Время Независимости

Время Независимости

На Зямлі 3000 народаў, і ніхто з іх не жадае жыць у няволі, пад прымусам. Ёсць больш за 200 краін, і кожная заплаціла вялікую цану за права звацца свабоднай. Але галоўнае — няма ніводнай нацыі і ніводнай дзяржавы, што здабылі сваю вольнасць у баях і не святкуюць з годнасцю свой Дзень Незалежнасці.
У беларусаў свой складаны шлях да незалежнасці: 3 ліпеня аб’ядноўвае і час вызвалення ад захопнікаў, і пачатак мірнага самастойнага існавання дзяржавы. У самыя светлыя і ўрачыстыя дні нашы землякі прыходзяць да народных святыняў, якіх нямала на зямлі. Жабінкаўцы — да свайго Салдата, якому наканавана стаяць навечна на цэнтральнай гарадской вуліцы і слухаць спеў імклівых цягнікоў…
Так, традыцыйна ў Дзень Незалежнасці у Жабінцы, каля помніка загінулым воінам і народным мсціўцам, што ахвяравалі жыццём дзеля свабоды ў далёкім ліпені сорак чацвёртага, ладзіцца мітынг.
— Гэтае свята — сімвал адзінства нашага грамадства, міру і стабільнасці, — гаворыць старшыня райвыканкама Мікалай Васільевіч Токар. — Яно мацуе пераемнасць пакаленняў, павагу да традыцый, што дазваляюць берагчы і памнажаць каштоўнасці, атрыманыя ад бацькоў і дзядоў.
Найбольшая каштоўнасць, бясспрэчна, — Перамога, здабытая на палях вайны. Таму сённяшні дзень, на думку дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны Ніны Фёдараўны Федарук, аб’ядноўвае самаадданасць і гераізм, адзінства і волю да Перамогі, з’яўляючыся шляхам да міру і згоды, прыкладам любові да сваёй Айчыны.
Асобны зямны паклон за тое — ветэранам. Ад іх імя слова трымаў Уладзімір Харытонавіч Саўчук. Ён падкрэсліў: менавіта вынішчэнне самага жорсткага ў чалавечай гісторыі фашысцкага рэжыму адкрыла шлях Беларусі да набыцця сваёй Незалежнасці.
Выдатна, што гэта ўсведамляюць і пакаленні маладых, якім быць стваральнікамі і гаспадарамі агульнага ўтульнага дома — прыгожай сувярэннай Беларусі. Урокі народнага патрыятызму бессмяротныя, маральныя ідэалы мінулых пакаленняў натхняюць моладзь на добрыя справы. Пра гэта гаварыў першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Мікалай Васільевіч Лугаўскі.
Далей прыйшло хвалюючае імгненне, калі святло ўдзячнай памяці, жалобы асвятліла імёны тых, хто 67 гадоў таму загінуў у полымі вайны пры вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў… Гулкая цішыня. І толькі самотны дробны дождж суправаджае адрывістыя ўдары метранома, які няспешна адлічвае хвіліну памяці…
Пасля пад гукі духавога аркестра прадстаўнікі працоўных калектываў і арганізацый раёна ўсклалі кветкі да помніка загінулых воінаў і партызан. Пранікнена гучала песня ў выкананні Таццяны Ткачук, прысвечаная роднай краіне і цудоўнаму святу.
А далей урачыстасць перамясцілася ва ўтульную залу гарадскога Дома культуры, дзе для жыхароў і гасцей раёна ладзіўся вялікі канцэрт удзельнікаў мастацкай самадзейнасці Жабінкаўшчыны. Багаццем спеваў і танцаў культработнікаў ГДК, Крыўлянскага, Ракітніцкага, Хмелеўскага сельскіх Дамоў культуры, Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў было аздоблена галоўнае свята сінявокай краіны.
А.РОСТАЎ.
На здымках: у час святкавання Дня Незалежнасці ў Жабінцы.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top