Наталля ВАЛОШКА.
Традыцыйна напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў ладзяцца сустрэчы кандыдатаў у дэпутаты з выбаршчыкамі. Адна з іх адбылася нядаўна ў гарадскім Доме культуры. У жабінкаўцаў, якія прыйшлі на сустрэчу, была магчымасць пазнаёміцца з праграмамі кандыдатаў у дэпутаты, даведацца больш пра іх саміх. Першым выступіў кандыдат у дэпутаты Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў 28 склікання па Жабінкаўскай выбарчай акрузе № 30 Віктар Міронаў. Віктар Рыгоравіч адзначыў, што мы жывем у няпросты час, але праблем, якія ўзнікаюць, не трэба баяцца – іх трэба вырашаць. Складанасці маюцца і ў сельскагаспадарчых таварыствах, і на прадпрыемствах, і на цукровым заводзе ў тым ліку, але яны падштурхоўваюць кіраўнікоў да аналізу і дзейнасці. “Неабходна працаваць для людзей, паляпшаць умовы іх жыцця і працы, клапаціцца, каб работнікі атрымлівалі дастойную заработную плату”, – рэзюмаваў генеральны дырэктар цукровага завода.
Затым прысутныя заслухалі выступленне Вадзіма Скачыкоўскага – кандыдата ў абласны Савет дэпутатаў і ў раённы ад Першамайскай выбарчай акругі № 9. “Ад работы чыгункі залежыць работа і сельскай гаспадаркі, і прамысловасці – яны цесна ўзаемазвязаны, – сказаў Вадзім Аляксеевіч, які працуе намеснікам начальніка па ідэалагічнай рабоце, кадрах і сацыяльных пытаннях Жабінкаўскай дыстанцыі пуці. – Таму наша задача – забяспечыць якасную дзейнасць чыгункі, прыслухоўваючыся да меркаванняў і пажаданняў жыхароў Жабінкаўшчыны”. Кандыдат у дэпутаты раённага Савета дэпутатаў па Каштанавай выбарчай акрузе № 3 Наталля Бялых падкрэсліла, што ў гэтай ролі выступае другі раз (раней была кандыдатам у Якаўчыцкі сельскі Савет). Наталлю Мікалаеўну як раённага педыятра хвалюе ў першую чаргу здароўе маленькіх і дарослых жабінкаўцаў, стан дарог у райцэнтры і бяспека дарожнага руху, а таксама правядзенне моладдзю вольнага часу. Дырэктар раённага гісторыкакраязнаўчага музея Жанна Падрубная – кандыдат у райсавет дэпутатаў ад Кастрычніцкай акругі № 11 – прыярытэтнымі накірункамі лічыць паляпшэнне ўмоў жыцця людзей і развіццё турызму ў нашым раёне. “Хацелася б, каб Жабінкаўшчыну наведвала больш турыстаў: як беларускіх, так і замежных. У нас шмат цікавых месцаў і маршрутаў”, – адзначыла Жанна Мікалаеўна. Працаваць на карысць раёна, быць адкрытай для жыхароў сваёй акругі і дапамагаць ім вырашаць праблемы – такі дэвіз кандыдата Жанны Падрубнай. Старшы прадавец магазіна № 15 “Прадукты” Ірына Казулька была абрана кандыдатам ад Зарэчнай акругі № 4. “Нашы пастаянныя пакупнікі не здрадзілі нам нават пасля адкрыцця магазіна “Санта”, – заўважыла Ірына Міхайлаўна. – Яны цэняць дабраякаснае абслугоўванне, увагу, наяўнасць зніжак для ўладальнікаў дысконтных картак”. Прысутныя даведаліся, што на папярэдніх выбарах Ірына Казулька была абрана дэпутатам райсавета дэпутатаў 27 склікання і на працягу чатырох гадоў аказвала дапамогу выбаршчыкам па меры сваіх магчымасцяў. Мікалай Шпакоўскі, кандыдат у дэпутаты ад Прамысловай акругі № 12, расказаў пра дзейнасць Жабінкаўскай ПМК-10, пра значэнне будаўніцтва для раёна, рэканструкцыю цукровага завода сіламі ПМК-10 і здачу арганізацыяй у мінулым годзе 60-кватэрнага дома. Абмеркавалі выступоўцы і мэтазгоднасць будаўніцтва дзіцячага сада ў райцэнтры. Затым кандыдаты ў дэпутаты адказалі на пытанні выбаршчыкаў і падзякавалі ім за аказаны давер, які яны будуць намагацца апраўдаць.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%