“Галоўная каштоўнасць калектыву – людзі”

Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.
Летась у штогадовым конкурсе на званне лепшага кіраўніка сельскагаспадарчага прадпрыемства Брэсцкай вобласці дырэктар ААТ “Арэпічы” Павел Шыдловіч стаў лаўрэатам сярод маладых кіраўнікоў, якія займаюць гэтую пасаду не больш за пяць гадоў. Паводле рашэння Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза Паўлу Аляксандравічу была аб’яўлена падзяка і ўручана грашовая прэмія.

З 15-ці гадоў Павел прымаў удзел ва ўборачнай кампаніі ў калгасе “Радзіма”, якраз на пасаду старшыні тады быў прызначаны Барыс Парафянюк. Працаваў аператарам КЗС, памочнікам камбайнера, потым камбайнерам. Работу калгасную ведаў і любіў, а галоўнае – яму падабалася.
Пасля дзявятага класа (вучыўся ў першай гарадской школе) хлопец паступіў у Высокаўскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійна-тэхнічны каледж. Паспяхова скончыў яго і атрымаў спецыяльнасць тэхніка-механіка. Па размеркаванні трапіў у родны хмелеўскі калгас, дзе некаторы час працаваў загадчыкам майстэрняў. Павел вырашыў атрымаць вышэйшую адукацыю, удала здаў іспыты і стаў студэнтам Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Вучоба са скарочаным тэрмінам навучання па неперарыўнай інтэграванай сістэме прафесійнай адукацыі заняла ўсяго тры з паловаю гады. Атрымаўшы дыплом, малады спецыяліст вярнуўся на малую радзіму. Далейшая яго працоўная дзейнасць звязана з СВК “Якаўчыцы”, дзе быў прызначаны на пасаду галоўнага інжынера. У гэты час Павел атрымаў другую вышэйшую адукацыю: прайшоў перападрыхтоўку па спецыяльнасці “Правазнаўства” (кваліфікацыя “юрыст”) на базе філіяла БДУ ў Брэсце. Пасля далучэння гаспадаркі да ААТ “Жабінкаўскі” рупіўся начальнікам вытворчага ўчастка № 2 “Якаўчыцы”, начальнікам цэха механізацыі гэтага ж участка, пасля – галоўным інжынерам “Жабінкаўскага”.
У 2014 годзе Павел Шыдловіч быў прызначаны на пасаду старшыні СВК “Арэпічы”. Летась гаспадарка стала адкрытым акцыянерным таварыствам, а 20 кастрычніка да яе далучылі ААТ “Шпіталі”.
У размове Павел Аляксан-дравіч адзначыў, што з далучэннем суседняй гаспадаркі клопатаў стала больш. Так, значна ўзрасла колькасць зямельных плошчаў. Цяпер у таварыстве 4957 гектараў сельгасугоддзяў, з іх 4100 гектараў – ворыва. Як і раней, “Арэпічы” спецыялізуюцца на вырошчванні бульбы, зай-маюцца яе сортаабнаўленнем. Сёлета плануюць заняць гэтай культурай меншыя плошчы, каб на вызваленых пасадзіць цукровыя буракі. Мяркуецца, што іх вырошчванне таксама дасць добры прыбытак.
Асноўны ж даход гаспадарцы прыносіць малако. Яго вытворчасць у студзені павялічылася на 11 %, надой на адну карову – на 10 %, рэалізацыя – на 12 %. Да 100 % малака, якое атрымліваюць у сельгаспрадпрыемстве, мае гатункі “экстра” і вышэйшы, яно ідзе на “Савушкавы прадукт”. Усім вядомая ісціна: як рагулю накорміш, такую і аддачу будзеш мець. Кармам у “Арэпічах” надаецца вялікая ўвага. Таму для папаўнення бялковага запасу кармоў, роўнага балансу сенажу і сіласу, тут актыўна сеюць бабовыя культуры – люцэрну і канюшыну.
Фарміраванне дойнага статка, які зараз налічвае 1400 галоў, пачынаецца з маленькіх цялятак. Яны тут накормленыя, утрымліваюцца ў цяпле. За тры гады з цяляці вырастае карова, здольная даваць прыбытак. Летам надой на адну рагулю складаў амаль 20 літраў, зараз крыху менш – 18. У ААТ “Арэпічы” ёсць розныя фермы – тыя, што патрабуюць рэканструкцыі і сучасныя, такія, напрыклад, як “Вярхі”. Яе даяркі – лідары па заработнай плаце ў гаспадарцы, у сярэднім яна дасягае 1400 рублёў у месяц. Сам Павел Шыдловіч лічыць: каб атрымліваць такія грошы, патрэбна кожны дзень быць зацікаўленым у выніках сваёй работы.
У планах кіраўніка – падняць заробак працаўнікам сельгас-прадпрыемства як мінімум на 100 рублёў (летась сярэдняя заработная плата склала ўсяго 551 рубель, значна пацягнулі ўніз гэты паказчык нізкія заробкі далучанага ААТ “Шпіталі”).
У аб’яднанай гаспадарцы ААТ “Арэпічы” працуе 219 чалавек. У ёй шмат работнікаў, якія даўно тут рупяцца, маюць багаты вопыт і з’яўляюцца прыкладам для іншых. Сярод такіх трактарыст-машыніст Аляксандр Дубіна, загадчык фермы “Вярхі” Людміла Шапятунка, цялятніца Наталля Дулевіч і многія іншыя. Што тычыцца ветэрынарнай, заатэхнічнай і інжынернай службаў, то тут таксама працуюць спецыялісты з вялікім вопытам работы. Чакае дырэктар таварыства прыходу ў калектыў маладых кадраў, якія вельмі патрэбныя. Для гэтага навучаюць сваіх, мясцовых. “Каб юнакі і дзяўчаты заставаліся жыць і працаваць на вёсцы, для іх патрэбна ствараць належныя ўмовы, – лічыць Павел Шыдловіч. – Галоўная каштоўнасць нашага ды і любога калектыву – гэта людзі. Нічога не атрымаецца без іх самаадданай працы, добрасумленных адносінаў да справы, якой зай-
маюцца, любові да зямлі і родных мясцін, дзе нарадзіліся і выраслі. Толькі разам і сумеснымі намаганнямі можна дасягнуць пэўных вынікаў. Прыклад таму – трэцяе месца ў раённых спаборніцтвах сярод сельскагаспадарчых арганізацый на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, якое заваявалі летась. Будзем імкнуцца, каб нашы перамогі толькі множыліся”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.