікі. Цёпла гаварыла Настасся Паўлаўна пра руплівыя адносіны да працы Аксаны Крываручка, Марыі Баярчук, Аляксандра Новіка і Алега Думы… У напружаныя месяцы ў цяпліцах рупяцца дапаможныя работнікі з мясцовых жыхароў.
Колькі гадоў таму ў гаспадарцы з’явілася сучасная цяпліца з кропелькавым палівам. Абсталяванне завезлі з Расіі, а мантаж яго правяла “Цяпліцатэхмантаж” з Брэста. Ёсць тут ужо сучасныя стэлажы, падсветка, зашторванне. Было гэта сапраўды дасягненнем, а сёлета ў год прадпрымальнасці ў ёй з’явіўся газ, раслінам была пастаянная тэмпература, якасць іх намнога палепшылася: лісцёвая і кветкавая гама сталі багацейшымі, больш трывалымі. Ахвотна раскупляюцца.
Хто аднойчы набыў кветкі, вырошчаныя на зямлі Евы (так перакладаецца назва гаспадаркі), вяртаюцца сюды зноўку. Пастаяннымі кліентамі з’яўляюцца СВК “Рагазнянскі”, ААТ “Савушкавы прадукт”, Кобрынскі сыраробны завод, жыллёва-камунальныя гаспадаркі Маларыты, Камянца і Жабінкі частыя госці тут. Настасся Паўлаўна Кухарчук у размове заўважыла, што калі-нікалі чуе такія выказванні “не прыжыліся”, а таму раіць мець у жылкамунгасах дызайнераў і высаджваць кветкі своечасова, а не ў спякоту. Многа прадукцыі з гаспадаркі адпраўляецца на азеляненне Гомеля, Мінска. У час нашага прыезду загружаўся мясцовы “МАЗ” кветкамі для Мінска, дзе напярэдадні Дня Незалежнасці краіны даафармляліся клумбы.
Сёлета радуюць вока прахожых герані і петуніі розных гатункаў, скаволы, фуксіі, бягоніі, тагетусы, лабэліі, духмяны тытунь, львіны зеў, агератумы, іншыя, вырашчаныя фермерамі-кветкаводамі. Пакупнікоў цяпер менш (наплыў іх — у канцы красавіка-маі), таму Настасся Паўлаўна разам з рабочымі рыхтавалі цяпліцу пад хрызантэмы, чаранкаванне якіх ужо правялі. Так што восенню, у пару больш панурую, дажджлівую, настрой паляпшаць нам будуць гэтыя кветкі.
Пацікавілася ў гаспадыні “Ева-Лэнда” ці ўся прадукцыя разыходзіцца. Яна ўсміхнулася і сказала: “Мой прынцып такі: каб заставалася, узнікаюць непрадбачлівыя сітуацыі ў нашым жыцці. Азеляненне ў асноўным закончылася. Цяпер ужо будуць браць на святочныя ўрачыстасці, на здачу аб’ектаў, перад школьным званком першага верасня”.
Падзялілася фермар Н.П.Кухарчук і некаторымі задумкамі. Завяршаецца будаўніцтва двух катэджаў для сям’і. Сядзібы марыць пераўтварыць ва ўзор добраўпарадкаванасці. На зямлі “Ева-Лэнда” пасадзіць кляновую алею (саджанцы ўжо растуць тут), мець такі магазін-цяпліцу, дзе б была выстава ўсіх відаў кветак. А ў перспектыве можа з’явіцца яшчэ адна сучасная цяпліца.
Гаспадыня “Ева-Лэнда” задаволена, што кветкі, вырашчаныя ёю, упрыгожваюць жыццё, там, дзе растуць, а не ў сарванай ахапцы.
Л.КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top