Зіхацяць медалі на грудзях ветэранаў

Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.

23 лютага Узброеныя Сілы Беларусі адзначаюць 100-гадовы юбілей. З гэтай нагоды праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, адно з якіх – уручэнне юбілейных медалёў. Напярэдадні святкавання Дня абаронцаў Айчыны ўзнагароды знайшлі сваіх герояў – тых, на чые юнацтва і маладосць выпалі жудасныя дні “карычневай навалы”.
Начальнік адасобленай групы (Жабінкаўскага раёна) падпалкоўнік Аляксей Пятроў, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Марыя Сянішына, старшыня Крыўлянскага сельвыканкама Анатоль Марчук і прадстаўнік раёнкі павіншавалі даўно пасівелых вызваліцеляў і абаронцаў са святам і ўручылі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны юбілейныя медалі і часопісы пра Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь.
…Найперш завіталі да Міхаіла Міхайлоўскага (на здымку), што жыве ў вёсцы Барздзілы. Міхаіл Ісаакавіч вызваляў Чэхаславакію, Польшчу. Аб яго няпростай баявой маладосці сведчыць святочны пінжак, увешаны медалямі і ордэнамі, з якіх для былога воіна найбольш важкія – ордэн Чырвонай Зоркі і ордэн Айчыннай вайны. Расчулены ветэран усхвалявана разглядваў уручаны юбілейны медаль і ахвотна падзя-
ліўся некаторымі ўспамінамі пра баявыя дзеянні ў гады вайны. Госці пажадалі яму моцнага здароўя і надалей заставацца бадзёрым і рухавым.
Уладзімір Іосіфавіч Церпілоўскі таксама вызваляў Польшчу. Аб яго баявых заслугах нагадваюць ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені і шрам на целе ад кантузіі ў кастрычніку 1944 года. Разам з жонкай (абаім ужо больш за 90 гадоў) праводзяць зімовыя вечары ў драўлянай хаце ў вёсцы Лясоты.
Уладзімір Сцяпанавіч Касцюковіч у складзе 112-га стралковага палка 39-й дывізіі з баямі прайшоў праз Польшчу і Германію. Шалёная куля праціўніка адправіла маладога салдата на шпітальны ложак у навагоднюю ноч 1945 года. Ды ці мог звяртаць увагу на раненне воін, калі дух перамогі ўжо вітаў у паветры? Дадому Уладзімір Касцюковіч вярнуўся вызваліцелем з ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За адвагу”, “За бездакорную службу ІІІ ступені”, сустрэў сваю палавінку. З жонкай у згодзе і каханні пражыў звыш паўстагоддзя ў сакалоўскай хаце. Гасцям з раёна, ды яшчэ з медалём, Уладзімір Сцяпанавіч быў рады, толькі ў вачах ветэрана чытаўся пэўны сум: заўжды любую радасць з ім дзяліла жонка. Аднак больш як год ён жыве ўдаўцом. Яго аддушына – сямейны альбом, які вяртае ўспамінамі ў лепшыя хвіліны жыцця.
Жывіце доўга, ветэраны!

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*