З дзiцячым гоманам праца спорыцца

З дзiцячым гоманам праца спорыцца

Святлана БЯЛЯК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Наталля Сізоненка – загадчык Якаўчыцкага дзіцячага сада. Яна, бадай, самы малады кіраўнік дашкольнай установы, што не перашкаджае ёй быць паспяховай, патрабавальнай да сябе і іншых, любіць чужых дзетак, як сваіх, спраўляцца з абавязкамі, ісці ў нагу з часам.
…Наталля Міхайлаўна родам з Гомельшчыны. У школе добра вучылася, выдатна ведала некалькі моў (часта бывала за мяжой), таму, як і многія аднакласніцы, хацела звязаць свой лёс з перакладчыцкай дзейнасцю. Бацькі, бабуля і яшчэ некалькі родных раілі ёй стаць настаўніцай – працягваць дынастыю сям’і, вучыць і выхоўваць падрастаючае пакаленне. Наталля ўрэшце пагадзілася, аднак толькі напалову – пайшла вучыцца на выхавальніка дашкольных устаноў. Далей “сцэнарый”, як у большасці студэнтаў: падчас вучобы сустрэла маладога чалавека, які ў хуткім часе стаў любячым мужам, аказаўся надзейным сем’янінам і выдатным татам. На апошнім курсе згулялі вяселле і па размеркаванні ўдваіх адправіліся будаваць сваё шчасце на Жабінкаўшчыну. Наталля Міхайлаўна пачала працаваць выхавальнікам у Якаўчыцкім дзіцячым садзе.
– Даволі хутка ўлілася ў невялікі і дружны калектыў, – узгадвае Наталля Сізоненка. Асабліва захаплялі дзеці – цікаўныя, непасрэдныя, жвавыя. Заўжды з задавальненнем рыхтавала для іх і з іх удзелам музычныя ранішнікі, развучвала песенькі і вершы.
У 2003 годзе Наталлю Міхайлаўну назначылі загадчыкам дзіцячага сада. Кола абавязкаў вырасла ў разы, а з ёю і адказнасць за кожнага выхаванца. Вельмі радаваліся, калі вёска Вялікія Якаўчыцы набыла статус аграгарадка, таму што дзіцячы сад капітальна адрамантаваўся, была набыта новая мэбля.
Садзік наведваюць малышы з Якаўчыцаў, Мацеевічаў, Кардоў, Залуззя, Пруска, а апошнія некалькі гадоў – і з Жабінкі, калі адчуўся востры недахоп месцаў у гарадскіх садах. Цяпер у ім налічваецца 40 хлопчыкаў і дзяўчынак, самаму юнаму, Сямёну Касянкову, нядаўна споўніліся тры гадкі.
Калектыў работнікаў дзіцячага сада налічвае 16 чалавек. З дзецьмі, пакуль іх бацькі працуюць, у дзвюх групах займаюцца развіццём і выхаваннем Таццяна Свіціч, Зінаіда Сацук, Ірына Дылюк, Валянціна Ліннік. З горада ў пэўныя гадзіны да малых прыязджаюць музычны кіраўнік Наталля Прылуцкая, фізічны кіраўнік Анжэла Пігулеўская. Апетытныя баршчы і катлеты дзецям гатуе повар Васіліна Нефядзюк.
– Выхавацелі пастаянна клапоцяцца, каб малечы было цікава ў садзе, – кажа Наталля Міхайлаўна. – У нас створана нядрэнная база настольных і развіваючых гульняў, ёсць свой музей камянёў, жыве хамяк, перыядычна з’яўляецца любімец малых – гаманлівы папугай. Вельмі спадзяемся, што ў двары дзіцячага сада нарэшце з’явяцца сучасныя арэлі, якіх малым так не хапае, каб бавіць час на свежым паветры.
Выхавальнікі ўдзельнічаюць у раённых мерапрыемствах – педагагічных чытаннях, энергамарафоне і інш. Летась выхавацель Святлана Андраюк атрымала дыплом ІІІ ступені раённага конкурсу рэкламных праектаў “Чытаем актыўна – творым крэатыўна”. Другі год запар калектыў Якаўчыцкага сада займае прызавыя месцы за стварэнне спрыяльных умоў сярод вясковых дашкольных устаноў, а таксама ў раённым этапе конкурсу па асновах бяспекі жыццядзейнасці “Бяспечнае дзяцінства”.
– Вядома, хочацца абнавіць матэрыяльна-тэхнічную базу, шмат чаго набыць у садзік. Ад раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму атрымалі прас, пыласос, некалькі камплектаў пасцельнай бялізны. Зразумела, просім і ў бацькоў спонсарскай дапамогі – яны адгукаюцца.
А дзеці – народ цікаўны і суперсучасны. Ім ужо не кніжку з малюнкамі, а планшэт падавай (сэнсарны тэлефон таксама падыдзе). Зараз, калі ў раёне ўкараняецца праект “Электронная школа”, мо, і дашкольнікаў сучасныя тэхналогіі навучання закрануць? “Электроннае меню” ў вясковым садзе ўжо прыжылося… Гучыць неверагодна, аднак у наш век інфармацыйных тэхналогій магчыма ўсё.
…Працоўны дзень Наталлі Міхайлаўны поўніцца дзіцячым гоманам. Без гэтых “званочкаў” жыцця і не ўяўляе. Не-не ды і зазірне ў групы да маленькіх “чамучак”. Асабліва яе прыходу радуюцца самыя юныя выхаванцы, бо гэта азначае, што хутка ехаць да мамы (загадчык жыве ў Жабінцы і двойчы на дзень суправаджае гарадскіх выхаванцаў у садзік і дадому).
Пасля працоўнага дня дома Наталлю Міхайлаўну чакаюць муж і дзеці: васьмікласніца Алена, танцорка, актывістка і ўпрыгажэнне любой кампаніі, і ліцэіст Сяргей, які марыць стаць праграмістам. Наталля стараецца парадаваць родных людзей чым-небудзь смачненькім, а ў вольны час пляце цуды з бісеру.
Ёсць у Наталлі Сізоненка і запаветная мара: паехаць у Санкт-Пецярбург, пагуляць па яго прыгожых вуліцах.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*