Жыццёвы дэвіз Ніны Семянюк

Жыццёвы дэвіз Ніны Семянюк

Крысціна СЕМЯНЮК.
Фота аўтара.

У дзяцінстве на наша выхаванне і развіццё ўплыў аказваюць не толькі родзічы і сябры, але і першыя настаўнікі. Таму так важна, каб вучняў малодшых класаў накіроўваў мудры педагог. Узорам дабрыні, адказнасці і адданасці сваёй прафесіі з’яўляецца Ніна Семянюк, якая доўгія гады працавала настаўнікам у Крыўлянскай сярэдняй школе. Акрамя таго, у студзені жанчына адсвяткавала 90-гадовы юбілей!
Ніна Фёдараўна нарадзілася ў 1928 годзе. Да 1939-га яе сям’я жыла на хутары за чатыры кіламетры ад Дняпра і за сем ад Жлобіна. У школу дзяўчынка пайшла ў 8 гадоў. Спачатку дабіралася з хутара ў вёску Чацвярня Жлобінскага раёна, а праз тры гады туды пераехала ўся сям’я Ніны Фёдараўны.
Дзяўчынка вучылася на “выдатна”, і ўсе школьныя прадметы ёй даваліся лёгка. З цяплом Ніна Фёдараўна ўспамінае сваю першую настаўніцу: “Яе звалі Любоў Аляксандраўна Аляксеева. Яна была выдатнай настаўніцай. Адукаванай, добрай, але патрабавальнай. Упэўнена, менавіта дзякуючы ёй я выбрала гэту прафесію”. Потым Любоў Аляксандраўна пайшла ў дэкрэтны адпачынак, і ў Ніны Фёдараўны ў чацвёртым класе вёў заняткі іншы настаўнік – Іван Аляксандравіч.
Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Ніна Семянюк паспела скончыць усяго пяць класаў школы. А потым была нямецкая акупацыя. Цагляны аднапавярховы будынак школы захопнікі выкарыстоўвалі як канюшню. Заняткі спыніліся.
У 1942 годзе да Ніны прыйшоў яе ранейшы настаўнік – Іван Аляксандравіч – і сказаў, што школа зноў будзе працаваць. “А па якіх падручніках мы будзем вучыцца?” – спытала тады дзяўчынка з сумненнем. “Ды па тых жа самых. Толькі трэба павыкрэсліваць усе ўпамінанні пра савецкую ўладу”, – адказаў ёй настаўнік. Ніна заявіла, што ў такую школу хадзіць не хоча.
У тым жа годзе на тэрыторыі Жлобінскага раёна з’явіліся партызаны. “Мы былі вельмі рады!” – успамінае Ніна Фёдараўна. Вёска Чацвярня знаходзілася за кіламетр ад чыгункі Гомель – Масква. Каб абараніць яе ад партызан, немцы пачалі высякаць лес. На працу ганялі мясцовых жыхароў. “Спачатку трэба было ачысціць 10 метраў ад чыгункі, а потым 250. Хадзілі ў асноўным жанчыны і дзеці. Мужчын адпраўляць баяліся. У суседніх вёсках былі выпадкі, калі іх усіх збіралі, садзілі ў цягнік і некуды везлі”, – расказвае Ніна Фёдараўна.
Жанчына ўспамінае адзін выпадак. З суседскай дзяўчынкай Лідай яны спілоўвалі высокую бярозу. Не заўважылі, што недалёка хадзіў немец. Цяжкі ствол закрануў мужчыну. “Мы вельмі спалохаліся! Ён гучна крычаў, лаяў нас па-нямецку, але нічога не зрабіў”, – кажа Ніна Семянюк.
У 1943 годзе на тэрыторыі Гомельскай вобласці актыўна дзейнічала супраціўленне. Да партызанскага атрада далучылася і старэйшая сястра Ніны Фёдараўны Валянціна. Мясцовыя жыхары не маглі трымаць ніякую жыўнасць. Немцы забіралі ўсё, нават нованароджаных цялят і парасят. “Усе нашы людзі гарэлі адным жаданнем – перамагчы! І немцы пачалі адступаць. Якое гэта было шчасце для нас!” – гаворыць Ніна Фёдараўна.
Побач з вёскай Чацвярня немцы пачалі будаваць абарону. Ніна Семянюк успамінае: “Нашу сям’ю двойчы вывозілі ў іншыя раёны. Мясцовыя жыхары вельмі добра да нас ставіліся. Адна жанчына нават дзялілася ежай”.
Ужо пасля вайны Ніна скончыла шосты і сёмы класы. Падчас дзяржэкзаменаў захварэла на тыф, таму здавала толькі адзін. Бацькі і сястра хацелі, каб Ніна паступіла ў медвучылішча ў Бабруйску. “Спачатку я падала туды дакументы, але потым зразумела, што заўсёды хацела быць настаўніцай”, – з усмешкай расказвае жанчына. Так яна апынулася ў Бабруйскім педагагічным вучылішчы. Праз два гады яго пераўтварылі ў інстытут. Дзяўчыне прыйшлося перавесціся ў Слуцкае педвучылішча. У 1951 годзе скончыла вучобу. Яшчэ месяц праходзіла ў Гомелі курсы па рускай мове.
Па размеркаванні Ніна Семянюк трапіла ў Жабінкаўскі раён. У Крыўляны яе прывёз шафёр з калгаса. Ёй знайшлі кватэру. Школы ў Крыўлянах да гэтага часу не было. Яе пабудавалі ў 1951-м – якраз да прыезду маладых настаўнікаў. Калі Ніна Фёдараўна праводзіла першыя заняткі, у будынку не было вокнаў і дзвярэй.
Пятнаццаць гадоў Ніна Семянюк выкладала ў Крыўлянскай школе рускую мову і літаратуру. З 1967-га гэтыя заняткі праводзіла Марыя Марковіч. “Нас у школе сабралася чатыры мовазнаўцы. Каб не спрачацца з-за гадзін урокаў, я паступіла на аддзяленне пачатковых класаў і скончыла навучанне ў 1966 годзе, – расказала Ніна Фёдараўна. – Мне падабалася працаваць з малышамі. Дзяцей усё жыццё любіла і люблю зараз. У пачатковых класах я выкладала з 1966-га па 1987-ы”.
Але Ніна Фёдараўна прызнаецца, што не заўсёды было лёгка. Даводзілася працаваць не толькі ў школе, але і ў калгасе. Так зараблялі корм для сваіх кароў. Часта прыходзілася наведваць вучняў дома. “Я баялася хадзіць па вечарах міма могілак. Муж мяне заўсёды сустракаў, – успамінае жанчына. – За дадатковую працу ніхто не плаціў. Але я ніколі не шкадавала, што выбрала гэтую прафесію”.
За свае заслугі Ніна Семянюк мае нагрудны знак “Выдатнік народнай асветы БССР”. У 1975 годзе ўзнагароджана знакам “Пераможца сацыялістычных спаборніцтваў”. Мае званне “Ветэран працы”.
У Крыўлянах жанчына абзавялася сям’ёй. Яна падарыла жыццё двум сынам. І сёння ў жанчыны шэсць унукаў і столькі ж праўнукаў.
“Трэба любіць сваю справу – і тады ўсё атрымаецца!” – такі жыццёвы дэвіз Ніны Семянюк. Маладым настаўнікам ёсць чаму павучыцца ў заслужанага педагога з Крыўлян.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*