Час выбраў іх – адважных, маладых…

Час выбраў іх – адважных, маладых…

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
15 лютага – Дзень памяці аб тых, хто выканаў свой воінскі доўг за межамі Бацькаўшчыны. Менавіта ў гэты дзень у 1989 годзе апошні савецкі салдат пад кіраўніцтвам генерала Барыса Громава пакінуў афганскую зямлю. Памяць пра тую вайну па-ранейшаму адгукаецца болем у сэрцах родных і блізкіх тых, хто самааддана і мужна змагаўся з ворагам і трагічна загінуў у час бою.

Жабінцы ў Дзень памяці воінаў-інтэр-нацыяналістаў адбыліся два значныя мерапрыемствы, звязаныя з гэтай шчымлівай датай. Спачатку ў райвыканкаме прайшла сустрэча кіраўніка раёна Дзмітрыя Гарадзецкага з актывам раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. За круглым сталом сабраліся яе старшыня Аляксандр Яўстратаў, воіны-афганцы Сяргей Касянчук, Мікалай Сідзякоў, Аляксандр Карнялюк, Юрый Лабадзінскі, Аляксандр Мендзяльчук, Васіль Наруш, начальнікі некаторых аддзелаў райвыканкама, прадстаўнікі ваенкамата, раённай бальніцы, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і прэсы.
Дзмітрый Мікалаевіч адзначыў, што ўжо стала традыцыяй збірацца ў фармаце круглага стала і абмяркоўваць набалелыя пытанні. Кіраўнік раёна далажыў прысутным, што зроблена па тых, якія ўзнімаліся воінамі-афганцамі год назад. Акрамя таго, Дзмітрый Мікалаевіч нагадаў, што летась да Жабінкі былі далучаны Курпічы, Здзітава, Шчэглікі і Сцяброва, райцэнтр прырос больш як на тысячу жыхароў; ажыццёўлены рамонт пуцеправода праз чыгунку на вуліцы Кірава; да раённых “Дажынак” добраўпарадкаваны аграгарадок Ленінскі; адчыніўся магазін “Санта” (створана 40 працоўных месцаў); жабінкаўцы адзначылі 200-годдзе роднага горада і 75-годдзе драмлёўскай трагедыі. Старшыня райвыканкама засяродзіў увагу і на тым, што плануецца ажыццявіць сёлета. У планах – пабудаваць ачышчальныя збудаванні; увесці ў эксплуатацыю завод па вытворчасці прэміксаў, суперканцэнтратаў і камбікармоў, дзе мяркуецца стварыць 60 рабочых месцаў, і дом па праекце “Сацыяльнае жыллё”, які будуецца за кошт сродкаў кітайскай тэхнічнай дапамогі; ажыццявіць капітальны рамонт ясляў-сада № 4; прадоўжыць рамонт спарткомплексу “Бадзёрасць”; узняць на больш высокі ўзровень умовы адпачынку ў гарадскім парку. У 2020 годзе плануецца адкрыццё храма ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага, да гэтага часу мяркуецца закончыць добраўпарадкаванне паркавай зоны ля помніка загінулым воінам-інтэрнацыяналістам.
Пытанні, якія ўзнялі падчас размовы госці сустрэчы, тычыліся асфальтавання вуліц у Курпічах, адкрыцця дзіцячага кафэ ў Жабінцы, добраўпарадкавання дваровай тэрыторыі каля дома № 30 на вуліцы Цэнтральнай, абуладкавання дзіцячай горкі для спуску на санках. Кіраўнік раёна даў на іх адказы і тлумачэнні.
Затым удзельнікі сустрэчы перамясціліся да помніка воінам-інтэрнацыяналістам, дзе ў 11 гадзін пачаўся ўрачысты мітынг-рэквіем “Час выбраў вас”. Нягледзячы на марознае надвор’е, аддаць даніну памяці героям неаб’яўленай Афганскай вайны сабралася нямала прадстаўнікоў розных устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый, грамад-скіх аб’яднанняў, а таксама школьнікаў.
Адкрываючы мі-тынг, старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі сказаў:
– Сёння наша краіна ўспамінае герояў, якія з гонарам выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак. 29 гадоў назад савецкія войскі пакінулі межы Афганістана, на тэрыторыі якога афіцэры і салдаты праяўлялі бяспрыкладную стойкасць і мужнасць. 9-гадовая Афганская вайна забрала жыцці 15 тысяч савецкіх воінаў, прынесла шмат гора і ў беларускія сем’і. 30 тысяч нашых суайчыннікаў ваявалі ў Афганістане, амаль 800 з іх загінулі, дзясяткі лічацца прапаўшымі без вестак. Таму для кожнага з нас 15 лютага – дзень памяці пра сыноў Беларусі, якія цаной уласнага жыцця пацвердзілі вернасць прысязе і воінскаму абавязку. Мы схіляем галовы перад мужнасцю герояў і падзяляем боль бацькоў, удоў і дзяцей, чые сыны, мужы і таты не вярнуліся з зон лакальных канфліктаў. Гэта наш агульны боль і вялікая страта.
Дзмітрый Мікалаевіч адзначыў: сімвалічна, што ў 2019-м наша краіна адзначыць 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 30-годдзе вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Гэтыя знакавыя гістарычныя даты, на думку выступоўцы, павінны яшчэ больш аб’яднаць наша грамадства перад трывожнымі выклікамі сучаснасці.
Затым слова трымаў старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Аляксандр Яўстратаў. Ён павіншаваў сяброў-аднапалчан са знамянальнай датай і шчыра пажадаў усім міру, дабра, моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.
– Беларусь шмат гадоў не ведае, што такое вайна, і мы павінны гэта цаніць, – сказаў Аляксандр Веціслававіч.
Начальнік адасобленай групы (Жабінкаўскага раёна) ваеннага камісарыята Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў, падпалкоўнік Аляксей Пятроў, звяртаючыся да ветэранаў вайны ў Афганістане, заўважыў:
– Ваш баявы і грамадзянскі вопыт неабходны ў выхаванні падрастаючага пакалення. Прайшоўшы праз цяжкія выпрабаванні, вам удалося захаваць пачуццё армейскага таварыства, дух баявога брацтва. Дзякуй вам за тое, што вы і зараз праводзіце патрыятычную работу па выхаванні нашай моладзі.
Падчас урачыстага мерапрыемства прагучалі імёны нашых землякоў, якія не вярнуліся з Афганскай вайны, сумленна і мужна выканаўшы свой грамадзянскі абавязак: Валерыя Мігеля, Мікалая Мароза і Васіля Дудара. Час выбраў іх – адважных, маладых. Вайна, якая забрала жыцці смелых хлопцаў, даўно скончылася, але боль страты – гэта жывы боль, ён на ўсё жыццё ў душах і сэрцах іх родных.
Напрыканцы мітынгу-рэквіема прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскасці ўсклалі вянкі і кветкі да помніка загінулым воінам-інтэрнацыяналістам. Вечная памяць і вечны спакой героям!

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*